Вы тут

«...Пакіньце мне мову маю, Пакіньце жыццё мне!»


...Аляксандра ў свае чатыры гадкі і танцорачка, і пяюха... Любімая песня (яна ж загадка) пра тое, як «...далеко, далеко на лугу пасутся ко...»

Для дзяцей пытанне ў тым, коні, козы ці каровы. Для дарослых, і ў прыватнасці сёлета, — чаму пасуцца ў... студзені, на Вадохрышча?

Па адной з версій, зіма з маразамі ды завеямі да нас прыходзіла, але ўбачыла тарыфы на ацяпленне і, усё зразумеўшы, сышла.


Фота Анатоля Клешчука.

Даў слова — стрымай!

Хабар у асабліва дробных памерах — слоічак маслячкоў: марынаваных, светленькіх, невялічкіх...

Пакуль частаваліся, часам ганяючы іх па талерцы, міжволі ўспомнілі дзеда-вяскоўца, якому ўнучка загадала, каб еў «па-гарадскому», відэльцам — і пры іншых, і без...

Дзед абяцаў. І ў яго атрымалася — з усімі стравамі, а вось маслячкі...

Самы першы з іх выскачыў з талеркі на стол.

Але і там стары яго не залавіў — грыбок, уцякаючы ад відэльца, саслізнуў на падлогу...

Нехта іншы, можа, яго падфутболіў бы ці падняў рукою — дзед, што называецца, заеўся, сказаў: «Я ж цябе ўсё роўна злаўлю!»...

І такі стрымаў сваё слова: загнаў маслячка ў кут і падчапіў — відэльцам...


Жыццё як анекдот

Кажуць, некалі даўно не «раскручаныя» тады Алейнікаў са Стаянавым запланавалі вялікае турнэ па гарадах Расіі, замовілі афішы: маўляў, там і там, у такія і такія дні адбудуцца канцэрты.

Потым тэлефанавалі арганізатарам — пыталіся: ці прадаюцца білеты? «Прадаюцца, — з радасцю адказвалі ім, — але не купляюцца».

...Усё амаль як у нас: і акцыі, і зніжкі, і распродажы, і ліквідацыі — крамы завалены таварам, прадаецца, як выглядае, усё! А вось купляецца...

Жыццё — як анекдот: на кожным кроку аптэкі, цырульні, банкі... А люд вакол — нездаровы, нястрыжаны і, на жаль, небагаты.


Каб сказаць... І пачулі*

...У пад'ездзе (ці нават доме, дзе пад'ездаў з дзесяць) гэта ведалі ўсе: калі трэба на нешта грошай — схадзі да Жоры: у яго ёсць, прычым заўсёды. Адкуль?

Пазычальнікі меркавалі, што яму дапамагаюць родныя, што яны ж прывучылі эканоміць... Ды, як выглядае, памыляліся, бо, калі спыталі, Жора найперш прыгадаў не бацькоў, а бабулю-вахцёрку.

Банальная зусім гісторыя.

Пасля службы ў войску хлопец прыйшоў на завод, атрымаў ложка-месца ў рабочым інтэрнаце, неяк дацягнуў да першай зарплаты. Яе — хлопцы сказалі — трэба «замачыць». Ды ён і сам гэта ведаў: пасля работы зайшоў у краму, накупляў гарэлкі з віном, добрай закусі... Сумку нёс — як падняць!

На ўваходзе ў інтэрнат вахцёрка спыніла, сказала:

— Сынок, ты, я бачу, тут новенькі? Малады... Табе яшчэ жыць і жыць. Хочаш, каб нейкая капейка за душою была, каб потым — добрая жонка, сям'я?..

— А хто ж не хоча? — паспрабаваў аджартавацца хлапец.

— Тады паслухай, што я скажу: ніколі не выпівай з палучкі.

— Гэта чаму?

— А ты вось зараз трохі ўстрымайся, вочы не залівай — паглядзі на сваіх суседзяў.

...У той вечар (і ў пятніцу якраз) яны — Жора бачыў — паддалі будзь здароў: той гарэлкі, што ён прынёс, аказалася мала, двойчы пасылалі «ганцоў» па дабаўку і пасля яе ледзьве распаўзліся.

Назаўтра, у суботу, сабраліся зноў — проста пахмяліцца, узяць па чарцы, аднак спыніцца, на жаль, не змаглі.

У нядзелю ўсё пачалося спачатку.

У панядзелак дзень быў цяжкі. Многім на рабоце балелі галовы, многія аддавалі даўгі, а недзе праз тыдзень у іх жа залазілі: не было з чым схадзіць па хлеб.

«Я так жыць не хачу», — паглядзеўшы на гэта, вырашыў Жора і, у чарговы раз атрымаўшы грошы, стаў казаць сваім хлопцам, што яму трэба з'ездзіць у вёску да бацькоў, да брата, да пляменніка на дзень нараджэння, да дзяўчат... Сярод якіх і досыць хутка знайшлася кандыдатка ў жонкі. Згулялі вяселле, стварылі сям'ю.

