Вы тут

Пазнаёміцца з Купалам у новым фармаце


Цалкам новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Кропкі моцы», работа над якой доўжылася амаль паўгода, неўзабаве пачне прымаць экскурсантаў у філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы» — у вёсцы Харужынцы Лагойскага раёна. Менавіта тут, на Лагойшчыне, у фальварку Акопы жылі маці і сёстры паэта, да якіх Купала прыязджаў на працягу 16 гадоў, тут былі напісаныя больш за 80 яго твораў, у тым ліку славутая п'еса «Паўлінка» і драма «Раскіданае гняздо».


Экспазіцыя размяшчаецца ў пяці залах, кожная з якіх адпавядае пэўнаму раздзелу — «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «За свабоду сваю», «З цэлым народам гутарку весці», «Крыніца натхнення», «Па Бацькаўшчыну!». Таксама зладжаны асобныя зоны ў фармаце «актыўнага музея», дзе наведвальнікі могуць выйсці з ролі пасіўных назіральнікаў і стаць дзеючымі асобамі інтэрактыўных інсталяцый, што перадаюць настрой і дух пэўнага часу, месца і звязаных з імі асабістых гісторый.

Пра некалькі такіх частак «актыўнага музея» «Звяздзе» расказала загадчык філіяла «Акопы» Алена МІКУЛІЧ:

— Напрыклад, пры ўваходзе ў музей змешчана вялізная карта, якую дзеці могуць запомніць і далей скласці на асобным стале з маленечкіх картачак, паводле тых ці іншых дат і падзей у жыцці і творчасці паэта. У інтэрактыўнай бібліятэцы можна далучыцца да твораў Купалы. Яшчэ ў нас ёсць слуп, складзены з літар — з іх можна сабраць словы «Купала», «шчасце», «кветка» і «сонца». Адна з цікавых зон — тэатральная зала, у якой на рассоўных панэлях намаляваныя сцэны з «Паўлінкі» і «Раскіданага гнязда», а на падлозе ляжаць вялізныя кубікі, на кожнай грані якіх змешчаны фрагменты гэтых самых выяў: іх зноў жа трэба скласці, каб паўтарыць малюнак. Потым ёсць у нас вулей, з якім звязаная асобная гісторыя... Словам, пералічваць усе інтэрактыўныя пляцоўкі можна доўга, аднак, на маю думку, лепш прыйсці і ўбачыць на свае вочы, тым больш яны зацікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых: у нас ёсць і што паглядзець, і што паслухаць, і ў што пагуляць.

Інтэрактыўныя пляцоўкі, дарэчы, зблытаць з іншымі немагчыма — яны адмыслова вылучаныя белым колерам, у той час як гістарычныя часткі экспазіцыі, інтэр'ер жылых пакояў наўмысна зроблены цемнаватымі, як, уласна, было пры Купалу на пачатку ХХ стагоддзя. Экскурсіі будуць праводзіцца на беларускай мове, а для шматлікіх расійскіх турыстаў — на рускай. Пачнуцца яны, цалкам магчыма, ужо на гэтым тыдні — сачыце за навінамі музея!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота супрацоўнікаў музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».