Вы тут

Як праводзіцца эканамічная экспертыза?


Калісьці ў фільме «Варашылаўскі стралок» прагучала цікавая фраза — «Любое злачынства мае фінансавы след». Эканамічная дзейнасць, на жаль, не заўжды бывае цалкам сумленная. І калі здараецца нешта, што прыцягвае ўвагу праваахоўных органаў, то часцяком у дзеянне ўступае эканамічная экспертыза. Як жа яна праводзіцца? Пра гэта нам расказаў Сяргей Пахомаў, начальнік аддзела фінансава-эканамічных экспертыз цэнтральнага апарата ДКСЭ.


— Як часта прызначаюцца такія даследаванні?

— У параўнанні з судова-медыцынскімі і генетычнымі экспертызамі яны не на слыху, але некалькі соцень на працягу года мы рэгіструем па ўсёй рэспубліцы. Можна выдзеліць асноўныя кірункі, па якіх патрабуюцца спецыяльныя веды ў галіне эканомікі. Гэта справы, звязаныя з крымінальным банкруцтвам, злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі адказных асоб прадпрыемстваў, спагнаннем шкоды, нанесенай матэрыяльна адказнымі асобамі; са справамі аб ухіленні ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці...

Далёка ідучых высноў аб матывах дзейнасці асоб мы не можам рабіць. Але зыходзячы з таго, што мы бачым па дакументах, — вельмі часта ўласнікі прадпрыемстваў, якія ідуць на дно, імкнуцца вывесці сваю маёмасць. А гэта непарыўна звязана з тым, што церпяць інтарэсы крэдытораў, якім трэба плаціць па даўгах, — банкам, іншым арганізацыям, якія паставілі нейкае абсталяванне.

— Ці становяцца прадметам экспертызы так званыя «ланцужкі неплацяжоў»?

— На жаль, гэта праблема апошніх пяці-шасці гадоў. Пік яе быў у 2015—2016-м, калі арганізацыі сутыкнуліся з крызіснымі з'явамі ў эканоміцы. А вось, так бы мовіць, нестарэючая класіка — гэта ўхіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Плацяжы па судовых пастановах маюць прыярытэтную чарговасць, але... грошы бок, які прайграў, не сплачвае. Аднак не трэба абагульняць усе выпадкі. Некаторыя прадпрыемствы не могуць з аб'ектыўных прычын разлічыцца па даўгах. Тут, магчыма, і складу правапарушэння няма: калі няма грошай, то дзе іх узяць? Але часта адкрываюцца новыя рахункі. Пакуль арганізацыі-крэдыторы не пачалі спаганяць даўгі праз судовых выканаўцаў, пачынаюцца вывад грашовых сродкаў, выплаты афіляваным арганізацыям... Гаворка часам ідзе пра мільёны рублёў — усё залежыць ад маштабу дзейнасці. Гэта і паказвае на тое, што, цалкам імаверна, тут ёсць склад правапарушэння. А наша задача — гэта высветліць.

— Ці было так, што ў даўжніка заставалася, умоўна кажучы, адно крэсла і адзін стол?

— Не так і рэдка. Гэта характэрна для многіх дробных арганізацый, дзе ўласнік не жадае рызыкаваць сваёй маёмасцю. Часта бачым, як арганізацыі, належным чынам не праверыўшы свайго контрагента на надзейнасць, пачынаюць з ім фінансавыя аперацыі.

— З чым часцей за ўсё звязаныя эканамічныя экспертызы?

— Лідзіруюць экспертызы па справах, звязаных з крымінальным банкруцтвам і ўхіленнем ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Крыху менш даследаванняў мы робім па справах, якія датычацца матэрыяльнай адказнасці. Яна надыходзіць па выніках інвентарызацыі і высвятлення памераў нястач. І тут можа быць вельмі шмат «але». Напрыклад, следства не так даўно прызначыла нам экспертызу па прадпрыемстве, якое займаецца выпускам кілбасных вырабаў. І там выявілася даволі істотная нястача сыравіны. Пытанняў, на якія трэба адказаць, каб дакапацца да сутнасці справы, — вельмі шмат. Першае — з-за чаго ўтварылася гэтая недастача? Дзесьці недагледзелі матэрыяльна адказныя асобы або прычына палягае ў нечым іншым? А калі так, то дзе «корань» гэтага іншага? Колькі сыравіны ідзе згодна з тэхналагічным працэсам на прыгатаванне прадукцыі? Ці былі ўсушка, утруска? І ўсе гэтыя акалічнасці будуць у рэшце рэшт уплываць на заключэнне эксперта.

