Вы тут

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці


Сёлета дзіцяча-юначай спартыўнай школе прафсаюзаў коннага спорту імя Дзяменцьева споўнілася 35 гадоў. Установа ўнікальная ўжо хоць бы тым, што гэта адзіная спартыўная школа па конным спорце ў Мінскай вобласці, якая размясцілася ў вёсцы Зазер'е Пухавіцкага раёна. За нядоўгую гісторыю ў сценах ДЮСШ вырасла 124 майстры спорту і прыблізна столькі ж кандыдатаў у майстры спорту. Сёння тут трэніруецца 62 дзіцяці не толькі з Зазер'я, але і з навакольных вёсак. Многія прыязджаюць і з Мінска.


Да свайго юбілею школа атрымала выдатны падарунак — капітальны рамонт. Ён пачаўся паўтара года таму. За гэты час адбыліся прыемныя змены: былі адрамантаваныя і ўцепленыя канюшні, а таксама адміністрацыйныя будынкі, цалкам змянілі манеж, замянілі стары дах і вокны, усталявалі трыбуну для гледачоў. Дзецям і трэнерам стала камфортна тут працаваць не толькі ў цёплы час года, калі заняткі можна праводзіць на вуліцы.

Зазірнуўшы ў школу коннага спорту ў абед, мы трапілі ў самы разгар трэніровак — цяпер настаўнікі рыхтуюць сваіх вучняў да дзіцячых рэспубліканскіх спаборніцтваў. Хтосьці адпрацоўвае тэхніку выездкі ў манежы, хтосьці яшчэ толькі рыхтуе коней да трэніроўкі, а 9-гадовы Кірыл Ляўчонак назірае за трэніроўкай сястры з трыбуны, таму што яго заняткі ўжо скончыліся. «Я прыйшоў у гэтую школу проста таму, што мне падабаюцца коні, займаюся амаль год, — расказвае хлопчык. — Ужо ўмею скакаць галопам і рыссю, рабіць важныя рухі на кані — навучыцца гэтаму было няпроста. Мне яшчэ трэба будзе працаваць над тым, каб упэўнена трымацца ў сядле». Кірыл са сваёй сястрой Машай прыязджаюць на трэніроўкі ў Зазер'е з суседняй вёскі Седча, шлях да школы яны звычайна пераадольваюць на роварах. Пакуль Маша разам з іх любімым канём Эмай адпрацоўвае рухі, Кірыл захоплена апавядае, як праводзіць час на канюшні, і дзеліцца сваёй марай — стаць ветэрынарам. «Дарэчы, наш старэйшы брат таксама займаецца конным спортам тут ужо гадоў 10, цяпер яму 18, і ён часта прывозіць дадому кубкі і медалі са спаборніцтваў».

Набор дзяцей у групы пачатковай падрыхтоўкі трэнеры школы пачынаюць ва ўзросце ад 9 да 12 гадоў. З кожным годам тэхналогіі развіваюцца ўсё хутчэй, таму прыцягнуць дзяцей да коннага спорту становіцца ўсё больш складана, адзначае трэнер Ганна Тушынская. «Я вырасла ў гэтай школе, упершыню села на каня ў шасцігадовым узросце і выдатна памятаю, якія натоўпы дзяцей тады былі ў канюшні. Цяпер са скрыпам магу набраць 10-11 чалавек, з іх застанецца ў спорце дзесьці адно дзіця. Калі два, гэта ўжо шчасце для трэнера». Ганна Уладзіміраўна кажа, што на першых трэніроўках складана зразумець, ці ёсць у дзіцяці схільнасць да коннага спорту, — гэта выяўляецца з часам. Першапачаткова галоўнае, каб былі здароўе і любоў да жывёл. «Часам бацькі прыводзяць дзіця са словамі: «Ён хворы на конны спорт». Але адна справа зайсці ў канюшню і проста пагладзіць коніка, а іншая сесці на яго, навучыцца даглядаць і працаваць у манежы, выконваючы патрабаванні трэнера. Часта такая хвароба хутка праходзіць».

