Вы тут

Вяртанне забытых імёнаў. Як пачынаўся «Маладняк»


Днём яго нараджэння лічыцца 28 лістапада 1923 года, калі ў мінскім камсамольскім клубе КІМ сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў і вырашылі стварыць літаратурнае аб'яднанне. У яго ўвайшлі ў тым ліку тыя, каму да рэвалюцыі шлях у літаратуру быў практычна закрыты, — таленавітыя «кухарчыны сыны і дочкі», «сялянская бяднота», стваральнікі новай, пралетарскай беларускай літаратуры. Ужо ў 1925—1926 гадах, нягледзячы на адсутнасць фінансавання, творчая суполка стала неверагодна папулярная, мела 12 філіялаў у гарадах і мястэчках, а колькасць удзельнікаў дасягала 500 чалавек. Амаль дзесяць гадоў выходзіў друкаваны орган літаб'яднання часопіс «Маладняк», а ў філіялах выдаваліся альманахі і асобныя выданні (каля 60 зборнікаў твораў). На жаль, малады лес, з якім параўноўвалі сябе паэты і пісьменнікі, амаль цалкам быў знішчаны рэпрэсіўнай машынай у 1937-м...

Да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб'яднання «Маладняк» распачаўся рэспубліканскі праект «На хвалі часу, плыні жыцця». Ён стартаваў яшчэ летась і працягнецца акурат да 2023 года. А днямі ў Мінску навукоўцы, гісторыкі, пісьменнікі гаварылі пра ролю літаб'яднання ў гісторыі айчыннай літаратуры, згадалі пра дзейнасць асобных яго ўдзельнікаў і падвялі вынікі першага года праекта. Акрамя таго, упершыню ў межах адной экспазіцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы прадставілі спадчыну «маладнякоўцаў».


Праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» ў кулуарах называюць яшчэ «праектам чатырох», бо ўдзел у ім на роўных бяруць чатыры арганізацыі: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда» і ў прыватнасці часопіс «Маладосць», Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Сутнасць ініцыятывы ў тым, каб за пяць гадоў прадставіць шырокай грамадскасці як мага больш поўную інфармацыю пра дзейнасць «Маладняка», яго наступнікаў «Полымя» і «Узвышша» і творчай «апазіцыі» ТАВІЗ (нефармальнае літаб'яднанне — Таварыства аматараў выпіць і закусіць), што паўплывалі на далейшае развіццё савецкай беларускай літаратуры, пра лёс і творчасць выдатных дзеячаў — арганізатараў асобных філіялаў аб'яднання, паэтаў і пісьменнікаў, якія выйшлі з «Маладняка». Штогод установы — удзельнікі ініцыятывы ладзяць тэматычныя мерапрыемствы: канферэнцыі, выстаўкі, літаратурныя чытанні, памятныя вечары, а ў аднайменным віртуальным праекце на партале Нацыянальнай бібліятэкі змяшчаецца інфармацыя пра аўтараў-юбіляраў, даследаванні гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, алічбаваныя кнігі і фотаздымкі. Так, ужо даступныя для ўсіх ахвотных расказы пра Валерыя Маракова, Адама Бабарэку, днямі дадаўся раздзел, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Хадыкі.

«Мне, як гісторыку па першай адукацыі, вельмі важна бачыць і паказваць сучаснікам унёсак гэтых самаадданых, творчых маладых людзей у літаратуру, якая, па вялікім рахунку, з'яўляецца базісам беларускай нацыянальнай ідэі. І ўсе 11 структурных падраздзяленняў нашага выдавецкага дома ў той ці іншай ступені ўдзельнічаюць у вяртанні забытых імёнаў у грамадскую свядомасць», — падкрэсліў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава ўдакладніла, што толькі за першы год праекта было праведзена 11 мерапрыемстваў, якія анансаваліся і шырока асвятляліся на сайце і ў самім часопісе.

Загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Эліна Свірыдовіч расказала, што ўжо на працягу дзесяці гадоў музей ладзіць літаратурна-дакументальныя экспазіцыі пад агульнай назвай «Залатая раніца беларускага адраджэння», якія прадстаўляюць літаратуру так званага міжваеннага часу — бадай, самага плённага ў гісторыі беларускай літаратуры, але ў той жа час самага малавывучанага і трагічнага... Гэты «праект у праекце» штогод ушаноўвае памяць пісьменнікаў і паэтаў таго часу — летась, напрыклад, прадстаўлялі юбіляраў года Міколу Хведаровіча, Алеся Якімовіча, Паўлюка Труса, Лукаша Калюгу, Алеся Дудара, Валерыя Маракова, Адама Бабарэку. Адной з запатрабаваных формаў абмеркавання лёсу і творчай спадчыны «маладнякоўцаў» сталі адкрытыя лекцыі ад літаратуразнаўцаў — шэсць лекцый, якія адбыліся ў 2019-м, наведала мноства людзей, а дзякуючы анлайн-трансляцыям у сацыяльных сетках «прысутнічалі», абмяркоўвалі і дзяліліся інфармацыяй нават жыхары далёкага замежжа.

