Вы тут

«Трэба, каб дзеці аказвалі дапамогу проста так, а не таму, што ім за гэта нешта будзе»


У Вялікабераставіцкай сярэдняй школе імя С. В. Прытыцкага створаны валанцёрскія атрады рознага кірунку. Увогуле існуе іх тут амаль дзясятак. У адным сабраліся аматары чысціні навакольнага свету, у другім займаюцца пошукавай справай, трэція наогул універсалы... Усе яны аб'яднаны ў валанцёрскае агенцтва, якім кіруе намеснік дырэктара школы Алена Ганчарэвіч. Яна паставіла сабе мэту — перазагрузіць светаўспрыманне дзяцей, каб яны праз рэальныя справы зразумелі нешта важнейшае, чым выгада.


Побач з ветэранам педагагічнай працы Зінаідай Васілеўнай Шурбай.

Валанцёрскаму руху ў Вялікай Бераставіцы крыху больш за 10 гадоў. Напачатку ў школе існаваў толькі адзін атрад, які дапамагаў ветэранам і сталым людзям. Удзельнікі атрада наведвалі сваіх падшэфных па неабходнасці. А два гады таму школа ўступіла ў дзяржаўны валанцёрскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб'яднанняў», які ставіць мэту пашырыць гэты рух. У рамках праекта было створана валанцёрскае агенцтва «Перазагрузка», у якое ўваходзяць дзевяць службаў дапамогі.

Вось, напрыклад, «Універсал». Яны дапамагаюць у правядзенні спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў як у школе, так і ў вобласці.

Ёсць атрад «Пошук». Яго задача — захоўваць у належным парадку помнікі, мемарыялы. Разам з гэтым вядзецца пошукавая работа. І, трэба сказаць, даволі паспяхова. Нядаўна школьнікам удалося знайсці ўнука генерала Івана Міхайліна. Перад вайной генерал-маёр быў накіраваны на ўмацаванне абарончых збудаванняў заходніх граніц і загінуў літаральна на другі дзень вайны ад асколка падчас нямецкай бамбёжкі. Яго пахавалі каля адной з вёсак. А праз 14 гадоў яго сын пачаў шукаць месца пахавання. Трэба сказаць, што тады гэта работа набыла даволі вялікі маштаб, падключылася вялікая колькасць людзей. Іх намаганнямі тое месца знайшлі, а рэшткі генерала перанеслі ў брацкую магілу. Сённяшнія валанцёры пачалі пошук іншых родных генерала, і ім гэта ўдалося. Яны знайшлі малодшага сына Івана Міхайліна, а таксама яго ўнука Георга, які жыве ў Чэхіі.

Валанцёры за работай.

— І, ведаеце, дзеці былі вельмі ўзрушаны. Унук Георг пабываў сёлета тут, ён нават не ведаў, дзе пахаваны яго дзед. Зразумела, што гэта падштурхнула атрад да далейшай работы, — заўважыла Алена Мікалаеўна.

Ёсць атрад «Ты не адзін». Гэта дапамога дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. Валанцёры наведваюць цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі, дзе навучаюцца дзеці з інваліднасцю. Атрад «ЗааСпас» займаецца дапамогай жывёлам і птушкам, на іх рахунку збор кармоў для бадзяжных жывёл.

— Ёсць тыя, каму патрэбна дапамога, і ёсць тыя, хто можа гэта зрабіць. Задача нашага праекта — дапамагчы ім сустрэцца, — акрэслівае сваю пазіцыю Алена Ганчарэвіч. — Я бачу, як мяняецца светаўспрыманне дзяцей. Свайго роду перазагрузка свядомасці.

У валанцёрскім руху ў асноўным школьнікі, але ёсць адзін атрад з прыгожай назвай «Сярэбраны дэсант», у склад якога ўваходзяць ветэраны педагагічнай працы. Нехта вядзе мастацкі гурток, хтосьці вучыць кулінарыі. Школьнікі-валанцёры супрацоўнічаюць з БРСМ, Чырвоным Крыжам. Нядаўна валанцёры школы пабывалі ў доме-інтэрнаце для састарэлых, выступілі з канцэртам.

— Дзеці былі пад уражаннем, усе шкадавалі гэтых бабуль і дзядулек, кожны хацеў забраць іх сабе. Цяпер няпросты час, і дзяцей трэба выхоўваць на міласэрнасці, каб яны аказвалі дапамогу проста так, а не чакалі, што ім за гэта нешта будзе. Бывае, што яны прыходзяць і становяцца іншыя, не чакаюць нейкай матэрыяльнай выгады. Бо адчуванне таго, што ты зрабіў нешта добрае, — гэта ўжо выгада. Ад гэтага можна атрымліваць задавальненне, — лічыць Алена Мікалаеўна.

Дзеці, вядома ж, больш накіраваны на тэхналогіі — гаджэты, камп'ютары. Здаецца, хто з іх будзе слухаць бабуль і дзядуль, у якіх, можа, толькі тры класы адукацыі. Так меркавалі ў школе, калі адкрывалі атрад ВНУК. Нават хваляваліся, што ніхто ў яго не пойдзе. Але аказалася наадварот: дзеці гатовы прыходзіць, працаваць у доме і на двары, але, галоўнае, слухаць успаміны. Аказваецца, дзецям гэта цікава, бо ў сталых людзей ёсць багаты жыццёвы вопыт і безліч цікавых гісторый — як з уласнага жыцця, так і сваёй малой радзімы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена валанцёрскім агенцтвам школы

Загаловак у газеце: Валанцёры. Перазагрузка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».