Вы тут

Турчын: Наша задача — забяспечыць бяспеку людзей


Свой першы прыём на новай пасадзе старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын правёў у Мінскім раёне. І гэтаму ёсць тлумачэнне. «Гэта самы вялікі рэгіён у вобласці і краіне, дзе пражывае больш за дзвесце тысяч чалавек. Тут знаходзіцца вялікая колькасць садовых таварыстваў, адбываецца штодзённая міграцыя з раёна ў Мінск і назад. Усё гэта ўплывае на характар і колькасць праблем. Але важна дакладна іх класіфікаваць. Людзі павінны разумець, дзе дзяржава можа падставіць плячо і выканаць свае абавязацельствы, а дзе зона адказнасці саміх грамадзян», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.


Амаль дваццаць жыхароў скарысталіся магчымасцю звярнуцца да старшыні Мінаблвыканкама. Людзей цікавілі пытанні рознага характару.

Двое жыхароў вёскі Шчытомірычы папрасілі пасадзейнічаць ім у абсталяванні тратуара працягласцю 2,5 кіламетра ўздоўж вуліцы Прыдарожнай, бо тут ездзяць машыны вялікай грузападымальнасці, а гэта стварае нязручнасці пешаходам, якія дабіраюцца да аўтобуснага прыпынку.

— Наша задача — забяспечыць бяспеку людзей, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама. — Спецыялісты вывучаць сітуацыю, пастараюцца ўладкаваць абочыну дарогі так, каб па ёй быў забяспечаны рух пешаходаў у адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі. А пакуль падыход да прыпынку будзе арганізаваны па вуліцы-дублёры або па праходах жылой забудовы.

У планах таксама да 1 ліпеня правесці комплексныя работы, з тым каб пусціць па гэтай вуліцы аўтобус. Тады і неабходнасць у руху пешаходаў тут знізіцца.

Шматдзетная маці, якая выхоўвае пяцярых дзяцей, звярнулася з просьбай пасадзейнічаць ёй рэалізаваць сваё права на выкарыстанне сямейнага капіталу, каб дабудаваць дом. Аляксандр Турчын даручыў спецыялістам камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама дапамагчы жанчыне, растлумачыць ёй, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі.

Не абышлося і без зямельных пытанняў. Жыхар аграгарадка Калодзішчы выказаў жаданне пабудаваць дзіцячы цэнтр. Для гэтага яму неабходны зямельны ўчастак, а набываць яго шляхам аўкцыёну мужчына лічыць дарагой працэдурай. Зямля ў Мінскім раёне, як вядома, карыстаецца вялікім попытам і выдзяляецца для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, што цягне за сабой абавязацельствы па іх выкананні.

Традыцыйнымі сталі пытанні па капітальным рамонце дамоў. У аграгарадку Міханавічы з 2016 года не могуць увесці ў дзеянне жылы дом пасля капрамонту, таму што не завершаны работы ў шасці кватэрах. Падрадная арганізацыя спыніла рамонт, бо кампанія-заказчык прызнана банкрутам. Але, як аказалася, ёсць фірма, якая стала яе правапераемнікам. Праўда, тут не ўсё так проста. Жыльцы паспелі зрабіць у сваіх кватэрах перапланіроўку, што магло паўплываць на аслабленне нясучых канструкцый і прывесці да з'яўлення трэшчын на сценах. Аднак старшыня жыллёва-будаўнічага вытворчага кааператыва паказала вынікі абследавання, якія сведчаць, што гэта не так. Спецыялісты дасканала вывучаць пытанне і вызначаць, за чый кошт будуць завершаны работы. Таксама эксперты абласнога ўзроўню па даручэнні старшыні Мінаблвыканкама вывучаць падобную сітуацыю ў аграгарадку Пятрышкі. У гэтым населеным пункце дом здалі ў эксплуатацыю ў 2012 годзе. Па словах старшыні кааператыва, ён «халодны і сыры». І гэта выклікана, на яго думку, недапрацоўкамі з боку будаўнікоў. Цяпер слова — за незалежнымі экспертамі.

Па дапамогу звярнуліся і прадстаўнікі таварыства ўласнікаў. Яны лічаць, што старшыня таварыства немэтазгодна расходуе агульныя сродкі. Такія пытанні часта паступаюць падчас асабістых прыёмаў: людзі хочуць праз органы ўлады дабіцца справядлівасці. Аляксандр Турчын даў даручэнне прызначыць упраўляючага і праверыць работу кіраўніка кааператыва. А затым арганізаваць адкрытыя выбары прэтэндэнта на гэтую пасаду. Людзі павінны самі вызначыць, каму яны давяраюць.

У дзень прыёму грамадзян, 15 студзеня, Мінскай вобласці споўнілася 82 гады. Аляксандр Турчын павіншаваў усіх прысутных са святам і адзначыў, што цэнтральны рэгіён развіваецца значна хутчэйшымі тэмпамі, чым іншыя. І сёння стаіць задача — стварыць рэальную праграму вобласці на пяцігодку, якая дазволіць павысіць дабрабыт грамадзян.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дзяржава падставіць плячо

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.