Вы тут

Ты тупы, калі не ўпісваешся


Як невідавочнымі рэчамі можна разварушыць надзейную руціну.


Калі кур'ер кажа, што будзе ў вас цягам гадзіны, адпраўляйце яго назад: згодна з абсурдным спектаклем "Сярожа вельмі тупы" — яго прэм'ерныя паказы адбыліся 17 снежня і 13 студзеня ў культурным хабе Ок16 — гэта можа значыць, што тую гадзіну ён прабудзе ў вашай кватэры. Дзмітрый Багаслаўскі паставіў ўжо другую пасля "Чалавека з Падольска" п'есу расійскага драматурга Дзмітрыя Данілава, дзе ўвогуле незразумела, што адбываецца, і зачэпак за сэнсы ў антуражы, рэжысёрскай рабоце і ігры акцёраў гарэзліва бракуе. Уласна, як часам і ў рэальным наваколлі.

Хоць ужо ў пачатку пастаноўка выдае свой, бадай што, самы ўдалы, у тым ліку з пункту гледжання сэнсаўтварэння, трук — рэжысёр размяшчае галоўнага героя Сярожу ў люстрана-сіметрычную кватэру, прычым так, што той і сам гэтаму як быццам здзіўляецца, калі перастаўляе адну з канап і заўважае падазроную кампазіцыю. Ці то ён склаў з мэблі магічную фігуру, ці то трапіў у Залюстроўе альбо яго аналаг, але, можа быць, менавіта з гэтага моманту зразумелая рэальнасць пераключаецца на абсурд, што герою непрывычна гэтаксама, як і гледачу.

Сцэна выглядае вельмі проста: класічны дывановы ўзор на падлозе, дзве канапы, двое дзвярэй — мы ў аднапакаёвай кватэры трыццацігадовага айцішніка, які распрацоўвае мабільныя праграмы. Сярожу тэлефануюць і паведамляюць, што яму — пасылка, кур'ер будзе цягам гадзіны, пытаюць, ці ён згодны. Галоўны герой згаджаецца, і ў кватэру заяўляцца не адзін, а тры кур'еры (важная, у прыватнасці для славянскага фальклору, лічба).

Усё, што адбываецца, вядома ж, супярэчыць цвярозаму розуму: замест таго каб перадаць пасылку цераз парог, кур'еры ўваходзяць у кватэру; замест сваіх прамых функцый госці выконваюць "пратакол" і застаюцца на гадзіну; кожны адзеты ў адмысловы касцюм, які не пасуе ніводнаму з іх, але намякае на прыналежнасць да нейкай таямнічай, ледзь не незямной, але з іроніяй, арганізацыі, і гэтак далей.

Тры "госці" прадстаўляюць розныя пакаленні і транслююць гледачу некаторыя знакі сваіх генерацый. Старэйшы ўвесь час адсылае да былога і павучальна раіць Сярожу завесці дзяцей, сярэдні з цвёрдасцю і катэгарычнасцю ў постаці мае нешта ад выхавання 90-х, малодшы захоплена слухае пра Сярожаву работу і сімвалізуе агульнае захапленне сферай высокіх тэхналогій, што аказваецца надзвычай прыдатна да нашай тэатральнай сцэны.

У адрозненне ад "Чалавека з Падольска" п'еса "Сярожа вельмі тупы" рэдка ўключае ў сябе маркеры выключна расійскага асяроддзя, але, напрыклад, нараканне на перайменаванне міліцыі ў паліцыю "выбівае" з абсурднай пастаноўкі ў абсурдную рэчаіснасць: нават неарганічная "паліцыя" павінна застацца ў спектаклі ў адпаведнасці з арыгіналам.

Замест сэнсаў прапанаваная эстэтыка стварае ірацыянальнае адчуванне небяспекі, якое з'яўляецца ў наладжаным жыцці Сярожы разам з кур'ерамі, хоць нічога адкрыта пагрозлівага яны не робяць. Глядач не даведаецца, што ў пасылцы, хто насамрэч гэтыя візіцёры (але ён зразумее: дакладна не кур'еры), што здарылася б, калі б жонка — такая ж містычная асоба — не забараніла Сярожу разгарнуць пакінутае. Але тэкст п'есы, насцярожанасць галоўнага героя, рухі цел акцёраў і музычнае суправаджэнне (не найлепшы выбар, як і з касцюмамі) пакажуць, якімі невідавочнымі рэчамі можна разварушыць надзейную руціну. Каб на завяршэнне ўсё вярнулася да звыклых законаў жыцця, прастора мусіць зноў трансфармавацца.

"Сярожа вельмі тупы" — чарговы спектакль у сціплабюджэтных пошуках новага тэатра Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў Аrt Соrроrаtіоn. Помню, яшчэ ў канцы снежня пасля трансляцыі "Шчаўкунка" ў праекце Thеаtrе HD невялічкая кампанія тэатралаў і гледачоў абмяркоўваючы вынікі года, сышлася на тым, што самае цікавае апошнім часам знаходзіцца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, лялечным тэатры — не канкрэтнай інстытуцыі, а ўвогуле, і сярод праектаў Аrt Соrроrаtіоn.

Папярэднюю пастаноўку па Данілаву драматург і рэжысёр Багаслаўскі, прадстаўнік новай генерацыі беларускіх тэатралаў, ставіў яшчэ на сцэне Маладзёжнага тэатра, з якога сышоў у мінулым сезоне. Тады сыход Дзмітрыя разам з іншымі задаў лагічнае пытанне: як беларускаму пастаноўшчыку існаваць у тэатральнай прасторы не прывязаным да аклада пэўнай інстытуцыі.

Прынамсі, адной з альтэрнатыўных пляцовак, што раз-пораз прадстаўляе адны з найлепшых спектакляў сезона, стаў культурны хаб Ок16, памяшканні якога добра прыдатныя да камерных, блізкіх у прасторы, стыльных спектакляў. Праўда, для ладнасці "Сярожы" бюджэту яўна не хапіла і прэснасць рэжысёрскай пастаноўкі надала спектаклю непрыемную вуглаватасць.

Зрэшты, калі ў тэатры ідзе абсурд, навокал глядзець лягчэй.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Кацярыны АРЦІМЕНІ


Іншая рэцэнзія на гэты спектакль, якую мы апублікавалі пасля першага прэм'ернага паказу.

Загаловак у газеце: Ты тупы, калі не ўпісваешся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».