Вы тут

У Вялікай Бераставіцы вавёркатэрапія зніме стрэс


Што ўражвае ў Вялікай Бераставіцы, дык гэта мноства выяў вавёрак. І пачынаецца гэта знаёмства адразу пры ўездзе ў гарадскі пасёлак. Бронзавая вавёрка ўзвышаецца на прыгожай кампазіцыі «Дрэва жыцця», што ўстаноўлена ў цэнтры. Металічную канструкцыю ў форме ляснога звярка можна ўбачыць каля дома культуры. Яшчэ аднаго — каля музычнай школы. Здалёк відаць ваверкі-флюгеры на будынках, а на ліхтарах — сцяжкі з той жа вавёркай. Больш за тое, у Вялікай Бераставіцы нават адкрылі музей вавёркі.


Увогуле рабіць акцэнт на вавёрках-манументах не вельмі правільна, бо не так даўно тут далі «кватэру» і жывому лясному звярку. Яго мянушка — Рубін, ён прыбыў з Гродзенкага заапарка і даволі добра адчувае сябе на новым месцы — прасторнай пляцоўцы каля таго самага музея вавёркі.

— І такі задзірысты! Да нас тут прыходзіць сабачка, і мы хваляваліся, каб ён не спалохаў вавёрку, але атрымалася якраз наадварот. Вавёрка пачала перад ім усялякія акрабатычныя піруэты паказваць, ды так, што наш сабачка сціх і толькі паглядаў на такое дзіва. А ўвогуле наш Рубін да ўсіх падыходзіць, можа нават на плячо ўскочыць, — расказала пра свайго выхаванца выканаўца абавязкаў дырэктара музея Наталля Таргонская.

Такая павага да вавёркі, вядома ж, мае пад сабой гістарычную аснову. Больш за 250 гадоў таму гарадскі пасёлак атрымаў магдэбургскае права і быў зацверджаны яго герб — вавёрка з залатой каронай. Адкуль такая выява? Па адной з версій, у наваколлі расло шмат дубоў і ліп, якія сталі прытулкам для жывёл. Па другой — дачка ўладара населенага пункта Хадкевіча нечым нагадвала вавёрку: доўгія рыжыя валасы, востры позірк, спрытныя рухі. Якая легенда праўдзівая — невядома, але вавёрка ўсё ж вярнулася на герб Вялікай Бераставіцы. А ў хуткім часе тут адкрылі музей, дзе сабрана безліч экспанатаў з выявай ляснога звярка.

Мінулым летам у музейным дворыку з'явіўся вулічны вальер для жывой вавёркі. І, па словах Наталлі Таргонскай, цяпер у музеі асвойваюць новы кірунак — вавёркатэрапію, альбо лячэнне з дапамогай гэтых жывёл. Наведвальнікі могуць не толькі паглядзець на жвавага звярка, але і пакарміць яго і нават узяць на рукі. Супрацоўнікі музея заўважылі станоўчы ўплыў вавёркі на псіхалагічны стан чалавека.

— Аказваецца, яны здольны дапамагчы няўпэўненым у сабе людзям пераадолець замкнёнасць і перамагчы комплексы. А тактыльныя зносіны настройваюць на адкрыты і добразычлівы лад, зніжаюць трывожнасць, эмацыянальную напружанасць і агрэсію, — заўважае Наталля.

Вавёрка так трывала ўвайшла ў жыццё гарадскога пасёлка, што нават нагрудны знак ганаровага грамадзяніна выкананы з выявай звярка. Ім, дарэчы, узнагароджаны адзін з самых вядомых мясцовых краязнаўцаў, супрацоўнік музея Мікалай Пацэнка. А ўвогуле выяву вавёркі маюць на гербе 32 гарады і пасёлкі ў 12 краінах свету, з іх два ў Беларусі. Гэта Вялікая Бераставіца і Акцябрскі Гомельскай вобласці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена Музеем вавёркі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».