Вы тут

Таццяна Краўчанка: Цяпер я вельмі шчаслівая!


«Высокія імкненні гэтых людзей не суадносяцца з канонамі сучаснага прагматычнага свету, дзе ўсё прадаецца і купляецца, а мараль і справядлівасць не каштуюць нічога. Сваімі справамі і ўчынкамі яны замацоўваюць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню думак», — так Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра тых, хто атрымаў сёлета прэмію «3а духоўнае адраджэнне». Падчас урачыстага мерапрыемства на сцэну падняліся і прадстаўнікі грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў». Арганізацыя атрымала высокую ўзнагароду за значную работу па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы шматдзетных сем'яў, рэалізацыю гуманітарных праектаў «Конкурс на найлепшую шматдзетную сям'ю», «Мінскі гарадскі форум маці», тэлепраекта «Родныя людзі». Таццяна КРАЎЧАНКА, старшыня асацыяцыі, была сведкай станаўлення гэтай арганізацыі. Яна расказала нашаму карэспандэнту, як зараджалася сяброўства паміж шматдзетнымі, як яны дапамагалі адно аднаму і разам мянялі стаўленне грамадства.


— Наша арганізацыя зарадзілася амаль 28 гадоў таму. Я засталася адна з дзецьмі якраз тады, калі дзяржава перастала аказваць падтрымку вялікім сем'ям. 1992 год — цяжкі час для ўсіх. Памятаю, хлеб быў па талонах... Нашай сям'і можна было атрымаць два батоны. А што мне былі тыя два батоны на пяцярых дзяцей? Раз на тыдзень магла атаварыцца ў краме як шматдзетная — з таго, што там было. Але не было нічога! І вось у той няпросты час мая мама сарвала са слупа аб'яву, у якой запрашаліся на сход актыўныя шматдзетныя сем'і. І я пайшла. Вось там і стварылася наша арганізацыя. Тады я жыла ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Мы з іншымі бацькамі прыйшлі ў адміністрацыю раёна, і яны нас падтрымалі, параілі з'ездзіць у Наваполацк, дзе існавала падобная арганізацыя. Азнаёміліся з іх досведам і ўжо тут, у Мінску, стварылі статут і абралі старшыню. Ёй стала я. Тады мы не прымалі ў арганізацыю сем'і з трыма дзецьмі, бо вельмі шмат бацькоў выхоўвала па 10—15 дзяцей. Да таго моманту, пакуль не быў прыняты Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Неўзабаве да нас сталі прасіцца сем'і з іншых раёнаў, і мы пачалі пашырацца.

— Чаму людзі хацелі ўступаць у вашу арганізацыю?

— Па-першае, мы стараліся дапамагаць адно аднаму, а па-другое, шукалі спонсараў, і нам удавалася іх знайсці. У той час у нашу краіну паступала шмат гуманітарнай дапамогі. Што мы толькі не рабілі!.. Звярталіся і на птушкафабрыку, і на маргарынавы завод, і нават на фарфоравы завод — па посуд. Дзякуй богу, той перыяд мы перажылі.

— Як у той час ставіліся да шматдзетных?

— Вельмі адмоўна. Лічылася, што ўсе шматдзетныя дакладна няшчасныя. Не толькі звычайныя людзі глядзелі на такія сем'і з асуджэннем, але гэта ішло і ад чыноўнікаў. Нарадзілі — спраўляйцеся самі, казалі яны. Але мы ж нараджалі ў адной краіне — СССР, а выхоўвалі ўжо ў іншай. Было цяжка чалавеку нават аднаму выжыць, а як вялікай сям'і?.. І тады нашай задачай стала не толькі дапамагчы шматдзетным, але і памяняць стаўленне грамадства да іх. Мы пачалі праводзіць конкурсы на найлепшую сям'ю, спартыўныя мерапрыемствы і ўсё тое, што сёння праходзіць ужо на ўзроўні краіны, каб паказаць людзям, што шматдзетныя — не няшчасныя. Першыя, ад каго атрымалі падтрымку, — адміністрацыя Фрунзенскага раёна, які і сёння слаўны колькасцю шматдзетных сем'яў. Потым ужо бліжэй сталі супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі. Я не кажу, што сярод шматдзетных няма неўладкаваных сем'яў. Але нельга казаць так пра ўсіх.

