Вы тут

Сёння стартуе рэспубліканская акцыя “Бяспека — у кожны дом!”


Для прыцягнення ўвагі грамадзян да праблемы ўзнікнення пажараў і гібелі на іх з 20 студзеня па 20 лютага ратавальнікі правядуць рэспубліканскую акцыю “Бяспека — у кожны дом!”, паведамілі ў МНС.


Акцыя складаецца з пяці этапаў. Першы з іх пройдзе з 20 па 26 студзеня. Мэтавая аўдыторыя — асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. Работа будзе праводзіцца на базе наркалагічных дыспансераў, Цэнтраў бяспекі і пажарных аварыйна-выратавальных частак. Мерапрыемствы пройдуць пад адзінай назвай “Цвярозы погляд на бяспеку”, якія ўключаць у сябе прафілактычныя гутаркі, дэманстрацыю фільмаў, а таксама заняткі на тэматычных інтэрактыўных пляцоўках. Дапамагаць ратавальнікам у гэтай справе будуць супрацоўнікі міліцыі, работнікі аховы здароўя і іншых зацікаўленых арганізацый.

На другім этапе, які пройдзе з 27 студзеня па 2 лютага, увага ратавальнікаў перамесціцца на састарэлых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і жыхароў сельскіх населеных пунктаў. Для іх падрыхтавана шырокамаштабнае мерапрыемства “Скарбонка бяспекi”, якое пройдзе на базе сельскіх Дамоў культуры. Гэты этап стане па-сапраўднаму незвычайным, таму што акрамя раздачы тэматычнай нагладна-выяўленчай прадукцыі і гутарак пра бяспеку жыццядзейнасці будзе праведзены шэраг новых актыўнасцяў. Так, ратавальнікі падрыхтавалі квэст-гульню “Першы ратавальнік на вёсцы”, якая прадстаўляе сабой 11 інтэрактыўных пляцовак, якія трэба прайсці ў камандзе за максімальна кароткі час. Гульня “Поле цудаў з МНС” не пакіне абыякавымі аматараў аднайменнай тэлевізійнай перадачы. Прынцып гульні просты: удзельнікам неабходна па літарах адгадаць слова, загаданае вядучым. Яны па чарзе круцяць барабан, разбіты на сектары, у кожным з якіх пытанне па бяспецы жыццядзейнасці, якое неабходна раскрыць удзельнікам. У “Караоке бяспекі” ўдзельнікі прадставяць загадзя падрыхтаваныя кампазіцыі, пасля выканання якіх сумесна з прадстаўніком МНС раскрыюць схаваны ў іх пасыл.

З 3 па 7 лютага пройдзе трэці этап акцыі. Акцэнт будзе зроблены на працоўныя калектывы прадпрыемстваў і санаторыяў. Там правядуць шэраг мерапрыемстваў, у ходзе якіх работнікі МНС растлумачаць асноўныя правілы бяспекі, прывёўшы ў прыклад статыстычныя дадзеныя, прадэманструюць тэматычныя фільмы, правядуць віктарыны і конкурсы, а таксама разгорнуць работу інтэрактыўных пляцовак. Заключным акордам этапу стане канцэртная праграма, падрыхтаваная пры ўдзеле юных ратавальнікаў-пажарных і работнікаў культуры.

Не застануцца без увагі і студэнты ВНУ, ліцэяў і каледжаў — ім будзе прысвечаны чацвёрты этап акцыі, які праводзіцца з 10 па 14 лютага. Для іх ратавальнікі будуць выкарыстоўваць самыя сучасныя формы работы. Студэнты стануць удзельнікамі ток-шоў “Дыялог”, у якім паспрабуюць знайсці рашэнні існуючых праблем у галіне бяспекі жыццядзейнасці. Інтэрактыўная гутарка “Сакрэт бяспекі” дазволіць даведацца пра асноўныя прычыны пажараў і замацаваць атрыманыя веды на практыцы. “Музычная бітва за бяспеку” падзеліць аўдыторыю на каманды, кожнай з якой па чарзе будуць уключацца фанаграмы вядомых песень, аб’яднаўшы назвы ці радкі якіх можна вывесці пастулаты бяспекі. Не абыдзецца без унікальных фарматаў — гульні “Дзе логіка?”, у якой трэба будзе звязаць з правіламі бяспечных паводзінаў зашыфраваныя на слайдах словы, і “Брэйн-рынга”, дзе ўдзельнікі на працягу хвіліны адкажуць на пытанні, якія тычацца бяспекі жыццядзейнасці.

Заключны этап пачнецца 17 лютага і будзе доўжыцца да 20 лютага. Полем дзеянняў ратавальнікаў стануць месцы з масавым знаходжаннем людзей — адкрытыя пляцоўкі, буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі і г. д. Фінальныя мерапрыемствы будуць прадстаўлены інтэрактыўнымі пляцоўкамі і яркімі канцэртнымі праграмамі, у якіх прымуць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці і зоркі беларускай эстрады.

Традыцыйна ў правядзенні акцыі да работнікаў МНС далучацца члены клубаў юных ратавальнікаў-пажарных, студэнты і работнікі іншых арганізацый.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».