Вы тут

Ігар СІГОЎ: Мне падабаецца працаваць з тымі, хто любіць працэс і вынік, а не толькі грошы


Ім захапляюцца і крытыкуюць, паважаюць і зайздросцяць. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, адзіны на сёння беларускі акцёр фільма — намінанта на прэмію «Оскар», адзін з самых вядомых і любімых беларускіх акцёраў тэатра і кіно Ігар Сігоў распавёў карэспандэнту «ЛіМа» аб прафесійным досведзе, аб сучасным творчым працэсе.


— Ігар Аляксеевіч, да паступлення на акцёрскі курс вы служылі ў арміі, працавалі токарам і вадзіцелем. Для вас гэта страчаны час або бясцэнны досвед?

— Вядома, жыццёвы досвед. Спецыяльнасць токара атрымаў яшчэ школьнікам на аўтарамонтным заводзе. Перад арміяй у ДТСААФ навучыўся ваджэнню аўтамабіляў. Служыць трапіў у Манголію, у чыгуначныя войскі, працаваў на самаходным скрэперы. Вярнуўшыся, сеў за руль самазвала. Усе гэтыя навыкі, асабліва вайсковая служба, дапамаглі мне падчас работы над ролямі. На здымках піратэхнікі заўсёды адзначаюць, што я са зброяй на «ты»: ці то пісталет, аўтамат, ці то штык-нож — гэтаму навучыўся ў войску.

— Сёння вы задаволены сваёй кар’ерай?

— Не ведаю, наколькі задаволены. Магу толькі сказаць, што я шчаслівы чалавек. У мяне ў жыцці многае атрымалася, і я не шкадую нават аб промахах. Людзі дастаткова часта ганьбяць сваё жыццё, а я так не магу. Пражыў яго, наколькі мог, шчасліва, інтылігентна, інтрыгоўна. Я перш за ўсё чалавек і не магу быць заўсёды ідэальны, добры, ветлівы. Мне падабаецца быць такім, якім сябе адчуваю ў пэўны момант. Вядома, былі моманты, калі шкадаваў, баяўся, не рабіў. Нядаўна мне споўніўся 51 год. Не думаю, што павінен цяпер чагосьці баяцца.

— Хто з вядомых акцёраў для вас прыклад?

— Мне заўсёды падабаліся Роберт дэ Ніра, Джэк Нікалсан, Дастын Хофман, Алег Янкоўскі, нашы выдатныя акцёры Генадзь Гарбук і Генадзь Аўсяннікаў. Іх гульня, харызма, энергія, якія запаўняюць сабой прастору глядзельнай залы, уражваюць. Акцёры, за якімі цікава назіраць, у іх было і ёсць чаму павучыцца. Але ж трэба падкрэсліць: гэта не проста акцёры — гэта асобы, пра якія можна гаварыць бясконца.

— З кім з рэжысёраў тэатра і кіно вам працавалася сапраўды камфортна?

— Першы рэжысёр, з якім мне было прыемна і цікава, — Валерый Мазынскі. Разумеў яго з паўслова. Ён шмат чаму мяне навучыў, вывеў на прафесійную сцэну. Мы часта спрачаліся, але гэта былі канструктыўныя, стваральныя спрэчкі. Цікава працавалася з  рэжысёрам Уладзіславам Осіпавым над спектаклем «Развітанне з Радзімай». Дзве гадзіны я знаходзіўся на сцэне, не прамаўляючы ніводнага слова. Гэта быў спектакль пра інтэлігентаў, якія засталіся за бортам у постперабудовачны перыяд. За сваю ролю атрымаў адну з першых тэатральных узнагарод. На маё здзіўленае пытанне «Як маглі ўзнагародзіць за “нямую” ролю», крытык Таццяна Арлова адказала: «Ты вельмі гучна маўчаў». Такі вынік нашай сумеснай плённай працы з рэжысёрам.

У кіно лічу найлепшым беларускім рэжысёрам сёння Сяргея Талыбава. З  ім не тое што камфортна працаваць  — камфортна думаць. Лічу яго сапраўды таленавітым і адказным за працэс. Талыбаў заўсёды разважае, як будзе лепей. І гэта яго вылучае. Мне падабаецца працаваць з тымі, хто любіць працэс і вынік, а не толькі грошы.

