Вы тут

Споўнілася 10 гадоў, як пайшоў з жыцця рэжысёр Леанід Нячаеў


Ён марыў стварыць цэлую энцыклапедыю сусветных класічных казак, але амаль кожны свой фільм ледзь прабіваў праз заслоны цэнзуры.


Цягам 17 гадоў ён працаваў на «Беларусьфільме» і за гэты час зняў 9 стужак для дзяцей, у тым ліку тыя, якія гледачы дагэтуль называюць найлепшымі: «Пра Чырвоную Шапачку», «Прыгоды Бураціна», «Рыжы, сумленны, закаханы», «Прададзены смех», «Казка пра Зорнага хлопчыка», «Пітэр Пэн», «Не пакідай...»

Сказана!

«Гэта проста свята нейкае!» (Карабас-Барабас, «Прыгоды Бураціна».)

«А хто спрабаваў з'есці слана?» (Тоўсты Воўк, «Пра Чырвоную Шапачку».)

«Таямніца — гэта для душы, а ты ўсё да страўніка прыладжваеш». (Людвіг, «Рыжы, сумленны, закаханы».)

«З усіх выбухаў я прызнаю толькі выбух смеху». (Настаўнік, «Прададзены смех».)

«Раней я лічыла, што мудрасць — гэта як справядлівасць, а цяпер лічу, што мудрасць — гэта як мае шторы, больш падобная да асцярожнасці...» (Сава, «Рыжы, сумленны, закаханы».)

У скарбонцы яго ўзнагарод — Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэрацыі, якая дапамагла пратрымацца фінансава ў 90-х, і прыдуманы дзецьмі Зеленаградска ордэн Бураціна, які падтрымліваў маральна ў самыя складаныя перыяды і дапамагаў верыць, што яго казкі любяць і чакаюць.

Апошні яго фільм — бюджэтная «Дзюймовачка» — выйшаў у 2007-м. Рэжысёр асабіста прадстаўляў яго ў Мінску і Віцебску на кінапраграме «Славянскага базару», наракаў, што казкі сёння нікому не патрэбныя, а ў ролі новых казачных герояў, напрыклад, у так і не зробленым фільме «Ямеля», спонсары прапанавалі яму здымаць Цімаці...

І ўсё ж у памяці самай шчырай публікі — дзіцячай — ён застаўся як добры чараўнік, які ўмеў «стварыць натуральны асяродак» і знайсці падыход абсалютна да ўсіх маленькіх акцёраў на здымачнай пляцоўцы, які адразу «бачыў» сваіх герояў сярод дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчат на кастынгу і нават проста ў натоўпе, і яшчэ які здымаў не проста казкі, а музычныя, кожная песня з якіх станавілася хітом.

Дарослыя ж цанілі ў работах рэжысёра фірменную хітрынку, умела схаваную паміж радкоў іронію і сацыяльны падтэкст, ды яшчэ адсутнасць маралізатарства: у Нячаева не было адназначна «чорных» і «белых» персанажаў, а зло часта тлумачылася не жаданнем пакрыўдзіць дабро, а адсутнасцю любові. Ці не за ўсё гэта мы любім яго фільмы дагэтуль?

Фота vоkrug.tv

Ці ведаеце вы, што...

У фільме «Прыгоды Бураціна» гучаць песні на вершы Булата Акуджавы «На дурня не патрэбны нож» і «Не хавайце вашы грошыкі».

Самыя ўдалыя гісторыі Леанід Нячаеў зрабіў разам з кінадраматургам Інай Веткінай, з якой яны былі ў той час суседзямі па доме, — напрыклад, сцэнарый фільма «Пра Чырвоную Шапачку» творчаму тандэму ўдалося напісаць усяго за два тыдні.

Бронзавы ключык Бураціна, пафарбаваны «пад золата», пасля завяршэння здымак рэжысёр выкупіў у студыі за 30 рублёў.

У адной са сцэн «Чырвонай Шапачкі» галоўная гераіня весела бегае пад праліўным дажджом. «Пралівалі» яго з машыны, якая чэрпала ваду з возера, а на вуліцы ў гэты дзень была нулявая тэмпература... У выніку Яна Паплаўская і яе партнёр, Паляўнічы — Ралан Быкаў, абодва захварэлі на запаленне лёгкіх.

Славутыя дарослыя акцёры з задавальненнем пагаджаліся на «несур'ёзныя» ролі ў дзіцячых фільмах Нячаева. Напрыклад, Мікалай Трафімаў, які сыграў не толькі Тоўстага Ваўка ў «Чырвонай Шапачцы», але і сабаку Максімільяна ў «Рыжым, сумленным, закаханым», потым пісаў рэжысёру: «Я твой верны сабака, я твой жудасны воўк, я твой абсалютны раб — люблю і веру...»

Толькі некаторыя дзеці — героі нячаеўскіх казак абралі кіно і тэатр у якасці дарослай прафесіі — напрыклад, Дзяніс Зайцаў, які сыграў лісяня Людвіга ў «Рыжым, сумленным, закаханым», служыць у Санкт-Пецярбургскім тэатры камедыі і здымаецца ў кіно, сёстры-блізняты Ксенія і Паліна Куцепавы іграюць у тэатры «Майстэрня Пятра Фаменкі» і таксама шмат здымаюцца, Бураціна Дзяніс Іосіфаў — вядомы акцёр і рэжысёр кіно.

Загаловак у газеце: Апошні чараўнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».