Вы тут

Увесь дзень — “Маладняк”



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Увесь дзень — “Маладняк”

Дзень “Маладняка” прайшоў 16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Дзень, як вядома, пачынаецца раніцай. Гэтай раніцай — змястоўнай, ні хвілінкі нікуды дарэмна — стаў круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі”, на якім сабраліся толькі зацікаўленыя і толькі для таго, каб пагаварыць, па-першае, пра работу праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” (вядомага яшчэ і як “праект чатырох”), па-другое, пра жыццёвыя і творчыя шляхі “маладнякоўцаў”, іх вершы і лёсы, сяброў і настаўнікаў, іх ролю не толькі ва ўчарашняй, але і ў сённяшняй нашай літаратуры.

Алесь Суша.

Алесь Суша, Павел Сухарукаў, Міхаіл Рыбакоў.

Прывітальныя словы прагучалі ад намесніка генеральнага дырэктара — дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алеся Сушы, дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіла Рыбакова і дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома “Звязда” Паўла Сухарукава.

Са своеасаблівымі (досыць вобразнымі і даволі эмацыйнымі) справаздачамі аб гадавой рабоце праекта выступілі галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава, загадчык навукова-асветніцкага аддзела ДМГБЛ Эліна Свірыдовіч і галоўны бібліёграф НББ Таццяна Лаўрык. Гэтая “справаздачная” частка з’явілася своеасаблівым двухкроп’ем, за якім паслядоўна, у форме вельмі жывых, хоць пры гэтым і навуковых паведамленняў адбываліся выступленні даследчыкаў літаратуры і яе гісторыі — Анатоля Вераб’я, Віктара Жыбуля, Аксаны Данільчык, Дзмітрыя Давідоўскага, а таксама загадчыцы Літаратурнага музея Петруся Броўкі Наталлі Мізон і рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва” Таццяны Барадулі. Гаварылі пра Дубоўку і Броўку, сяброўства Уладзіміра Дубоўкі і Адама Бабарэкі, журботныя матывы лірыкі адных і моцныя ўзоры літкрытыкі іншых, распавядалі пра 115-гадовага студзеньскага юбіляра Уладзіміра Хадыку і іншых юбіляраў гадоў прабеглага і бягучага, закраналі трагічныя лёсы многіх паэтаў міжваеннага часу, а сярод іх — незайздросны, таксама ў нечым трагічны лёс адной паэткі — Зінаіды Бандарынай.

Таццяна Лаўрык.

 Святлана Воцінава, Эліна Свірыдовіч, Яўгенія Дзяркач.

Анатоль Верабей.

На творчасці “маладнякоўцаў” адбіліся складаныя працэсы ў грамадстве, што рабіла паэзію рытарычнай, бязвобразнай, часам лірызму пазбаўленай. Як сказаў Анатоль Верабей, былі ў ёй няцмянасць і невыразнасць, зашыфраванасць думкі, што давала “багаты матэрыял для нападак”. Сама назва “Маладняк” мела на ўвазе тое значэнне гэтага слова, якое апісваецца выразам “малады лес”. Гаворка пра гэта зайшла па той прычыне, што паходжанне назвы не з’яўляецца, так бы мовіць, шырокавядомай інфармацыяй (і слушна заўважыў Міхаіл Рыбакоў: працы даследчыкаў — гэта важна, але важна і тое, што ведацьме “просты люд”, наведвальнікі музеяў), а сама назва выклікае пытанні, калі падысці да слова з пазіцыі слоўніка. Віктар Жыбуль унёс у сітуацыю пэўную яснасць, працытаваўшы верш Міхася Чарота, у нейкім сэнсе маніфест “Маладняка”:

А сягоння — чутны водгукі:

— Нам расці — дык мала дня!

Толькі тут узняцца мог такі

Волат лес — наш Маладняк.

 

Стройны лес і горды выгляд,

Нібы раць, што мкнецца ў бой.

Яго шум — што голас: «Выедам

Пастаяць за праўду галавой».

Віктар Жыбуль.