— Раскажыце пра работу ў намінаваным на прэмію «Оскар» кароткаметражным фільме ірландскага рэжысёра Хуаніты Уілсан «Дзверы», што выйшаў у 2008 годзе.

— Гэта была простая чалавечая гісторыя па матывах «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч. Рэжысёр узняла прыватную сямейную трагедыю да ўзроўню трагедыі чалавецтва. На адным з паказаў фільма амерыканцы ў глядзельнай зале плакалі, а пасля падыходзілі да нас, дзякавалі: іх зачапіла, кранула чужая бяда. Вось дзеля чаго трэба здымаць кіно! Бюджэт карціны невялікі, Уілсан стварала яе практычна за свае сродкі. Здымкі праходзілі ў Кіеве на працягу тыдня, на адзін дзень ездзілі ў горад-прывід Прыпяць. Здымачная група была арганізаванай, рацыянальна размяркоўвалі час, таму не дапускалі лішніх фінансавых марнаванняў і  нейкіх непатрэбных эмацыянальных усплёскаў. Нашым кінематаграфістам у гэтым плане не хапае дысцыпліны. За мяжой у выпадку парушэння працоўных пагадненняў з акцёрамі, неаплачаных перапрацовак і  іншых парушэнняў прадзюсара чакаюць санкцыі ад акцёрскага прафсаюза або агентаў.

У нас, на жаль, за акцёраў у выпадку некарэктных паводзін кінакампаній заступіцца няма каму. Мы не маем прафсаюзнай арганізацыі кінаакцёраў і дасведчаных агентаў, якія могуць адстойваць нашы інтарэсы. Я прапаноўваў ідэю стварэння акцёрскага агенцтва на базе Беларускай гільдыі акцёраў кіно, але яна пакуль не знайшла водгуку.

— У фільмах дастаткова часта выконваеце ролі антыгерояў. У адным з інтэрв’ю неяк сказалі, што для вас усё роўна, якога салдата іграць: савецкага або нямецкага. Але калі прапануюць іграць фашыстаў і вы згаджаецеся, значыць, вам цікава?

— Усе кажуць, што ў мяне знешнасць арыйца, быццам я не беларус. Пасля фільма «Апошні бронецягнік», дзе іграў фашысцкага дыверсанта, спытаў у маці яе меркаванне — матуля заспела вайну яшчэ дзіцем. І яна адказала: «Сынок, ты сапраўдны Ганс!» (Смяецца.). Пры гэтым трэба разумець: рускі салдат або нямецкі — у першую чаргу чалавек гэта. Тым больш чалавек ваенны, значыць, у яго ёсць абавязак, гонар, прынцыпы, прысяга, што ўвогуле аб’ядноўвае ўсіх воінаў любой арміі свету. Іншае пытанне — кожны верыў у сваё. Я стараўся іграць любога персанажа з пункту гледжання, паўтаруся, чалавека: спрабаваў зразумець, што ім рухае, у што і чаму ён верыць. Хай пазіцыя нават будзе адмоўнай або не стасуецца з агульначалавечымі прынцыпамі, але гэта яго пазіцыя. Ён так лічыць, ён у гэта свята верыць.

— Роля нямецкага прафесара ў фільме «Сляды апосталаў» стала для вас найцікавейшай у такім амплуа?

— Пасля гэтай карціны я сказаў: усё, хлопцы, больш фашыстаў не іграю (Смяецца.). Прынамсі, на нямецкай мове! Чаму? Нямецкім не валодаю настолькі, каб разумець, што кажу. У «Слядах апосталаў» з намі працавалі перакладчыкі, дапамагалі, але ўсё роўна гэта было жудасна. Даводзілася думаць пра тэкст, а не пра тое, што будзе дэманстраваць мой вобраз. Добра, што рэжысёр Сяргей Талыбаў, разумеючы гэтую складанасць, пайшоў на ўступкі: у некаторых эпізодах мой персанаж гаворыць па-руску з акцэнтам. Вядома, вобраз нямецкага прафесара быў цікавы, але, думаю, мне не ўдалося раскрыць яго да канца з-за моўнай перашкоды. А можа, таму, што я проста лянівы і не завучваў маналогі.

