Вы тут

Што трэба рабіць, каб перамагчы свае страхі


Усе людзі, пачынаючы з дзяцінства, аказваюцца літаральна насычаныя самымі рознымі страхамі. Іх ініцыююць бацькі, сябры, настаўнікі — самае блізкае атачэнне. А з часам і сам чалавек, нават не ўсведамляючы, пачынае баяцца ледзь не кожнага свайго рашэння і зробленага кроку.

Наяўнасць страху — з'ява натуральная. Але гэтае пачуццё мае над чалавекам такую моцную ўладу, што можа стаць або рухавіком яго развіцця, або, наадварот, паралізаваць падчас дасягнення мэты. Сутыкнуцца тварам у твар са сваімі страхамі — вялікі і сур'ёзны крок на шляху да таго, каб іх перамагчы. Як гэта зрабіць, расказала псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Мая Аляксеева.


Чым яны небяспечныя?

— Страх — гэта эмацыянальна афарбаваная кароткачасовая эмоцыя ці адносна доўгі псіхічны стан, пачуццё ўнутранай напружанасці, якое выклікаецца перажываннем рэальнай ці ўяўнай небяспекі, — тлумачыць Мая Аляксандраўна. — Пры страху ў арганізме адбываецца шэраг фізіялагічных змен. У работу ўключаюцца гіпаталамус, гіпофіз і кара наднырачнікаў. Выпрацоўваюцца адрэналін і норадрэналін.

Знешне і ўнутрана гэта праяўляецца ростам ціску, пачашчэннем пульсу і дыхання, раскрыццём бронхаў, «гусінай скурай», зніжэннем паступлення крыві да органаў стрававальнай і рэпрадуктыўнай сістэм, пашырэннем зрэнак, выкідам у кроў глюкозы, хуткім спальваннем тлушчаў, павышэннем кіслотнасці ў страўніку і зніжэннем выпрацоўкі ферментаў, адключэннем імуннай сістэмы. Пры рэальнай небяспецы гэта дазваляе хутчэй думаць, лепш бачыць, біць мацней, бегчы хутчэй.

Але калі страх уяўны і пастаянны, то арганізму не ідзе на карысць усё, што адбываецца з ім у гэты момант. Менавіта таму на фоне страху развіваюцца псіхасаматычныя захворванні: парушэнні стулу, ацёк бронхаў, задышка, боль у грудзях.

Такім чынам узнікае замкнёнае кола. Напрыклад, вы баіцеся хваробы і на фоне страху пачынаеце хварэць. Акрамя таго, чым часцей вы адчуваеце страх (а гэта стрэс), тым меней вы можаце правільна ацэньваць сітуацыю, што і выліваецца ў розныя хранічныя фобіі. На ўзроўні псіхікі гэта суправаджаецца трывогай, хваляваннем, зніжэннем настрою.

Мы пачынаем баяцца, калі...

Прычыны страху бываюць як схаваныя, так і яўныя. Часта яўных прычын чалавек не памятае. А пад схаванымі разумеюць боязі, якія ідуць з дзяцінства. Напрыклад, узмоцненая бацькоўская апека, спакусы, наступствы псіхалагічнай траўмы, страхі, выкліканыя маральным канфліктам ці нявырашанай праблемай. Таксама існуюць і кагнітыўна-сканструяваныя прычыны: пачуццё занядбанасці, адзіноты, пагрозы для самапавагі, падаўленасць, адчуванне ўласнай неадэкватнасці, немінучага правалу і іншыя.

Страхі можна падзяліць на тры групы: біялагічныя, сацыяльныя і экзістэнцыяльныя. Да першых адносяцца тыя, якія прама звязаны з пагрозай для жыцця. Самым папулярным страхам гэтай групы з'яўляецца страх хваробы.

Усе сацыяльныя страхі выклікаюць сітуацыі, якія могуць падарваць сацыяльны статус, панізіць самаацэнку. Напрыклад, страх перад атачэннем. У аснове яго ляжыць крытыка, прычым наша ўласная ў першую чаргу. Для пераадолення гэтай праблемы пастарайцеся самі не крытыкаваць, а больш хваліць.

— Чалавеку ўласціва праецыраваць свае недахопы ці праблемы на іншых, гэта значыць у людзях мы шукаем і заўважаем тое, што не прымаем у сабе. І як бы гуляем на апярэджанне, пакуль гэта не заўважылі ў нас. То-бок, мы баімся, што нашы недахопы (прыдзірлівасць, крыўдлівасць, недаверлівасць, канфліктнасць, ілжывасць, нядобрасумленнасць, нерашучасць і іншыя) заўважаць. З гэтай жа нагоды ўзнікае страх здацца смешным, трапіць пад чыйсьці злы настрой. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна навучыцца самому дэманстраваць тое, што вы хочаце бачыць у іншых, — кажа Мая Аляксеева.

