Вы тут

Сезоннае афектыўнае расстройства можна вылечыць спецыяльнай дыетай


З надыходам зімы чалавеку працуецца цяжэй, мы хутчэй стамляемся і прасцей набіраем лішнія кілаграмы. Такі бязрадасны стан называецца «сезоннае афектыўнае расстройства». Гэта псіхічная з'ява. Але яна не азначае, што час ісці да ўрача. Сезоннае расстройства — разнавіднасць дэпрэсіі, якая здараецца не толькі з кожным чалавекам, але і ўвогуле з кожным цеплакроўным падчас зімы. Усе прычыны вучоныя дагэтуль устанавіць не могуць, але ўжо цалкам зразумела, што сярод галоўных — недахоп сонечнага святла і пэўных гармонаў у крыві. У першую чаргу сератаніну — гармону шчасця, норадрэналіну — гармону драпежніка і дафаміну — гармону матывацыі. Аднавіць падачу гэтых гармонаў у кроў можна якраз з дапамогай спецыяльнай дыеты — бялкоў, тлустых кіслот і вітамінаў.


Прадукты, у якіх усё ёсць

Медыкі з Каліфорніі вызначылі 10 рэчываў і прадуктовых груп, якія дапамагаюць пазбегнуць зімовай дэпрэсіі ці змякчыць яе. Гэта так званыя посныя бялкі, якіх багата ў белай рыбе, птушцы, бабовых, нятлустым тварагу і малацэ. Яшчэ патрэбны поліненасычаныя тлустыя кіслоты Амега-3 — іх шмат у ласосі, морапрадуктах і грэцкіх арэхах. А таксама фоліевая кіслата, якая ўтрымліваецца ў зеляніне, агародніне і цытрусавых. Вітамін В12 ёсць у поснай ялавічыне, яйках, ёгурце, а з печані траскі, селядца і лісічак можна атрымаць шмат вітаміну D. Акрамя таго, трэба налягаць на індычку, ягады, асабліва чарніцы, маліны і клубніцы, а таксама бананы і цёмны шакалад, як мага радзей есці цукар, які падаўляе работу мозга.

Якая карысць ад фруктаў і гародніны, калі яны ўсе цяплічныя і замежныя?

Агародніну і фрукты лепш за ўсё ўжываць сезонныя. Варта налягаць на капусту і буракі — у іх вітаміну С больш, чым у лімонах, на моркву (вітамін А), часнок, у якім шмат смяротнага для бактэрый аліцыну, цыбулю, якая павышае імунітэт, насычаныя клятчаткай яблыкі — і не з Паўднёвага полюсу, Аргенціны ці ПАР, а якія-небудзь бліжэйшыя. Яшчэ можна ўзяць апельсіны, мандарыны (вітамін С), хурму (вітамін А), гранаты (карысныя амінакіслоты), журавіны (прыродны антыбіётык фітанцыд).

Замарожаныя дары прыроды Сусветная арганізацыя аховы здароўя таксама рэкамендуе ўжываць зімой. Але пажадана, каб на этыкетках быў надпіс «шокавая замарозка» — гэта калі агародніну і фрукты ў спецыяльнай камеры абдзімаюць моцнымі плынямі пры тэмпературы да мінус 40. Пры такой замарозцы не ўтвараюцца іней і лёд, а ўсе карысныя ўласцівасці прадуктаў захоўваюцца. Таксама зімой варта піць больш чаю і гарачага малака.

Зімой варта асцерагацца алкаголю

Сагравальны эфект спіртных напіткаў — гэта міф. Так, у невялікіх дозах ён дапамагае змагацца з прастудай. Але тое, што гарэлка, віскі, каньяк ці віно грэюць, — падман органаў пачуццяў. Алкаголь сапраўды пашырае сасуды, асабліва каля самай паверхні скуры, кроў прылівае туды, і здаецца, што стала цяплей, нават спацець можна. Але ад нізкай тэмпературы звонку сама кроў хутка ахалоджваецца і, расцякаючыся па целе, ахалоджвае арганізм, замаруджваючы ўсе працэсы. У ЗША вывучылі ўплыў моцных напояў на арганізм і высветлілі, што алкаголь падчас халоднага надвор'я блакіруе здольнасць чалавека дрыжаць.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ежа ад зімовай стомленасці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.