Як ні дзіўна, большасць дзяцей, якія тут займаюцца, не з Зазер'я, яны прыязджаюць з суседніх вёсак альбо з Мінска. Таксама ў мясцовай ДЮСШ займаюцца дзеці з Асіповіч, Дружнага, Свіслачы, Рудзенска і Міханавіч. «Часта тыя дзеці, якія не праходзяць адбор у Ратамцы, прыязджаюць да нас, а мы рады кожнаму», — тлумачыць дырэктар школы Алена Шаўчэнка.

Дабрацца з Мінска да Зазер'я можна маршруткай, але ў зімовы час у іх раскладзе бываюць збоі, таму часта каму-небудзь з бацькоў даводзіцца прывозіць на ўласнай машыне адразу некалькі дзяцей, але іх гэта не пужае. «Я ваджу сюды сваю дачку ўжо пяты год, — расказвае Іна Воўчак. — Без коней яна ўжо нікуды, таму мы пяць разоў на тыдзень на канюшні. Была б магчымасць займацца больш, прыязджалі б і часцей. Вельмі задаволеныя, што ў школе нарэшце зрабілі рамонт, дах, таму што раней дзеці займаліся толькі на вуліцы. Ну, як займаліся: проста прыходзілі і крочылі, таму што па гразі асабліва не пагарцуеш. Цяпер чакаем папаўнення коней, каб была магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах».

Дырэктар школы расказвае, што перш чым пасадзіць дзіцяці на каня, трэнеры вучаць правільным зносінам з жывёлай: «надзяваць аброць, сядло, чысціць, потым паціху займацца на кордзе».

Дарэчы, з трэнерскімі кадрамі ў Зазер'і праблем няма, тут працуюць шэсць настаўнікаў, некаторыя — выхаванцы гэтай жа школы. «Усе трэнеры мясцовыя, нават тыя, хто раней лічыўся прыезджы, цяпер абзавёўся жыллём бліжэй да канюшні. Гэтая работа зацягвае — нездарма ж кажуць, што былых коннікаў не бывае», — кажа Ганна Тушынская, дадаючы, што не ўяўляе сваё жыццё без гэтых жывёл.

Папулярнасць коннага спорту ў краіне расце, таму з'яўляецца і больш спаборніцтваў для дзяцей, але ў школы ёсць адна вялікая праблема, не сказаць пра якую проста немагчыма. Сёння ў Зазер'і 27 коней, але, каб дзеці паказвалі добры вынік і падвышалі свой узровень, патрэбныя новыя коні — маладыя. «Лічыцца, што спартыўны конь павінен «сыходзіць на пенсію» ў 15 гадоў, — тлумачыць Ганна Уладзіміраўна. — А ў нас вы можаце ўбачыць жывёл па 22-23 гады. Вядома, што яны не могуць скакаць патрэбныя метры ў канкуры, напрыклад. Таму нашы дзеці не заўсёды займаюць высокія месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Пажадана, каб штогод у школе з'яўлялася па два-тры новыя кані. Каго прасіць аб гэтым, мы ўжо не ведаем», — са шкадаваннем адзначае трэнер.

Сёння ўтрыманне аднаго каня абыходзіцца школе ў 1700—2000 долараў у год. За станам іх здароўя пастаянна сочаць трэнеры і ветэрынарны ўрач. Дарэчы, працаваць з дзецьмі жывёла можа не адразу пасля куплі, а толькі з шасці гадоў, пасля таго як да заняткаў яе падрыхтуюць трэнеры. Зарабляць платнымі паслугамі школе ў Зазер'і складана, віной усяму не вельмі блізкае ад сталіцы размяшчэнне. Ідэю іпатэрапіі дырэктар школы не падтрымлівае. «Для таго каб займацца лячэннем з дапамогай коней, патрэбныя адмыслова падрыхтаваныя жывёлы і спецыялісты з медыцынскай адукацыяй, — тлумачыць Алена Шаўчэнка. — Я супраць таго, каб проста зарабляць на гэтым грошы».

Ганна Тушынская.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Мінск — Зазер'е — Мінск

Загаловак у газеце: На канюшню пяць разоў на тыдзень

Выбар рэдакцыі

Культура

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

На рахунку рэжысёра і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна больш за семдзесят спектакляў, і па некаторыя з іх хоць зараз ідзі на вуліцу Энгельса. 

Грамадства

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Аказваецца, у нашых вёсках амаль да другой паловы ХХ стагоддзя не мелі звычкі нарыхтоўваць яго, не ведалі, як варыцца.