Вы тут

Змены ў прафесійным пенсійным страхаванні могуць закрануць каля 350 тысяч чалавек


Падыходы да налічэння пенсій некаторым катэгорыям работнікаў змененыя. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 15 «Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», які рэгулюе датэрміновае пенсійнае забеспячэнне работнікаў з асаблівымі ўмовамі працы і занятых асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці.


Згодна з дадзеным указам тым, хто выпрацаваў на 1 студзеня 2009 года не менш за палову неабходнага льготнага стажу ў асаблівых умовах працы, даецца права на прызначэнне датэрміновай ільготнай пенсіі ў агульнай пенсійнай сістэме ўзамен датэрміновай прафесійнай пенсіі ў сістэме прафесійнага пенсійнага страхавання.

Чаму запатрабаваліся змены?

Да 2009 года датэрміновая пенсія выплачвалася з агульнай пенсійнай сістэмы. Пры гэтым людзі мелі магчымасць працягваць працаваць на ранейшых рабочых месцах. З 1 студзеня 2009 года ў нашай краіне была ўведзена сістэма прафесійнага пенсійнага страхавання работнікаў з асаблівымі ўмовамі працы. Сродкі для выплаты такіх пенсій, атрыманыя ў выніку спецыяльных узносаў работадаўцаў, сталі назапашвацца на рахунку кожнага работніка, а пры выхадзе на прафесійную пенсію чалавек павінен быў пакінуць сваё рабочае месца.

Пры гэтым быў устаноўлены пераходны перыяд. Тыя, хто адпрацаваў пасля 1 студзеня 2009 года менш за 10 гадоў і пры гэтым мае неабходны стаж, атрымліваюць датэрміновую пенсію па ранейшых правілах. А тыя, хто пасля 2009 года працаваў у асаблівых умовах звыш 10 гадоў, пры наяўнасці неабходнага стажу маглі разлічваць толькі на пенсію, разлічаную па новых правілах.

Але высветлілася, што з-за невялікага перыяду і сум адлічэнняў назапашаная пенсія ў такіх людзей аказалася вельмі нізкая.

Вось як тлумачыць гэтую сітуацыю на сайце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч: «Напрыклад, трактарыст-машыніст ва ўзросце 48 гадоў працуе ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве. На 1 студзеня 2009 года яго стаж складае 13 гадоў, а пасля 1 студзеня — 9 гадоў і 7 месяцаў. Атрымліваецца, што калі мужчына хацеў атрымліваць датэрміновую пенсію па старых правілах, ён ужо у 2019 годзе павінен быў адмовіцца ад сваёй работы (каб не перавысіць планку ў 10 гадоў стажу). Калі ён усё ж вырашыў застацца, а на пенсію выйсці ў 58 гадоў, то выплаты яму разлічаць толькі па новых правілах (стаж пасля 1 студзеня 2009 года акажацца большы за 10 гадоў). Пры гэтым мужчына не зможа працаваць на ранейшай пазіцыі, а памер выплат, то-бок датэрміновая пенсія за асаблівыя ўмовы працы, складзе 40—60 рублёў у месяц. Хутчэй за ўсё, афармляць датэрміновую пенсію дзеля такіх грошай трактарыст не будзе і яму нічога не застанецца, як чакаць дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту».

Як адзначыла ў інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» на канале «Беларусь 1» міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, летась у асаблівых умовах працы ў нашай краіне працавала каля 350 тысяч чалавек. Больш за ўсё сярод іх налічваецца медыцынскіх і педагагічных работнікаў (больш за 150 тысяч), далей ідуць тыя, хто працуе ў асабліва шкодных і шкодных умовах (120 тысяч), трактарысты (34 тысячы), даяркі і жывёлаводы (30 тысяч), кіроўцы гарадскога і пасажырскага транспарту (больш за 10 тысяч). Пры гэтым, як адзначыла міністр, у параўнанні з 2009-2010 гадамі колькасць рабочых месцаў з асаблівымі ўмовамі працы скарацілася на 30 %.

У такую пенсійную пастку трапіла каля 20 тысяч чалавек, палова з якіх занятыя ў сельскай гаспадарцы. Але праблема закранае і работнікаў лёгкай прамысловасці, гарадскога транспарту, авіяцыі і іншых.

Таму быў прыняты Указ № 15, які дае права чалавеку, што напрацаваў не менш за палову стажу да 2009 года, вярнуцца ў старую пенсійную сістэму. І ён зможа атрымліваць пенсію, працягваючы працаваць, напрыклад, трактарыстам, у памеры пенсіі па ўзросце.

У 2021 годзе да атрымання прафесійнай пенсіі падыдуць медыцынскія і педагагічныя работнікі. У адпаведнасці з новым указам яны таксама змогуць вярнуцца ў звычайную пенсійную сістэму.

Іншыя новаўвядзенні ўказа

Згодна з дадзеным указам, таксама будуць павышаны больш чым у два разы тарыфы ўзносаў для работадаўцаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне работнікаў, занятых на работах з асаблівымі ўмовамі працы або асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці. Гэтае новаўвядзенне ўвойдзе ў сілу з 1 студзеня 2021 года.

Спецыялісты адзначаюць, што яно дасць магчымасць павысіць гарантыі годнай пенсіі і ўзровень датэрміновых ільготных пенсій грамадзян з вялікім стажам працы ў неспрыяльных умовах, а таксама забяспечыць фарміраванне ў далейшым больш высокіх памераў пенсійных выплат у сістэме прафесійнага пенсійнага страхавання.

У цэлым, як адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, указ пашырае пераходны перыяд, але не прыводзіць да прыпынення дзеяння сістэмы прафесійнага пенсійнага страхавання. Асобы, у якіх да 1 студзеня 2009 года сфарміраваны нязначны спецыяльны стаж, будуць у далейшым афармляць пенсію па правілах прафесійнага пенсійнага страхавання.

Як можна будзе выкарыстаць прафесійныя пенсійныя накапленні

Работнікі, пенсіі якіх будуць разлічвацца па правілах прафесійнага пенсійнага страхавання, будуць мець права на тры варыянты выкарыстання прафесійных пенсійных накапленняў.

Першы варыянт — фарміраванне датэрміновай прафесійнай пенсіі. Работадаўца будзе выплачваць за гэтага работніка абавязковыя ўзносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне ў дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), з якіх пасля будзе выплачвацца датэрміновая пенсія, а затым, калі работнік дасягне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, ён будзе атрымліваць ужо агульнаўстаноўленую пенсію.

Другі варыянт — работнік можа выбраць замест датэрміновай прафесійнай пенсіі дадатковую прафесійную пенсію. Яна будзе прызначацца пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту і раўняцца памеру БПМ. Атрымліваць асноўную і дадатковую пенсіі можна будзе столькі гадоў, на колькі назапашана пенсійных зберажэнняў дадаткова да пенсіі па ўзросце.

І трэці варыянт, згодна з якім работнік можа адмовіцца ад датэрміновай і дадатковай пенсій, а замест гэтага атрымліваць штомесячную даплату да зарплаты, памер якой вызначаецца работадаўцам, але не можа быць меншы за суму ўзносу на прафесійнае пенсійнае страхаванне за гэтага работніка. Гэта значыць, такія ўзносы не будуць назапашвацца, а замест таго выплачвацца самому работніку як прыбаўка да заработнай платы.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Новае ў прафесійным пенсійным страхаванні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».