Вы тут

Глеб Отчык: З прапановамі прыходзіць толькі 5 % мастакоў, а астатнія 95 % кажуць «Дай»


Ужо месяц Саюз мастакоў, у які ўваходзіць больш за тысячу сяброў, дзейнічае пад кіраўніцтвам новага старшыні: 17 снежня на з'ездзе Саюза на змену Рыгору Сітніцу быў абраны 36-гадовы Глеб Отчык. Паколькі ўваходзіць у курс справы ў спадара Глеба — мастака, выкладчыка і да гэтага першага намесніка старшыні суполкі асаблівай патрэбы не было, мы прыйшлі ў офіс аб'яднання і ледзь не з парога задалі пытанне: якая праблема стаіць для Саюза найбольш востра?


— Я ведаю гэтую кухню даўно, і для мяне самым актуальным пытаннем з'яўляецца ўласна магчымасць працаваць і ўмовы працы мастака, то-бок цэны на арэнду майстэрняў, заказы на скульптурныя ці манументальныя творы з боку дзяржавы, супрацоўніцтва з камерцыйнымі галерэямі і гэтак далей. Усё тое, што спрыяе развіццю аўтараў і ўвогуле культурнага асяроддзя, а адначасова — прапагандзе высокага мастацтва і павышэнню прэстыжу краіны за мяжой. Да пастаяннага павелічэння цэн мы ўжо неяк прызвычаіліся, больш актуальнай з'яўляецца сацыяльная абароненасць мастакоў, якія могуць аддаць мастацтву жыццё, прычым з удзелам у буйных рэспубліканскіх і міжнародных праектах, адстойваючы годнасць беларускага мастацтва ў кантэксце сусветнага, а пенсію атрымаць, быццам адседзелі дармаедамі. Нашу краіну ведаюць у тым ліку дзякуючы мастацтву, і для мяне важная магчымасць пераглядаць канкрэтныя выпадкі, калі ўнёсак у беларускую культуру даказаны.

— Тыя ж майстэрні ўжо даўно гучаць у якасці праблемы — у чым тут справа?

— У мастацкім асяроддзі вялікі перакос: нехта прадае свае творы за тысячу рублёў, а нехта за пяць і больш. Апошніх не вельмі шмат — з тысячы толькі сто мастакоў добра зарабляюць і без праблем аплачваюць майстэрні. А ёсць тыя, каму ў прапанаваных умовах не пашанцавала, альбо яны пакуль не знайшлі свайго гледача, альбо не валодаюць камерцыйнай жылкай, таму маюць асаблівую патрэбу ў пастаяннай магчымасці зарабіць. Напрыклад, аналагічнае аб'яднанне мастакоў у Швецыі падтрымлівае ўсіх сваіх сяброў, нягледзячы ні на што, і для ўсіх стварае аднолькавыя ўмовы, не выступаючы ў якасці суддзі, які ацэньвае, хто і чаго варты. Мы таксама з дапамогай дзяржавы маглі б даць мастакам дадатковыя магчымасці зарабіць.

— Неўзабаве пасля таго, як вы сталі старшынёй Саюза, прагрымела трагедыя з Захарам Кудзіным. Калі сталі разбірацца з прычынамі самагубства, гаварылі і пра тое, у якіх умовах мастакам часам даводзіцца існаваць і як ацэньваецца іх праца. Як, на ваш погляд, мастак адчувае сябе ў нашым сённяшнім культурным кантэксце?

