Вы тут

Лукашэнка: Прафсаюзы павінны ганарыцца той роллю, якую адыгрываюць у сучасным грамадстве


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прафсаюзным лідарам краіны абмеркаваў падрыхтоўку да VIII З’езда ФПБ і іншыя актуальныя пытанні ў сферы аховы праў працоўных.


Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё выказаў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілу Орду і праз яго — усім прафсаюзам падзяку за актыўную пазіцыю падчас апошніх выбараў. 

«Вельмі шмат залежыла ад арганізаванасці правядзення гэтай кампаніі, і прафсаюзы ўнеслі годны ўклад у яе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вельмі спядзяюся, што і надалей наша, калі можна так сказаць, асноўная партыя, самая буйная і магутная, аснову якой складаюць людзі, якія працуюць, а не займаюцца палітыканствам і хаджэннем па чыстых і ўтульных мінскіх вуліцах, будзе браць актыўны ўдзел у значных грамадска-палітычных падзеях краіны». 

Другое пытанне, якое абмяркоўвалася на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці, — VIII З’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ён адбудзецца сёлета 27–28 лютага. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта і ўраду далучыцца да яго падрыхтоўкі. 

«Не толькі да правядзення, але і арганізацыі выбараў дэлегатаў, каб гэта было дэмакратычна і годна, бо жадаючых многа», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што некаторыя могуць нават пасля гэтай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці пачаць вінаваціць прафсаюзы «ў тым, што яны сталі ледзь не партыяй і выконваюць ледзь не галоўную ролю ў палітычным працэсе». Лідару прафсаюзаў не варта на такія абвінавачванні звяртаць занадта шмат увагі, лічыць Прэзідэнт, галоўнае, каб прафсаюзы ганарыліся той роллю, якую яны выконваюць у беларускім сучасным грамадстве. 

«Няпросты час, людзі розныя, нехта будзе пляткарыць з гэтай нагоды, але ўсе павінны разумець: не дай бог, нейкія цяжкія часы — нам спатрэбяцца і прафсаюзы, і наша маладзёжная арганізацыя, усе арганізацыі будуць задзейнчаныя, таму мы арыентуемся стратэгічна і выбудоўваем сваё жыццё», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы сваю пазіцыю. 

З’езд павінен прайсці годна і прыгожа, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і паабяцаў узяць у ім удзел. 

«У палітычна важны перыяд — прэзідэнцкія выбары, Усебеларускі народны сход, які выпрацуе стратэгію на перспектыву, — прафсаюзы павінны выканаць значную ролю, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму сённяшні з’езд мае вялікае значэнне». 

Міхаіл Орда ў сваю чаргу падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку найбольш важных пытанняў, якія прафсаюзы ініцыююць.

«Мы заўсёды знаходзілі ў вас падтрымку, і для нас гэта вельмі важна — ваша разуменне нашых прапаноў, — сказаў прафсаюзны лідар. — У першую чаргу я хацеў бы падзякаваць вам за падтрымку нашых ініцыятыў па ўмацаванні гарантый працоўных у Працоўным кодексе». 

З 2015 года Федэрацыя ўнесла прапановы ў больш за 400 нарматыўных прававых актаў. Летась выступіла адным з распрацоўшчыкаў карэкціровак у Працоўны кодэкс. Менавіта па ініцыятыве арганізацыі замацаваная норма пра гарантыі занятасці добрасумленным работнікам.

Міхаіл Орда праінфармаваў кіраўніка дзяржавы пра выкананне асноўных задач, якія былі пастаўленыя на папярэднім з’ездзе ФПБ. У прыватнасці, аб пашырэнні практыкі прававой інспекцыі прафсаюзаў, мэта якой — абарона законных правоў працоўных. 