...Яна ў іх, і праўда, харошая: двое дзяцей, кватэра, машына... Усё так, як казала бабуля-вахцёрка. І напэўна ж, не толькі яму, Жору, — многім!

Шкада, што нямногія слухалі.


Рэч!

Міцеву сяброўку завуць Мілена. Прыгожае імя! Адно што дзед яго пастаянна забываецца: за вочы заве дзяўчыну то Мар'янай, то Мальвінай, то Матронай, а то раптам... Фросяй.

Гэтыя імёны яму, падобна, бліжэйшыя? Як нам цяпер — Акуліна... І нават Міканораўна: падушка ад яе дасталася — невялічкая, бязважкая... Сама зрабіла — з гусінага пуху, цёплага, як імя.


Смага

Каляды, горад, праспект. Наперадзе — відаць здалёк і па ўсім (вопратцы, бруднай вялікай сумцы, абутку) нейкі бяздомнік. Памалу ідзе — ад сметніцы да сметніцы, у паўнейшыя зазірае, з адной — дастае бутэльку з астаткамі «кока-колы»...

Голас дзіцяці:

— Дзед, а давай дадзім дзядзьку грошай... Ён купіць сабе папіць.

— Не, унук, гэта — дрэнная ідэя, — кажа дзядуля. — Давай лепш аддадзім яму сок, бо за грошы...

Мужчына недагаворвае. Ды і малы яго слоў не чакае: ён, падобна, усё разумее і так.


Сваё і чужое

У слова «размаўляць» ці не сто сінонімаў: тут і гутарыць, і балабоніць, і плявузгаць, і гергетаць, і талкаваць, мазоліць язык, пераліваць з пустое ў парожняе, мець гутарку...

Тут і зараз — адна, можна сказаць, выпадковая, бо магла і не пачацца:

— Добры дзень! — павіталіся мы, адчыніўшы дзверы ў майстэрню.

— Добрый то добрый, но ведь не день, — не згадзіўся з намі нейкі мужчына. — Утро ещё.

— А беларусы, — кажу, што ведаю, — дзень не дзялілі, звычкі такой не мелі.

«Праўда?» — насцярожылася чарга.

— Ды адкуль ёй брацца, гэтакай звычцы? — на беларускую мову і, здаецца, з ахвотаю перайшоў крытыкан. — Яны ж за работай свету не бачылі! Дзе ім адсочваць, раніца там ці дзень? Я праўду кажу?

Чарга, відавочна, згаджаецца, хто-ніхто з яе — зусім невялічкай — можа, успамінае сваіх бацькоў ці дзядоў, якія і праўда не разгіналіся — шчыравалі на рабоце і дома, без адпачынкаў, без выхадных... І не сказаць, каб што «лішняе» мелі.

— Во-во! — нібы чытаючы гэтыя думкі, усклікае мужчына. — Лепей было не працаваць, а... Як там: калі хочаш жыць у шчасці, трэба красці, красці і красці. Не ведаеце, адкуль гэты выраз?

Пытанне яўна да нас, і ў адказ на яго паціснуць плячыма — неяк не выпадае. Тады, што называецца, думкі ўслых — пра тое, што некалі з пачаткам халадоў тутэйшыя жанчыны ўносілі ў хаты калаўроты: пралі воўну і кудзелю — рабілі ніткі, з якіх потым ткалі абрусы, ручнікі, палатно для пасцельнай бялізны... І чым болей пралі ды ткалі, — тым лепшыя мелі пасагі, а значыць, большыя шанцы на тое, каб выбраць добрых жаніхоў... Адкуль — «Калі хочаш жыць у шчасці, трэба прасці...»

З часам, праўда, гэта рабіць перасталі: змяніліся парадкі, а следам — і першая літарка ў слове.

— Во! Яно ж, мусіць, праўда! Усё так і ёсць! — радуецца дзядзька...

Пад размову і зусім неўпрыкмет мы здаём у рамонт свой абутак.

Майстар-армянін моўчкі прымае і на адыход нам кажа «Да пабачэння!».

Слова, якое далёка не заўсёды пачуеш ад людзей тутэйшых, сыходзячы з работы, з нашых кавярняў і цырульняў, з невялічкіх крам, кабінетаў урачоў і тэ дэ і тэ пэ.


«Толькі месяцаў назвы пакіньце...»

З кнігарні грэх сысці без пакупкі, у ёй не раздражняе нават чарга да касы — можна і пастаяць.

Кабета, што ў нас наперадзе, трымае календары — насценныя, досыць прыгожыя, беларускамоўныя...

— Дочкі папрасілі купіць, — згледзеўшы нашу цікавасць, тлумачыць жанчына. — Яны ў Германіі цяпер жывуць. Абедзве замужам...

А значыць, недзе там, у іх кватэрах-дамах будуць

...Студзень —

з казкамі снежных аблокаў,

Люты — шчодры на сіні мароз,

Сакавік —

з сакатаннем і сокам

Непаўторных вясновых бяроз.

Назвы месяцаў, паводле Панчанкі...

Хоць яны.