— Калі нехта думае, што мастаку лёгка дзесьці ў іншай краіне, а я ведаю шмат калег з Чэхіі, Галандыі, Даніі, — то не. Я і сам пасля заканчэння Акадэміі пачынаў з дэкаратыўнага тынкавання сцен, а заробленыя грошы ўкладаў у сваё развіццё. Некалькі гадоў я правёў на будоўлі, перад тым, як нарэшце атрымаць замовы на роспісы і фрэскі. Калі ў мяне не было магчымасці зарабляць мастацтвам, я не пераставаў пісаць — палова дня з тынкоўкай, астатні час з жывапісам. На апошнім курсе Акадэміі я наняўся ў «Керамін», дзе распрацоўваў калекцыі пліткі. Мастак павінен прайсці гэты шлях як іспыт, толькі нехта праходзіць яго за два гады, а нехта — за дваццаць: пачаць з таго, што ты геній і краіна павінна табе ўсё даць, не можа ніхто. Таму часам даводзіцца наступаць сабе на горла, але я б не сказаў, што ўмовы для развіцця ў нас горшыя, чым за мяжой. Каб мастаку ў Германіі выставіцца ў прыватнай галерэі, можа спатрэбіцца заплаціць пятнаццаць тысяч еўра, а тут, вядома ж, ніхто такіх грошай не папросіць.

— Але ж ёсць нейкія аб'ектыўныя характарыстыкі сферы — у нас сціплы арт-рынак, не распаўсюджана калекцыяніраванне, не хапае прыватных галерэй.

— Арт-рынку ў нас проста няма, бо ім ніхто не займаецца, адпаведна тыя нешматлікія калекцыянеры, што валодаюць тысячай і больш твораў, не могуць ацаніць свае калекцыі. Пакуль у краіне карціна не стане таварам, арт-рынак не ўзнікне. Нашы сябры — Белгазпрамбанк — праз «Восеньскія салоны» і іншыя імпрэзы спрабуюць яго фарміраваць, але пакуль гэта толькі першыя крокі. Вы не заўважыце ў нас актыўнай куратарскай работы, а па вялікім рахунку, каб не было трагічных здарэнняў, калі з Акадэміі мастацтваў выпускаецца таленавіты мастак і не ведае, куды прыткнуцца, павінен быць нехта, хто яго падхопіць. Думаю, Саюз і Міністэрства культуры таксама маюць удзельнічаць у гэтых працэсах, нам трэба праводзіць семінары, канферэнцыі, сустрэчы і разам разважаць аб тым, чаго сферы не хапае і як палепшыць сітуацыю, а не маўчаць да першай бяды. Тым не менш, мне здаецца, змены ў беларускім мастацтве за апошнія гады відавочныя, у тым ліку адносіны дзяржавы становяцца больш уважлівыя.

— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб стварыць у Беларусі арт-рынак, і ці шмат тут залежыць ад дзяржавы?

— Ад дзяржавы залежыць, канешне, шмат: з яе боку можна павялічыць артыкул на мастацтва ў бюджэце краіны і, напрыклад, вярнуць савецкую практыку, калі ў будаўніцтве адзін-два працэнты ад агульнага бюджэту аддаваліся на мастацкае аздабленне — тады б у нас з'явіліся манументальныя, рэльефныя, жывапісныя творы і скульптурныя кампазіцыі. А ў цэлым пачынаць трэба з адукацыі. Я нарадзіўся ў Гомелі і па адной з чарнобыльскіх праграм два месяцы вучыўся ў Галандыі. Я пасябраваў з сям'ёй, у якой жыў, і мы таксама запрасілі яе ў госці. У іх было пяць хлопчыкаў ад пяці да пятнаццаці гадоў, і на выстаўцы ў гомельскай галерэі я запытаўся, якія работы ім падабаюцца найбольш. Мой бацька тады быў старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюза мастакоў, і ён быў уражаны тым, як яны разбіраюцца ў мастацтве. Аказалася, яны з маленства хадзілі на выстаўкі, а з такой практыкай за некалькі гадоў, хочаш ці не, у цябе сфарміруецца густ і ты будзеш сам аналізаваць і купляць мастацтва. Таму яшчэ адна неабходная для з'яўлення мастацкага рынку рэч — уключэнне рэгулярнага наведвання экспазіцый, абавязкова з мастацтвазнаўцамі, у адукацыйную праграму. Я ўжо не кажу, што чым больш у нас будзе аўкцыёнаў, выставак і міжнародных кантактаў, тым хутчэй рынак будзе фарміравацца.