«Большасць з гэтых аўтараў былі рэпрэсаваныя і расстраляныя ў «крывавую ноч» для беларускай літаратуры 29—30 кастрычніка 1937 года, — нагадвае магістр філалагічных навук, галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Лаўрык. — Вывучэнне іх творчасці пачалося толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў, пасля пасмяротнай рэабілітацыі. Таму сёння для нас вельмі важна папулярызаваць для як мага шырэйшага кола даследчыкаў і ўсіх зацікаўленых гісторыю «Маладняка» і яго сябраў — фатаграфіі з расшыфроўкай, нумары часопісаў, якія выпускала аб'яднанне і яго філіялы, літаратурныя зборнікі «маладнякоўцаў» і г. д.». Безумоўна, віртуальны праект не змесціць усе музейныя фонды і архіўныя дакументы, але прадставіць самыя цікавыя факты пра знакавых асоб літаратурнай суполкі і дасць дакладныя адрасы, дзе яшчэ шукаць інфармацыю пра іх, — на беларускай і рускай мовах, а неўзабаве таксама на англійскай. Прыблізна раз на квартал у ім будуць з'яўляцца новыя імёны.

Расказ пра кожнага з «маладнякоўцаў» варты асобнай кнігі. «Вельмі цікавая постаць «маладнякоўкі» Зінаіды Бандарынай, — зазначае літаратуразнаўца Аксана Данільчык. — Яна была вельмі актыўная, палкая, шукала самарэалізацыі ў грамадскай дзейнасці, нават сама сябе ў лістах да жонкі Янкі Купалы называла «ваша шалёная Зіна». Яна працавала ў саўгасе і ў школе, потым выкладала беларускую мову ў Сібіры, дзе пакінула пра сябе добрыя ўспаміны, супрацоўнічала з тэатрамі і кінастудыямі, працавала на радыё, у газетах і часопісах, а яе кніга «Веснацвет» стала ўсяго толькі чацвёртым «жаночым» выданнем у беларускай паэзіі...» Не менш цікавыя факты, зазначаюць даследчыкі, можна знайсці ў біяграфіях Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Анатоля Вольнага, Язэпа Пушчы, Алеся Гурло, Янкі Скрыгана і многіх, многіх іншых сябраў аб'яднання.

Але галоўная складанасць у тым, што збіраць гэты матэрыял даводзіцца літаральна па драбніцах, бо значная частка твораў і дакументаў «маладнякоўцаў» была згубленая альбо наўпрост знішчаная... Так, напрыклад, адбылося з пісьменнікам Міколам Нікановічам, лёс якога спрабуе прасачыць сёння яго ўнучатая пляменніца Яўгенія Дзяркач: «Нікановіча сёння, мабыць, ніхто не ведае, хоць яго сяброў і паплечнікаў згадваюць даволі часта. Чаму так здарылася? Бо захавалася вельмі мала ягоных твораў. Калі ў 1931 годзе яго арыштавалі разам з іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі «Чырвонай змены», то знішчылі амаль усе матэрыялы, а яго самога ў 1933-м выслалі за межы Беларусі, на Урал. У 1942 годзе яго прызвалі ў армію, а потым сляды зніклі, і толькі пасля рэабілітацыі ў 1956-м, калі пакрысе пачалі адкрываць архівы, удалося дазнацца, што ён прапаў без вестак, і, як мяркуецца, загінуў на тэрыторыі Чэхаславакіі. Некаторыя рукапісы захоўвала ў сябе яго маці, але яна памерла ад голаду ў час вайны. У яе доме размясціўся шпіталь для параненых, і санітарка скарыстоўвала знойдзеныя паперы для распальвання печы. Выратаваць удалося хіба некалькі спісаных аркушаў і некаторыя асабістыя рэчы. Цяпер у яго роднай вёсцы ўсталявалі памятную шыльду, а ў школьным і Смалявіцкім краязнаўчым музеях ёсць інфармацыя пра яго. Я дагэтуль шукаю, ці застаўся яшчэ нехта з родных, летась выйшла на сувязь з чалавекам у Расіі, які мог быць сынам Міколы Нікановіча, але ён не паспеў адказаць на мой ліст, бо пайшоў з жыцця». Яўгенія Адамаўна і яе сям'я перадалі для праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» алічбаваныя копіі некалькіх фотаздымкаў пісьменніка і анкеты «маладнякоўца».

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша падзякаваў усім партнёрам праекта: «Супольная работа мне здаецца найбольш удалым варыянтам, бо ўсе разам мы зможам паказаць значнасць «маладнякоўцаў» для нашай культуры ў шматбаковым, самым шырокім фармаце, і, мяркую, кожны год да юбілею «Маладняка» будзе насычаны цікавымі падзеямі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з віртуальнага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.