Дарэчы (і, мусіць, яшчэ раз?), апошнія радкі ў гэтым вершы («...Ці плачу я, ці пяю, / Ці размаўляю з матуляю — / Мову сваю, песню сваю / Я да грудзей прытульваю»...), заўсёды здаваліся выпадковымі, нібы чужымі...

Аказалася, што прыблізна так яно і ёсць. У паэта (адчуйце розніцу!) спачатку было:

...Ці плачу я, ці пяю?..

Восень.

На вуліцы цёмна...

Пакіньце мне мову маю,

Пакіньце жыццё мне!


Смелым Бог памагае

Суседка, як многія, як амаль усе ў вялікіх гарадах, размаўляе па-руску. Па-беларуску таксама здараецца, праўда, слоў малавата, ды і памылак шмат.

Надоечы вось расказвала, як з'ездзіла ў вёску да сяброўкі, як схадзілі там да яе бабулі з дзедам, як хораша пасядзелі — перад печкай, «на дыване»...

— Дык вам жа нязручна было, — перабівае расказчыцу муж. — Немаладыя ўжо... На падлозе...

Складанасці перакладу: «ковёр» — гэта па-нашаму «дыван», а «диван» — «канапа», «арбуз» — «кавун», а «тыква» — «гарбуз», «ложка» — не тое, чым ядуць, і «стул» — зусім не тое, на чым сядзяць...

Мы добра ведалі б гэта, калі б мову чулі ўсюды, каб на ёй размаўлялі, чыталі, аднак...

Досыць сімпатычны знаёмец па-беларуску расказваў, як аднойчы спужаўся, прычым так, што ледзь не самлеў — не страціў (даслоўна)... свядомасць (замест прытомнасць).

...Колькі ж нас, такіх вось спалоханых? Большасць. А смелых? Хіба адзінкі.

Але ім, як кажуць, памагае Бог.


Думай, што гаворыш

Паліклініка як мурашнік — прынамсі, з раніцы, калі натоўпы ў чарзе па талоны.

— Мне ў даўрачэбны, — кажа ў акенца пажылая жанчына.

— Што здарылася? — удакладняюць адтуль.

— Рэцэпт бы выпісаць...

— Тады вам да тэрапеўта.

— Не... Мне раней у даўрачэбным выпісвалі, я на ўліку — з анкалогіяй...

— Ну і што? — кідае ў адказ маладзіца. — Падумаеш...

Можа, грэх на душу, але ж часам каму-нікаму і нялішне было б паставіць гэты дыягназ, даць накіраванне на здымкі, аналізы... Хай бы пахадзіў чалавек, хай бы пераканаўся, што памыліліся дактары, што нічога такога ў яго няма.

А паралельна хай бы падумаў, хоць трохі. Яшчэ і над тым, што каму казаць, а што не.


Пачатак

Даказана: самы кароткі дзень — не 21 снежня, а трохі пазней — 1 студзеня, калі спаць многія кладуцца ледзь не пад раніцу і ўстаюць — пад абед, у найлепшым выпадку.

Якраз на яго, вось такі, найлепшы, разлічвалі дарослыя госці цёткі Мар'яніхі (яе дочкі, зяці), але...

Ледзь свет (на дзень яшчэ не займалася), успароліся малыя ўнукі, знайшлі пад ёлкай падарункі, што прынёс Дзед Мароз, сталі шумець ды выхваляцца адно перад адным, прасіць, каб дасталі ім салдацікаў з кіндар-сюрпрызаў (хто не ведае — з шакаладных яек, унутры якіх пластыкавыя каробачкі з цацкамі).

Бабулі — нідзе ж не дзенешся — давялося згадзіцца, узяць малаток, стукнуць па адной «пластмасцы», потым па другой: нарабіць грукату, пабудзіць зяцёў.

— Блін, з чаго пачынаецца год! — абурыўся старэйшы. — У першую ж раніцу... Малатком... Па яйках...

І сапраўды — вясёленькі пачатак.

У кожнага свой.


За ўдачу!

Піць — гэта, на жаль, па-нашаму, за здароўе — і пагатоў, бо яно ж галоўнае.

А зрэшты, можа, і не? Ва ўсякім разе, адзін з застольнікаў, свежыной закусіўшы трэцюю чарку, раптам засумняваўся, сказаў:

— Паслухайце, мужыкі, мы з вамі — і толькі што — закалолі парсюка. Ён здаровы быў? Яшчэ і які! Ды яму не пашчасціла! Таму — за ўдачу!

...Кажуць, што чалавек носіць яе на кончыку носа. Спінка роўная? Нос задраны? Значыць, удача на месцы, а калі не...

Высновы — за вамі.


*Так на­зы­ва­ла­ся кніж­ка з амаль ты­ся­чай та­кіх вось аб­раз­коў, якая вый­шла ў вы­да­вец­тве «Хар­вест». Вый­шла га­доў коль­кі та­му, але, як ака­за­ла­ся, да­гэ­туль пра­да­ец­ца: у ста­ліч­най «Ака­дэмк­ні­зе» (а маг­чы­ма, і не толь­кі?) яе мож­на ку­піць.

Чыт­во, вя­до­ма ж, на ама­та­ра. Ка­лі вы з та­кіх — пы­тай­це­ся.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.