Вы тут

У Брэсце з'явілася новая традыцыя гукаць поўдзень


Над воднай гладдзю вяслярнага канала праляцелі глухаватыя трубныя гукі, вецер аднёс іх на добрую адлегласць. Брэсцкі вяшчун паведаміў наваколлю, што горад над Бугам жыве, функцыянуе, развіваецца, а ў горадзе роўна поўдзень. Нягледзячы на густы туман, які не рассеяўся нават да абеду, паглядзець на новую дзею сабралася нямала гараджан.


Да пачатку мерапрыемства з журналістамі пагаварыў галоўны натхняльнік і арганізатар новага праекта, вядомы брэсцкі шакаладзье, гаспадар магазіна-кавярні Аляксандр СКІНДЗЕР. Ён жа — кіраўнік гарадскога культурна-асветніцкага таварыства «Гарадскія легенды». Паводле слоў Аляксандра, разам з аднадумцамі яны вырашылі ажывіць яшчэ адну гарадскую легенду — паданне пра старадаўняга трубача.

— Гісторыкі да гэтай пары спрачаюцца, ці быў у старажытным Бярэсці трубач-вястун, які з дапамогай гучнага інструмента аб'яўляў найважнейшыя падзеі і абвяшчаў час. Іх дыскусіі могуць зацягнуцца на дзесяцігоддзі. А мы тым часам зрабілі праект, разлічаны на павелічэнне турыстычнай прывабнасці горада. Ды і цалкам імаверна, што ў горадзе, які першы на нашай тэрыторыі атрымаў магдэбургскае права, быў менавіта такі элемент інфраструктуры. Гарадская ратуша ў тыя часы будавалася з вежай і гадзіннікам, значыць, і трубач павінен быў трубіць.

Аляксандра ў яго задумцы падтрымалі таварышы па культурна-асветніцкай суполцы — старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі рамеснікаў Жан Васько, брэсцкі актывіст Алег Голас, кіраўнік тэатра жывых скульптур «Ларчык» Віталь Ларчык. Менавіта тэатр працаваў над макетам інструмента, ствараў касцюмы трубача і яго памагатых.

Драўляны інструмент, назвы якому пакуль не прыдумалі, зрабілі іванаўскія бондары. Для вырабу яго выкарыстоўвалася старадаўняя каўказская тэхналогія. Гэта нават не цэльная труба, а зборная канструкцыя з некалькіх сегментаў. Яе даўжыня складае чатыры метры, а вага — каля 30 кілаграмаў. Такі інструмент не паднімеш у адзіночку, затрубіць: тым больш зможа не кожны, а толькі той, хто мае моцныя лёгкія. Інструмент зроблены з айчыннай драўніны — елкі.

Дарэчы, падчас абмеркавання ідэі і падрыхтоўкі рэалізацыі паступалі прапановы і з суседняй вобласці, і з суседняй краіны выкупіць праект цалкам. Але наш трубач грамадзянства не памяняў. І ў час першай дзеі-інсталяцыі на балкон выйшлі пажы ў касцюмах колеру гарадскога герба. Перш чым падысці да інструмента, трубач развесіў штандары ва ўсіх чатырох напрамках. І толькі потым, роўна ў 12 гадзін, прагучалі тры сігналы.

Так цяпер адбываецца кожны дзень. У поўдзень па наваколлі раздаецца сігнал горада. Пляцоўка трубача размяшчаецца на шостым паверсе судзейскай вежы Цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні, каля Вяслярнага канала. Падчас прэзентацыі новага праекта ў арганізатараў пыталіся, чаму гарадскі вястун прапісаўся менавіта тут, а не ў цэнтры горада, напрыклад, каля ЦУМа, дзе ёсць высокая вежа з гадзіннікам, а насупраць гарадская славутасць — ліхтаршчык, які вечарам запальвае святло ўручную. Аляксандр Скіндзер заўважыў, што Вяслярны канал — гэта таксама не ўскраіна, а хутчэй цэнтр. Тут, напрыклад, праходзіла галоўная дзея падчас святкавання тысячагоддзя горада. І яшчэ каля вады цудоўная рэхалакацыя, якая ўзмацняе гук: як вядома, нават спевы над вадой гучаць мацней і прыгажэй. «Калі справа знойдзе водгук у гараджан і турыстаў, магчыма, трубач з часам памяняе дыслакацыю. Важна раскруціць праект», — кажуць арганізатары. У любым выпадку пад гук трубы з'явіцца дадатковая нагода згадаць гісторыю малой радзімы, звярнуцца да яе мінулага. У зоне дасягнення гуку знаходзяцца цяпер тры школы, а значыць, ёсць патэнцыйная аўдыторыя для падобных экскурсаў.

Застаецца дадаць, што праект ажыццёўлены на ахвяраванні, а трубач будзе працаваць як валанцёр без усякай аплаты. Для роднага горада.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Труба кліча...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.