— Возьмем умоўнае палатно Глеба Отчыка за пяць тысяч рублёў: яго лёгка прадаць у Беларусі?

— Не. Пакуль што не. Кошт, які ў мяне больш-менш склаўся, — дзве тысячы рублёў, я працую ў гэтым дыяпазоне. Цану на творы, якія мне шкада прадаваць, я павялічваю. Яшчэ ёсць любімчыкі, якія ўвогуле не прадаюцца. У мяне ёсць адзін сакрэт: калі пішаш карціну з «заточкай» на продаж, яе ніхто не купіць, а тое, што шчыра напісана для сябе, абавязкова купіцца, не сёння, дык заўтра.

— Вы неяк выказвалі думку, што каб атрымаць водгук ад публікі, мастацтва павінна «бударажыць». Як яго такім ствараць і дзе тут пралягае мяжа паміж дазволеным і недазволеным?

— Трэба асучасніваць падачу і канцэпцыю мастацкіх праектаў. Мне цікава рабіць тэматычныя выстаўкі кшталту «Аррlе смак», якую некалькі гадоў таму мы прымеркавалі да Яблычнага Спасу і для якой прапанавалі мастакам, у тым ліку эстонцам, літоўцам, ірландцам, абыграць тэму яблыка. У нас выдатна выступіў гурт Аррlе Tеа, мы разлівалі кальвадас, і толькі на адкрыццё, хоць яно было летам, прыйшло пяцьсот чалавек, а ўвогуле экспазіцыю ўбачыла пяць тысяч. На тэму сямейнага гвалту мы рабілі выстаўку «Мяжа», якая атрымалася, па водгуках гасцей, не горшая за біенале. Каб мастацтва было цікавае публіцы, яно павінна быць сучаснае. Цяпер я працую над ідэяй выстаўкі «Увайсці ў ІT» — мы ж пазіцыянуем сябе як ІT-краіну, — што адкажа на пытанне, як сучасныя тэхналогіі паўплывалі на жыццё і мастацтва. Мяркуецца, што аўтары абсалютна розных кірункаў падрыхтуюць эскізныя праекты, камісія зробіць адбор і найлепшыя атрымаюць гранты на шасцімесячную работу. Памятаю, для выстаўкі ў гонар пяцісотгоддзя кнігадрукавання нам прапаноўвалі пейзажы і нацюрморты — так жа нельга, таму гэтым разам мы жадаем атрымаць адмыслова падрыхтаваныя тэматычныя работы. Мне самому цікава, як тэму ІT раскрые народны мастак, а як — студэнт Акадэміі.

— А калі выказаць думку, што беларускае мастацтва не атрымлівае дастатковай увагі, бо не адпавядае парадку дня, вы пагодзіцеся?

— Я шмат вандрую і магу сказаць, што беларускае мастацтва прафесійнае і разнастайнае. Мы не страцілі школу, і нашы творцы каціруюцца за мяжой. Проста яны пакуль што боўтаюцца самі па сабе — хто на сёрфінгу, хто на лодачцы, хто на надзіманым матрацы, нехта проста грабе, нехта ў шапачцы, нехта без, а трэба пасадзіць іх у адну лодку і прапанаваць падняць ветразі. За тры гады ў нас прайшло 443 выстаўкі, не лічачы міжнародных пленэраў і прыватных акцый: думаю, такую справаздачу ў Беларусі ніхто не дае. Мы чуем скаргі на тое, што ў Палацы мастацтва прадаюцца мёд, шкарпэткі і майткі, дык давайце ператворым гэта ў адмысловую акцыю — прапануем мастакам папрацаваць з мёдам альбо размалюем майткі і прадставім аўтарскую бялізну, то-бок хай гэта будзе падзея. Трэба нешта ініцыяваць, але пакуль што з прапановамі прыходзіць толькі пяць працэнтаў мастакоў, а астатнія дзевяноста пяць — я не ведаю, адкуль у нас гэта пайшло — кажуць: «Дай». Я нават хацеў Саюз перайменаваць у «Дай».