Была ў нас вельмі цікавая экспертыза. Звязана яна была з сістэмай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А дакладней кажучы, з нястачай у адной матэрыяльна адказнай асобы вялікай колькасці дроў. Гэтая нястача ўтварылася за некалькі гадоў і дасягнула такіх памераў, што ў дзень трэба было б вывозіць ледзь не па грузавой машыне гэтых самых дроў. Эксперт, аднак, не здолеў пацвердзіць або абвергнуць факт нястачы з-за таго, што падчас правядзення даследавання выявілася вельмі цікавая акалічнасць. У населеным пункце, дзе закруцілася гэтая гісторыя, было ажно дзесяць пунктаў, дзе захоўваліся дровы. І за ўсе гэтыя дзесяць пунктаў адказваў адзін чалавек. Але як гэта ўвогуле рэальна? Па сутнасці, атрымлівалася, што супрацоўнік, за якім былі «замацаваны» тыя дровы, на працягу ўсяго рабочага дня мусіў інспектаваць месцы іх захоўвання. А калі выконваць іншыя абавязкі, прапісаныя ў кантракце? Таму пытанні, у сваю чаргу, узніклі ўжо да таго, як быў арганізаваны рабочы працэс. І справа перацякла ў іншую, падчас якой пракуратура спаганяла ўрон ужо не з матэрыяльна адказнай асобы, а з кіраўніцтва прадпрыемства.

— Ці актуальна пытанне так званага «звышзаробку» — калі нядобрасумленныя кіраўнікі прадпрыемстваў штучным шляхам завышаюць сабе суму ў разліковым квітку?

— На жаль, такія экспертызы сустракаюцца перыядычна. І адна з іх скончылася не так даўно. Кіраўніцтва арганізацыі рабіла маніпуляцыі з пэўнымі паказчыкамі ў статыстычных справаздачах. Як вынік — неабгрунтавана завышаліся выплаты стымулюючага характару і сума бонусаў. У такіх выпадках гаворка можа ісці пра даволі буйныя сумы. На аднаго работніка даходзіла да дзясяткаў тысяч рублёў, але калі ў злачынную схему ўцягнута шмат людзей, то і канчатковая сума ўрону таксама нашмат вышэйшая.

— Нельга абысці пытанне камандзіровак...

— Часцей за ўсё ў спрэчкі з работадаўцам уступаюць дальнабойшчыкі. Справа ў тым, што ў кіроўцаў-міжнароднікаў сумы камандзіровачных, як правіла, вымяраюцца тысячамі рублёў толькі ў дачыненні да аднаго работніка. Але акрамя сутачных, у гэтых кіроўцаў ёсць і маса іншых затрат. Напрыклад, цяпер уведзена адзіная выплата. Дзе будзе спаць дальнабойшчык — у гасцініцы з камфортам або ў кабіне, — гэта ён ужо вырашыць сам. А раней датычна расходаў на пражыванне была проста маса канфліктаў. Акрамя таго, узнікалі рознагалоссі датычна расходаў на запраўку палівам. Кіроўцам выдаюцца для гэтага вялікія грошы, але прысвоіць іх ён не мае права. І здавалася б: дзе тут можна «схітрыць», калі нормы расходу даўно вядомыя, ды і трасы праезджаны не адну сотню разоў, — але некалькі разоў мы сутыкаліся з падробленымі дакументамі справаздачнасці. Існуюць краіны, дзе іх можна набыць проста на запраўках. Вось толькі прага да эканоміі мае вялікія шанцы абярнуцца супраць самога кіроўцы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Грошы не пахнуць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».