Самым папулярным экзістэнцыяльным страхам з'яўляецца страх смерці (сваёй ці блізкіх).

— Гэта самы неадназначны феномен. З аднаго боку, ён можа дасягаць такіх маштабаў, што чалавек зачыніцца ў чатырох сценах і будзе проста «адмотваць» адведзены тэрмін. З другога — гэта нармальны страх, які прымушае нас глядзець па баках, пераходзячы дарогу, — тлумачыць псіхолаг. — Справіцца з ім можна толькі адным шляхам — прыняць. Усе людзі смяротныя. Няма сэнсу бясконца перажываць смерць у думках і азмрочваць гэтым сваё жыццё.

Як пазбавіцца ад таго, што перашкаджае жыць?

Для таго каб пазбавіцца страху, яго варта прызнаць. Гэта самы сур'ёзны першы крок. Амаль у кожнага з нас ёсць нейкія боязі, але яны хаваюцца дзесьці ў глыбіні нашай свядомасці — часта незаўважаныя, непрызнаныя, бо мы іх ігнаруем і робім выгляд, што іх не існуе. Але яны ёсць. І ўплываюць на нас кожны дзень на працягу ўсяго нашага жыцця. Такім чынам, прызнайце вашы страхі.

  • Запішыце іх. Чаго вы баіцеся? Выкладзіце гэта на паперы. Гэта выцягне вашы страхі з падсвядомасці, дзе яны могуць мець над вамі ўладу. Калі вы ўвасобілі іх у матэрыяльную форму на паперы, можаце зрабіць з імі тое, што вам па душы. Напрыклад, страхі можна спаліць ці разарваць, сімвалізуючы іх знішчэнне, а можна павесіць на свой халадзільнік як напамін пра вашых ворагаў.
  • Адчуйце свой страх. Вы прызналі яго, але вы ўсё яшчэ баяцеся. Асэнсуйце, што вы не адзін такі, што ўсе мы адчуваем рознага кшталту боязі. Многія маюць тыя ж страхі, што і вы. Няма нічога няправільнага ў тым, каб баяцца. Адчуйце свой страх максімальна поўна і глыбока. Гэта частка вас, але яна вамі не кіруе.
  • Спытайце сябе, што самае горшае можа здарыцца. Часта гэта не так страшна, як мы думаем спачатку. Вы баіцеся правалу ў новай рабоце? Што адбудзецца, калі так здарыцца? Вы знойдзеце новую работу. Вы будзеце жыць далей. Вы баіцеся, што ад вас адхінецца хтосьці з супрацьлеглага полу? Што здарыцца тады? Вы знойдзеце таго, хто больш падыходзіць. Вы баіцеся фінансавага краху? Што гэта будзе азначаць для вас? Вы скароціце свае расходы, магчыма, папросіце сям'ю ці сяброў выручыць вас у гэты цяжкі час. Вы знойдзеце спосаб зарабіць грошы. Вы выжывеце.
  • Часцей смейцеся і ўсміхайцеся. Дадайце ў сваё жыццё болей гумару. Глядзіце камедыі ці гумарыстычныя шоу, чытайце анекдоты ці шукайце ў інтэрнэце смешныя прыколы. Добра рабіць гэта ў кампаніі сяброў. Так вы зможаце ўдосталь пасмяяцца, зняць напружанне і на час забыцца пра свае страхі.
  • Будзьце ў сучаснасці. Страх пацярпець няўдачу (ці нейкі іншы) — гэта страх адносна будучыні. Мы захоплены хваляваннямі пра тое, што можа здарыцца. Адганіце думкі пра будучыню. Гэтак жа пазбаўляйцеся ад думак аб мінулых памылках і няўдачах. Засяродзьцеся на сучасным. Рабіце зараз штосьці, што можа пераадолець вашы боязі, і забудзьцеся пра тое, што можа здарыцца. Калі вы разумееце, што думаеце пра мінулае ці будучае, вяртайце сябе ў сучаснасць і канцэнтруйцеся на тым, што вы робіце.
  • Невялікія крокі. Можа здавацца, што пераадоленне страхаў і праследаванне сваіх мэт палохаюць і падаўляюць. Рабіце невялікія крокі — штосьці, у чым вы ўпэўнены, што добра ведаеце. Затым адчуйце прыемныя змены і зрабіце іншы маленькі крок.

Святкуйце кожны поспех, нават невялікія дасягненні. Выкарыстоўвайце гэта пачуццё поспеху для таго, каб прасунуцца далей і зрабіць наступны крок.

— Зразумела, што часта мы залежым ад абставін. Але адносіны да абставін залежаць толькі ад нас! Каб не даць страху авалодаць намі і сапсаваць наша жыццё, трэба перагледзець свае адносіны да гэтай натуральнай і малапрыемнай рэакцыі нашага арганізма, — рэзюмуе Мая Аляксеева.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.