Вы тут

Ніць, што звязвае пакаленні


Ажурнае выразанне з паперы сустракаецца ў мастацтве многіх краін і мае шматвяковыя традыцыі.


«Мелодыі роднага краю». Работа Ангеліны Чарнушэвіч

У Беларусі такі від мастацтва называецца выцінанкай. Яе ўзнікненне датуецца ХIV—ХVI стагоддзямі, але найбольш шырока выцінанка распаўсюдзілася на тэрыторыі Беларусі з сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Для яе характэрныя пэўныя матывы, стылізацыя і сіметрыя. З  дапамогай выцінанкі нашы продкі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты да святаў. Асабліва часта яны абнаўляліся перад Вялікаднем. Выцінанкі можна было сустрэць на вокнах, на паліцах і сталах у выглядзе сурвэтак. Для большасці гэта быў найбольш даступны варыянт абнаўлення хаты. Таксама яны сустракаліся ва ўпрыгожванні культавых пабудоў. З часам тэхніка і кампазіцыйнае рашэнне выцінанак станавіліся ўсё больш складанымі, удасканальваліся. Сёння гэта адзін з відаў традыцыйнага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Існуе мноства літаратуры па тэхналогіі выразання ўзораў, праводзяцца конкурсы для майстроў-прафесіяналаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія ўзнялі гэты від творчасці да ўзроўню сучаснага станковага мастацтва. Узоры выцінанкі можна сустрэць на друкаванай прадукцыі — падарункавай паперы, паштоўках, нататніках.

Найбольш папулярнымі выцінанкі становяцца пры набліжэнні зімовых святаў — Калядаў і Новага года. Разнастайнымі ўзорамі з паперы, выкананымі ў тэхніках выцінанкі, упрыгожваюць вокны. Дзеці далучаюцца да выцінанкі пачынаючы з дзіцячага садка. Мастацтва выцінанкі не толькі вучыць тэхналагічнаму працэсу выразання прыгожых узораў, але і трэніруе дробную маторыку, развівае лагічнае мысленне, уяўленне. З першых урокаў знаёмства з тэхнікай выцінанкі найбольш часта выкарыстоўваюць спрошчаны, але самы традыцыйны матыў «дрэва жыцця». Часам настаўнікі рыхтуюць для дзяцей нескладаныя шаблоны дрэў. Гэтая тэматыка дае шырокія магчымасці кампазіцыйнага рашэння. Да традыцыйнага дрэва ў тэхніцы выцінанкі вучні могуць дадаць сонца, птушак, расліны. Колер будучых выцінанак дзеці мусяць выбіраць самі. Таксама можна вар’іраваць, выбіраючы фоны. На пачатковым этапе вучань павінен зразумець асноўны прынцып выцінанкі  — стылізацыя і непарыўная ўзаемасувязь усіх знакаў і  прадметаў. Малюнак дрэва жыцця — гэта люстраная выцінанка. Для восевай выцінанкі добра выкарыстоўваць геаметрычныя ўзоры. Найбольш часта ў пачатковай школе тэхніка такой выцінанкі сустракаецца пры выразанні сняжынак.

З кожным годам, набываючы навыкі выканання выцінанкі, вучні ўдасканальваюць тэхналагічныя магчымасці яе выканання і ствараюць сапраўдныя глыбокія творы на розную тэматыку. Ангеліна Чарнушэвіч стварыла выцінанку ў народных традыцыях «Песні майго краю» ў дванаццацігадовым узросце. Пазней, працягнуўшы навучанне, закранула складаную тэму: пры дапамозе настаўніка стварыла квадрыпціх, прысвечаны беларускім асветнікам: выявы Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага. Цэнтрам кампазіцыі стала постаць Францыска Скарыны на фоне галоўнага фасада Сафійскага сабора. Па баках квадрыпціха — славутасці гарадоў Турава і Полацка і іх найвялікшыя дзеячы. Аб’ядноўваюць работы промні ўзыходзячага сонца, якія ідуць з цэнтральнай часткі квадрыпціха, і выразаны ў тэхніцы выцінанкі арнамент з Бібліі Ф. Скарыны. У выцінанцы выкарыстаны словы Францыска Скарыны: «У добрых справах і любасці да Айчыны ўпадабняйцеся». Работы вучаніцы адзначаны дыпломамі міжнароднага конкурсу «Красавік» у 2016 і 2018 гадах. Настаўнік А. М. Ніканюк і вучаніца Ангеліна Чарнушэвіч падарылі квадрыпціх Лагойскаму гісторыка-краязнаўчаму музею імя братоў Тышкевічаў. Ангеліна Чарнушэвіч працягвае свой творчы шлях у гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка.

Пазнаёміўшыся з мастацтвам выцінанкі, многія звязваюць з ім усё жыццё. Сярод тых, хто шчыра захоплены сваёй справай, — Ніна Сакалова-Кубай. Многіх студэнтаў факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка мастачцы атрымалася захапіць гэтым традыцыйным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Некаторыя з яе вучняў абралі выцінанку тэмай дыпломных прац і далейшага прафесійнага развіцця. Так, напрыклад, Валянціна Якушава выканала серыю работ, адлюстраваўшы храмы і саборы нашай сталіцы. У далейшым, працуючы настаўнікам у г. Смалявічы, яна перадала не аднаму пакаленню вучняў мастацтва непаўторнага выразання чароўных узораў, выхавала пераможцаў конкурсаў рознага ўзроўню.

Шчырыя творцы і шчырыя настаўнікі — гэта мастакі з Маладзечна, Салігорска, Навагрудка і многіх іншых гарадоў Беларусі. Работы іх вучняў сустракаеш на конкурсах і выстаўках. Яны ўражваюць майстэрствам і арыгінальнасцю. Добры настаўнік мусіць вучыцца ў сваіх калег.

Сёння ў мастацтва выцінанкі вялікія магчымасці. Для гэтага — разнастайныя матэрыялы: папера рознай якасці, колеру і фактуры, клеі, разцы, падкладкі. Але сучасная выцінанка ў першую чаргу арыентуецца на традыцыйныя матывы. У вучняў шмат крыніц для натхнення: далёкае мінулае і інтрыгоўнае сённяшняе. Напрыклад, у Год малой радзімы чаму б не выразаць у тэхніцы выцінанкі славутасці свайго маленькага горада Лагойска? Так, вучаніца Паліна Галушка вырашыла, што галоўнай у яе рабоце будзе Свята-Мікалаеўская царква. Пачалася складаная і карпатлівая праца: выкананне эскіза кампазіцыйнага рашэння выцінанкі, замалёўка і  стылізацыя гістарычнай культавай пабудовы, перанос эскіза ў матэрыял і вельмі складаны і працаёмкі працэс выразання. У аўтара павінна быць цвёрдая рука і характар, бо калі ў сярэдзіне шляху ўжо бачны добранькі ажурны ўзорчык, ёсць спакуса спыніцца. Але яшчэ ж трэба прыклеіць, магчыма, падставіць фоны, не зрушыць ў бок, не заліць клеем, не парваць ажур. І толькі тады міленькі ажурны ўзорчык ператворыцца ў сапраўдную, напоўненую сэнсам і пачуццямі, работу.

Стварэнне выцінанкі патрабуе вялікай засяроджанасці, спакою і ўпэўненасці, і толькі тады папера пераўтвараецца ў сапраўднае мастацтва — з вялікай гісторыяй, традыцыямі. Так нацыянальнае беларускае мастацтва будзе жыць сярод інтэр’ераў лофту, хай-тэку і мінімалізму.

Алена НІКАНЮК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.