— Калі іграеце гітлераўца, унутраны голас не падказвае, што вы не на тым баку?

— Не, не крычыць. Але калі іграеш фашыста, разумееш: цябе першапачаткова будзе ненавідзець глядач. З іншага боку, гэта добра: чым больш не любяць пасля прагляду фільма, тым дакладней перадаў персанажа. У дзяцінстве, калі іграў у вайнушку, хацелася быць партызанам, біць фашыстаў, таму што яны дрэнныя. З гадамі стаў ставіцца да гэтага... больш мудра. Чаму? Мая бабуля распавядала, як ішлі нямецкія войскі. У іх шэрагах былі самыя розныя людзі з акупаваных тэрыторый. Так, яны ішлі пад сцягамі рэйха, але ім не хацелася нікога забіваць. У іх не было выбару. Мы, зразумела, ваявалі за Радзіму, абараняліся, а іх прымушалі ваяваць. Потым яны ж дзякавалі савецкім салдатам за вызваленне. Пры гэтым усё можна зразумець, але не ўсё дараваць... Бо фашызм — гэта не проста нямецкія салдаты, якія выконвалі свой абавязак і верылі ў рэйх — гэта імперская ідэалогія.

— Пры ўсім тым у вас ёсць узнагарода за найлепшую рэалізацыю славянскага вобраза — за спектакль «Адвечная песня»...

— Гэты спектакль вясной быў адноўлены. Мы пабывалі з ім на гастролях у розных краінах. Фурор! Прыемна, што спектакль абнавіўся, хоць ужо і цяжка ў ім іграць з-за ўзросту і здароўя. Аднак... калі выходжу на пляцоўку, забываю пра ўсё, бо ведаю, што іграю і пра што спяваю.

Спектакль «Адвечная песня» — гэта мая жыццёвая пазіцыя. Там 90 працэнтаў мяне, майго стаўлення да людзей. Там беларус, колькі б ні пражыў, усё трывае, пераносіць і закусвае цуглі.

Хочацца верыць, што гледачы ўспрымаюць мяне як разнапланавага акцёра. Чуў выказванне пра сябе: «фашыст, але прыгожы». А мне хочацца свайму герою сімпатызаваць, разумець яго, спачуваць, хоць ён і адмоўны. І гэта галоўнае. Бо ўсе вобразы я ствараю з пазіцыі чалавека — усё роўна, якой нацыянальнасці. Мы ў першую чаргу людзі.

— Што можаце сказаць пра сітуацыю ў сучасным беларускім кінематографе?

— Сітуацыя няпростая. Нацыянальная кінастудыя спрабуе выбудаваць структуру. Старую сістэму кінавытворчасці разбурылі, а новую яшчэ не пабудавалі, і гэта адбіваецца на якасці карцін, на працоўных узаемаадносінах. Нашаму кіно патрэбен добры крэатыўны прадзюсар, які будзе ведаць, што здымаць і куды прадаваць. Без грошай зняць добрае прафесійнае кіно немагчыма. Але грошы — толькі адзін з фактараў. Патрэбны ідэі. Кіно павінна быць цікавым, актуальным, прывабліваць. Бо ў нас усё для гэтага ёсць: маладыя дзёрзкія рэжысёры, якія спрабуюць сябе ў кароткаметражным фармаце, уздымаюць праблемы, карыстаюцца сучаснай кінамовай. У нас, акцёраў, кажуць так: колькі ты ўклаў у свайго персанажа, столькі і атрымаеш на выхадзе ад глядацкіх эмоцый. Гэтак жа і пры стварэнні фільма, і ў любым творчым працэсе: трэба ўмець аддаваць сябе цалкам.

— Якія планы на наступны год?

— Я чалавек просты, але ж мне хочацца, каб год быў насычаны і плённы. Не люблю, калі час проста ідзе. Павінен быць сэнс. Сёння у мяне ёсць тэатр і  кіно, таму хачу ісці наперад. Не магу гаварыць, зраблю я нешта лепшае для тэатра альбо кіно, але жыву ў гэтым свеце і павінен рухацца наперад.

 Мне падабаецца мае жыццё. Складанасцяў шмат, непаразумення — таксама, але я выбудаваў свой свет такім, які ён ёсць.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.