— Вы кажаце, што канцэпцыяй можна прыцягнуць увагу да мастацтва. Як думаеце, ці прыцягнуў публіку ў сферу мастацтва перформанс Аляксея Кузьміча ў ЦСМ?

— Безумоўна, бо пра гэта шмат гаварылі, мне нават знаёмыя з вёсак на гэты конт телефанавалі. На мой погляд, мастацкія акцыі і павінны мець нейкі працяг, а не абмяжоўвацца самімі сабой, але калі загнаны ў кут мастак спрабуе да некага дастукацца акцыянізмам, гэта ў любым выпадку крайнасць, якая сведчыць пра існаванне пэўнай праблемы. Я прапаную спрабаваць дастукацца разам, для таго грамадскае аб'яднанне і існуе, як калектыўны розум. Я вітаю ідэі, разлічаныя на карысць для ўсяго Саюза, напрыклад, праекты, за якія мы атрымліваем зніжкі на майстэрні альбо прадаём дзяржаве творы. Трэба быць рэалістам, а не нацягваць зорку на лоб у надзеі на Млечны шлях.

— Акцыя Аляксея Кузьміча была скіравана супраць цэнзуры з боку Міністэрства культуры. Ці сутыкаецеся вы з цэнзурай?

— Пры Саюзе мастакоў працуе выставачны камітэт, дзе калегі розных кірункаў — графікі, жывапісу, манументальнага мастацтва і так далей — ацэньваюць у першую чаргу прафесійныя вартасці твораў, а потым іх адпаведнасць аўтарытэту арганізацыі, то-бок нормам нашага Статута і Кодэкса аб культуры. У царкве не будзеш хрысціцца трохкутнікам, а ніякіх дадатковых забарон у нас няма. Падчас падрыхтоўкі выстаўкі «Мяжа» мне як куратару давялося адстойваць перад калегам работу Міхаіла Гуліна, у цэнтры якой знаходзілася нецэнзурнае слова. Твор мы ў выніку пакінулі, прыйшло Міністэрства і ніхто нават з яго прадстаўнікоў не ўбачыў нічога крамольнага. Мастацтва само па сабе бязмежнае, можа, нехта сам малюе цэнзуру, але ад яе трэба ў любым выпадку пазбаўляцца.

— Адной з задач Саюза, як я разумею, з'яўляецца наладжванне міжнародных прафесійных стасункаў, а наколькі на сённяшні момант беларускія мастакі ўпісаныя ў міжнародную тусоўку?

— Творы нашых аўтараў захоўваюцца і ў прыватных замежных калекцыях, і ў сур'ёзных музеях. Глянеш на іх біяграфіі — а яны поўныя згадак пра вядучыя пляцоўкі. Я шмат бываў за мяжой: там ведаюць Зою Літвінаву, Леаніда Хобатава, Васіля Касцючэнку, Леаніда Шчамялёва, у Італіі часта называюць Міхаіла Савіцкага. Я сам да пасады ў Саюзе мастакоў паўдзельнічаў у больш чым сарака міжнародных пленэрах і магу сказаць, што беларусаў запрашаюць з задавальненнем: мы заўсёды адказна і з высокім прафесіяналізмам падыходзім да работы і падтрымліваем нацыянальную рэпутацыю. Васіль Шаранговіч расказваў, як ён рабіў дыпломную работу ў графіцы, а гэта было больш за пяцьдзясят гадоў таму: ён працаваў паўтара года, начаваў у майстэрні і здаў пятнаццаць аркушаў. Гэтыя творы і цяпер выглядаюць сучаснымі, гэта не толькі тытанічная, самаахвярная праца, але і высокапрафесійная. Калі працаваць, гэта заўважаць, магу вас запэўніць: на нашы выстаўкі ў Мінску ходзяць эксперты са Швецыі, Нарвегіі, калекцыянеры з іншых еўрапейскіх краін. Усё бачаць. Ніхто незаўважаным не застанецца.

Гутарыла Вольга Міцкевіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.