Вы тут

Каб не пакрыўдзіць пажылых бацькоў


Калі хтосьці з пажылых бацькоў траціць сужэнца і застаецца жыць адзін, нярэдка яго ўвага пераключаецца на дарослых дзяцей. Стары чалавек тэлефануе па некалькі разоў на дзень з нязначных і надуманых прычын, нават ведаючы, што дачка ці сын у гэты час заняты на рабоце. Рэагаваць на гэта спакойна не заўсёды атрымліваецца, а ён крыўдзіцца, што дзеці не хочуць выслухаць, не ператэлефаноўваюць, не ўдзяляюць увагу і іншае. Як правільна паводзіць сябе з бацькамі ў такім выпадку? Старацца выслухаць ці ўсё ж нейкім чынам (і якім?) даць зразумець, што ты бываеш заняты і 5-6 званкоў на дзень — гэта зашмат? Як у такім выпадку будаваць кантактаванне, каб не пакрыўдзіць старога чалавека?

Святлана А., Маладзечна.


Адказвае псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Сяргей ЗІЗЮК:

— Пабудаваць свае паводзіны так, каб не пакрыўдзіць іншага чалавека, немагчыма ў прынцыпе, таму што крыўдзіцца ці не, залежыць не ад вас. Крыўда — гэта эмоцыя, а яна ўзнікае ў адказ на тое, як чалавек успрымае сітуацыю. Вы, канешне, можаце мінімізаваць рызыку, не ствараючы адкрытых канфліктаў і не абражаючы, але гэта не гарантуе, што другі бок не знойдзе на што пакрыўдзіцца. Крыўда часта ўзнікае на неапраўданыя чаканні — калі чалавек не атрымлівае ад іншага тое, што хоча. Сітуацыя, калі маці ці бацька хочуць пагаварыць, а вам не да таго, — той самы выпадак.

Як паводзіць сябе ў такой сітуацыі? Для пачатку растлумачыць, у які час і з якой нагоды з вамі можна звязацца. Напрыклад, у рабочы час тэлефанаваць толькі па тэрміновых пытаннях, а проста паразмаўляць — увечары. Гэта ж датычыцца і тэм кантактавання. Напрыклад, растлумачце бацькам, што не трэба ўдакладняць, елі вы ці не, таму што пра гэта вы наўрад ці забудзецеся. Працэс адаптацыі рэдка бывае лёгкім, і калі дагэтуль ваша ўзаемадзеянне з бацькамі выглядала інакш, крыўды з іх боку вы наўрад ці пазбегнеце, але пасля гэта стане нормай. Галоўная ўмова — дакладна прытрымлівацца вашых дамоўленасцяў, у першую чаргу, вам самім. Гэта значыць, калі дамовіліся не размаўляць на вольныя тэмы ў рабочы час, а потым пару разоў абмеркавалі з маці серыял, не здзіўляйцеся, што яна пакрыўдзіцца, калі адмовіце трэці раз.

Варыянт, пры якім і вы ў парадку, і бацькі задаволены, магчымы не заўсёды. Не ўсе бацькі здольныя справіцца са сваёй адзінотай — часам яны ўмела маніпулююць дарослымі дзецьмі на пачуццях доўгу і віны. І тады даводзіцца выбіраць. Пастарайцеся быць з сабой праўдзівымі. Хочаце быць добрымі — тады падыгрывайце, раздражняйцеся моўчкі і трывайце. Хочаце жыць сваім жыццём і будаваць шчырыя адносіны з бацькамі — аддавайце ім столькі часу, колькі сапраўды можаце і хочаце. Рэаліі такія, што ў маладосці ў нас шмат магчымасцяў, але мала часу на іх рэалізацыю, а ў сталасці — мала магчымасцяў і шмат вольнага часу. Дапамажыце бацькам з яго выкарыстаннем: падзяліцеся кніжнымі навінкамі, падкажыце сайты з фільмамі, пашукайце мерапрыемствы згодна з іх інтарэсамі. Падтрымайце іх у тым, што ёсць жыццё пасля пенсіі, і тады ім не давядзецца цалкам жыць вашым.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».