З 2015 года прафсаюзы выявілі больш за 200 тысяч парушэнняў заканадаўства аб працы. Абсалютная большасць гэтых парушэнняў была ліквідаваная. Па патрабаванні прафсаюзаў работнікам было вернута каля 20 мільёнаў рублёў незаконна ўтрыманых або нявыплачаных грашовых сум. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў адноўлена на працы 418 чалавек. У 2019 годзе ў 120 выпадках прафсаюзы прадстаўлялі ў судах інтарэсы сваіх членаў. 

У краіне дзейнічае прафсаюзная юрыдычная служба, якая дапамагае рыхтаваць іскавыя заявы ў суды, звароты ў камісіі па працоўных спрэчках і іншыя працэсуальныя дакументы.
Апошнія гады па краіне праводзяцца прафсаюзныя прыёмы грамадзян, на якіх ёсць магчымасць усім жадаючым атрымаць кансультацыю і прававую дапамогу па пытаннях працоўнага заканадаўства. 

«Прэзідэнт спытаў, як ідзе стварэнне прафсаюзных арганізацый там, дзе іх няма, — паведаміў пасля сустрэчы журналістам Міхаіл Орда. — Нязменнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы: там, дзе ёсць працоўныя адносіны, павінен быць прафсаюз для абароны законных правоў людзей».

За апошнія пяць гадоў галіновымі прафсаюзамі створана 4200 новых пярвічак, 75% з якіх — у арганізацыях прыватнай формы ўласнасці. 

На сустрэчы з Прэзідэнтам было таксама абмеркавана пытанне па выплаце заробкаў на прадпрыемствах-банкрутах. 

«Часта, калі няма крыніц пагашэння запазычанасці па заробках, пакутуюць работнікі, і наша прапанова — кампенсаваць трохмесячную страту заробку (механізм маецца) і страхавыя выплаты. Сёння запазычанасць прадпрыемстваў-банкрутаў па заробку і па адлічэннях у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва складае парадку 30 мільёнаў. Страхавыя выплаты — гэта пенсійны стаж, і людзі могуць не далічыцца ў будучыні пенсіі, якую зарабілі», — патлумачыў журналістам Міхаіл Орда. 

У 2017 годзе Федэрацыя прафсаюзаў выступіла з ініцыятывай стварэння механізма кампенсацыі страчанага заробку работнікам прадпрыемстваў-банкрутаў. Летась Мінэканомікі і Мінфін распрацавалі канцэпцыю абавязковага страхавання ад нявыплаты заробку пры банкруцтве. Канцэпцыя прадугледжвае адлічэнні ў Белдзяржстрах 0,04% ад фонду заробку тымі арганізацыямі, якія тэарэтычна могуць стаць банкрутамі. З гэтага фонду потым будзе выплачвацца страчаны заробак за тры месяцы. 

ФПБ прапануе падтрымаць рэалізацыю гэтай ініцыятывы і вызначыць сціслыя тэрміны падрыхтоўкі і прыняцця адпаведнага праекта нарматыўнага прававога акту. 

У размове з кіраўніком дзяржавы таксама падымаліся пытанні па ахове працы, захаванні тэхніцы бяспецы. «Летась адбыўся рост траўматызму, павялічылася колькасць загінулых на вытворчасці, — пракаментаваў журналістам гэты аспект лідар прафсаюзаў. — Мы з Мінпрацы і Генеральнай пракуратурай вызначыліся па гэтай рабоце і лічым, што неабходна павышаць адказнасць і наймальнікаў, і работнікаў».

Тэхнічная інспекцыя ФПБ удзельнічае ў расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прымае меры па недапушчэнні іх утойвання і парушэння правоў пацярпелых. За пяць апошніх гадоў тэхнічныя інспектары ўдзельнічалі ў амаль 2000 такіх расследаваннях.

Міхаіл Орда таксама праінфармаваў Прэзідэнта пра стан спраў на прадпрыемствах «Строммашына» і «Брэсцкі электралямпавы завод» і ўнёс прапановы па паляпшэнні іх працы. 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п