Вы тут

«Тэатр без межаў» рыхтуе спектакль па п’есе Сафіі Ворсы «Дзень настаўніка»


Незвычайны тэатр-студыю для дзяцей і падлеткаў з прыёмных сямей і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу стварыла журналістка і актрыса Кацярына Саковіч. Галоўная мэта «Тэатра без межаў» — сацыялізацыя дзяцей, якія апынуліся ў складаным становішчы.


Кацярына Саковіч і Сафія Ворса

 Ідэю сацыяльнага праекта ў свой час падтрымалі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і Мінскі гарадскі клуб замяшчальных бацькоў «Вулей». Удзельнікам мог стаць кожны.

На працягу ўсяго 2019 года калектыў часта відазмяняўся, што не дазваляла працаваць над канкрэтнай пастаноўкай. Сёння ў тэатры-студыі займаюцца 18 дзецей ад 9 да 17 гадоў. Ужо ёсць вынікі: зусім нядаўна дуэт вучняў перамог на міжнародным фестывалі M-FEST у Мінску. Першае, на што накіравана навучанне  — паводзіны перад гледачамі і праца над пластыкай. Тэатр імкнецца развіваць актыўнасць, увагу, назіральнасць, уменне фантазіраваць, дае магчымасць адчуць сваю прысутнасць у культуры. Дапамагаюць у гэтым акцёры і рэжысёры прафесійных тэатраў (тэатр лялек і рускі тэатр).

— Зусім не важна, ці стануць дзеці прафесійнымі акцёрамі. Важна даць ім базу, з якой яны пойдуць у жыццё, — лічыць кіраўнік сацыяльнага праекта К. Саковіч. — Для мяне тэатр — гэта ўсё. Я разумею, як важна для чалавека быць разняволеным, умець адкрыта размаўляць, не саромецца гледача, таму што сучасны свет настолькі хуткі і складаны, што многім маладым людзям цяжка рэалізаваць сябе ў прафесіі. Аднаго теленту ўсё  ж мала. Таму ў практычным плане самае галоўнае зараз — дапамагчы дзецям пазбавіцца страху сцэны.

З’явіўся ў тэатра і свой драматург — маладая пісьменніца, аўтар кніг для падлеткаў Сафія Ворса. Акрамя Беларусі, яе кнігі выходзілі ў Расіі, Польшчы, Літве і Японіі. П’есу «Дзень настаўніка» яна напісала спецыяльна для «Тэатра без межаў», хоць задума з’явілася задоўга да пастаноўкі. Адправіўшы сваіх герояў у далёкую будучыню, аўтар хацела паказаць, што і цяпер, і праз сто гадоў галоўная задача педагога — убачыць у дзіцяці асобу. Дарэчы, у кнізе п’еса надрукавана адразу на дзвюх мовах — рускай і беларускай. Ілюстрацыі да гэтага выдання, як і да ўсіх папярэдніх, зрабіла Маргарыта Ціхановіч.

— Раней у мяне не было думак наконт таго, каб напісаць п’есу. Таму напачатку значная частка маёй працы заключалася ў тым, каб чытаць іншыя п’есы, вучыцца іх пабудове, ствараць цікавыя дыялогі. Я пачала пісаць у сакавіку мінулага года, але неаднаразова змяняла змест і структуру твора. Бо калі пішаш, развіваешся разам са сваім тэкстам. Змяняюцца першапачатковыя погляды, цяжка выканаць задуманае, — распавяла С. Ворса.

Натхнілі творцу К. Саковіч і яе падапечныя. П’еса абяцае раскрыць адносіны ў ланцужку «дзеці — бацькі — настаўнікі», знайсці пункт адліку, які дазволіць кожнаму з гэтых суб’ектаў асэнсаваць сваю ролю ў жыцці. Рэпетыцыі ўжо пачаліся. Бацькам не забараняецца прысутнічаць у зале. Гэтая пазітыўная практыка спрыяе не толькі творчаму працэсу, але і стасункам у сям’і. Прэм’ера запланавана на вясну, а ў красавіку будзе паказ на міжнародным фестывалі тэатральных мастацтваў у Ізраілі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Знайсці пункт адліку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.