“Лясная, раслінная вобразнасць была вельмі распаўсюджана ў тагачаснай паэзіі, — сказаў даследчык. — З дапамогай гэтых вобразаў вялася і літаратурная палеміка. У прыватнасці, прыхаваная палеміка, скіраваная ў бок “Маладняка”, ёсць у “Казках жыцця” Якуба Коласа”. Гэтая “асобная тэма” можа развіцца да новай публікацыі, і добра будзе, калі яна разаўецца ў межах праекта. Прынамсі, на гэта ёсць спадзяванне. Пераходзячы непасрэдна да тэмы свайго выступлення — імёны юбіляраў 2010 года і “маладнякоўскія” фонды, — Віктар Жыбуль зноў спаслаўся на вобраз: “Яны нездарма параўноўвалі сябе з лесам — за пару гадоў “Маладняк” разросся да масавай арганізацыі, пра якую гаварылі: “Прыйшоў Чарот, а за ім шасцьсот”.

Віктар Жыбуль і Аксана Данільчык.

Святлана Воцінава.

Літаратуразнаўца Аксана Данільчык, якая на працягу дзесяці гадоў даследуе творчасць Зінаіды Бандарынай і адначасова займаецца гендэрнымі праблемамі, адзначыла, што для любога даследчыка вельмі важна сістьэмна вяртацца да таго матэрыялу, які ён аднойчы пачаў даследаваць. Гэта дазваляе, прынамсі, выпраўляць недакладнасці, якім па аб’ектыўных прычынах магло знайсціся месца ў папярэдніх публікацыях. Чым прывабная для даследчыцы постаць Зінаіды Бандарынай? “Яе паэзія адлюстроўвае ўсе супярэчнасці “маладнякоўскага” перыяду беларускай літаратуры”, — патлумачыла Аксана Данільчык. Тое, што Зінаіда Бандарына імкнулася праявіць і грамадзянскую пазіцыю, і пазіцыю сваю як асобы (яе называюць “неўтаймоўнай”, сама яна сябе называе “шалёнай Зінай”) выразна паказана ў артыкуле Аксаны Данільчык, які напісаны на падставе дакументаў і выходзіць у студзені ў часопісе “Маладосць”.

Дзмітрый Давідоўскі.

Таццяна Барадуля.

Наталля Мізон.

Экскурсія па выставе.

Дзмітрый Давідоўскі распавядаў пра цеплыню адносін Дубоўкі і Бабарэкі.

Пра ўплыў “Маладняка” на паэзію Петруся Броўкі паведамляла Наталля Мізон.

Пра тое, як дзейнасць “маладнякоўцаў” адлюстравана на старонках “ЛіМа”, расказвала Таццяна Барадуля.

Асаблівую ўвагу прысутных звярнула на сябе ўдзельніца круглага стала Яўгенія Дзяркач, унучатая пляменніца “маладнякоўца” Міколы Нікановіча, некалі — аўтарка “Маладосці”. Прынесеныя ёю дакументы адназначна зацікавілі даследчыкаў.

***

Выступае Алеся Сівохіна.

Сайд-праект Naka Piano (Ірына Кліменка, Анастасія Шпакоўская).

Народны літаратурны тэатр "Жывое слова".

Іван Саверчанка.

Ганна Севярынец.

Дзень, як вядома, завяршаецца вечарам. Дзень “Маладняка” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі завяршыўся цудоўным вечарам, на якім гучалі вершы і музыка — у выкананні тэатра “Жывое слова” і Сайд-праекта "Naka Piano", прэзентаваўся віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” і зладжана была экскурсія па спецыяльна адкрытай выставе з кніг і асабістых рэчаў паэтаў “Маладняка”. На вечары выступілі дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка, і вядомая настаўніца, даследчыца літаратуры Ганна Севярынец. У канцы кожны, хто правёў гэты дзень з “Маладняком” у Нацыяналцы, мог пакінуць свой водгук пра яго. Ад “Маладосці” было напісана: “Ганарымся далучанасцю, удзячныя за супрацоўніцтва”. Ну, ці нешта падобнае. Бо на працягу дня шмат разоў прагучала пра пераемнасць і спадчыну ў звязцы “Маладняк” — “Маладосць”.

“Праект чатырох” працягваецца!

“Маладосць”

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.