— Вы сказалі, што пасля развалу СССР чыноўнікі ставіліся да шматдзетных, мякка кажучы, насцярожана. Як змянілася гэта стаўленне сёння?

— Змянілася вельмі. У першую чаргу з-за дэмаграфічнай сітуацыі — насельніцтва старэе... Кіраўнік дзяржавы звярнуў на гэта асаблівую ўвагу, і тады нас пачалі актыўна падтрымліваць. Цяпер існуе дапамога пры будаўніцтве жылля, павялічваецца памер дзіцячай дапамогі, сталі зноў узнагароджваць Ордэнам маці, ёсць і іншыя льготы для шматдзетных. Як толькі змянілася стаўленне да шматдзетных «наверсе», адразу пачало падцягвацца і грамадства. Цяпер і сярод саміх чыноўнікаў з'явіліся шматдзетныя бацькі. Шматдзетным быць ужо не сорамна.

— Але, на ваш погляд, чаму ўсё ж нараджальнасць у краіне пакідае чакаць лепшага?

— Па-першае, таму, што няма каму нараджаць. З 1990-х да 2000-х мала хто нараджаў. Сустрэць на вуліцы цяжарную жанчыну або жанчыну з каляскай было практычна немагчыма. Таму сёння мы пажынаем, па сутнасці, плады таго цяжкага часу. Другая прычына — у стаўленні моладзі, якая не спяшаецца нараджаць, ды і ўвогуле ствараць сем'і. Людзі сталі больш прагматычныя, думаюць пра кар'еру, грошы ці проста адкладаюць нараджэнне дзяцей на пазнейшы перыяд жыцця. Але маё глыбокае перакананне — дзеці кар'еры не перашкаджаюць, не варта баяцца нараджаць. У мяне было пяцёра, і гэта мне не перашкодзіла зрабіць кар'еру. Я нават у Савеце Рэспублікі папрацавала. Калі пачынала, малодшаму дзіцяці было ўсяго паўтара года... Цяжкасці будуць заўсёды і ў кожнай сям'і, але вялікая сям'я — гэта і вялікая падтрымка.

— Але многія лічаць, што з адным дзіцем лягчэй жыць, развівацца...

— Не згодна. Калі дзеці бачаць, што на бацькоў не «падае з неба», што яны шмат працуюць, каб нешта атрымаць, то і самі становяцца больш актыўныя. Што значыць адно дзіця? Бацькі ж не вечныя: сёння мы ёсць, заўтра — не, і як дзіця адно застанецца на зямлі? З іншага боку — і пра гэта не любяць казаць, — а калі што здарыцца з дзіцем? Вядома, спачатку з малымі цяжка. Памятаю, мне здавалася, што я ў тры змены працую. Але затое цяпер я вельмі шчаслівая. У суботу прыйшлі мяне павіншаваць тры сыны з сем'ямі, дачка... Наш тэлепраект «Родныя людзі», адзначаны Прэзідэнтам, якраз пра гэта. Дакументальныя дваццаціхвілінныя фільмы расказваюць пра жыццё канкрэтнай шматдзетнай сям'і. Наша мэта паказаць, што гэта такое, — каб моладзь убачыла вялікую сям'ю, яе радасці, дасягненні, праблемы... Сёння, дарэчы, гэта адукаваныя, творчыя і таленавітыя людзі.

— Вы шмат увагі ўдзяляеце стаўленню да вялікіх сям'яў. З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся ў гэтай нялёгкай справе?

— Сёння існуе меркаванне «нараджаюць дзеля кватэр» — нібыта наяўнасць ільгот на будаўніцтва жылля аўтаматычна пазбаўляе шматдзетных бацькоў уласцівасці любіць сваіх дзяцей! На мой погляд, гэта самы ганебны від зайздрасці. Атрымліваецца, што раней нараджалі толькі «маргінальныя» сем'і, а сёння — толькі «дзеля кватэр»? Калі вам так коле вока гэтая льгота, дык скарыстайцеся ёю, нарадзіце самі! Але ж не спяшаюцца. Неабходна вучыцца талерантна ставіцца да шматдзетных сем'яў. Мне здаецца, гэта будзе карысна для ўсяго грамадства.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?