Вы тут

49 удзельнікаў дапушчаны да нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»


Праслухоўванне стартуе апоўдні 27 студзеня ў студыі «600 метраў» Белтэлерадыёкампаніі.


Усяго ж арганізатары атрымалі сёлета 95 заявак. Аднак значную іх частку даслалі замежныя выканаўцы і калектывы, якія, відаць, не звярнулі ўвагі на змены ў конкурсным палажэнні. А паводле яго легіянеры не могуць прымаць удзел у адборы — да ўдзелу дапускаюцца, цытуем, «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Другое важнае новаўвядзенне — папярэдні адсеў выканаўцаў. Яго выконвала створаная арганізатарамі фокус-група з ліку дзеячаў культуры і мастацтва, якія правяралі адпаведнасць заявак правілам нацыянальнага адбору і міжнароднага конкурсу, а таксама ацэньвалі мастацкі ўзровень дасланых песень. У выніку колькасць прэтэндэнтаў на ўдзел у «Еўрабачанні-2020» яшчэ паменшылася, і перад вачыма ўжо другой экспертнай камісіі і гледачоў 27 студзеня выступяць 49 артыстаў і калектываў. У спісе шмат імёнаў заўсёднікаў адбору: Napoli, гурт «Аура», Жанет, Alen Hit, гурт «PROвокация», баяніст-вакаліст Віталь Варанко, Аляксандра Захарык, Анжаліка Пушнова, Арцём Міхаленка, Анастасія Малашкевіч ды іншыя. Сярод навічкоў — Віталь Артыст, які напрыканцы 2019-га афіцыйна распусціў свой гурт «Без Білета», уладальнік першай прэміі конкурсу маладых выканаўцаў «Віцебск-2019» Іван Зданюк, гурт «Parad of Planets», удзельнік расийскага шоу «Голас» Габрыель Купатадзе.

З усіх прэтэндэнтаў па выніках жывых выступленняў, ацаніць якія можна будзе ў прамой трансляцыі на сайце www.tvr.by, будзе вызначана 12 фіналістаў (зрэшты, удакладняюць арганізатары, колькасць можа крыху змяніцца ў любы бок). І ўжо сярод іх на фінальным гала-канцэрце, які пройдзе ў тэрмін да 6 сакавіка, вызначаць пераможцу нацыянальнага адбору. Дарэчы, выканаўца, які прадставіць Беларусь у Ратэрдаме на 65-м па ліку «Еўрабачанні», сёлета зноў выбіраюць па форуме 50/50, то-бок, на вынік у роўнай ступені ўплываюць гледачы і прафесійнае журы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovision.tv

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.