Вы тут

Чым адметны Аман?


У Амане на працягу сарака дзён прыспушчаны дзяржаўныя сцягі. Краіна смуткуе з прычыны смерці султана Кабуса: пасля працяглай хваробы, з якой мужна змагаўся пяць гадоў, тыдзень таму ён пайшоў з жыцця. Аб трагічнай навіне свет даведаўся з паведамлення афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва краіны: «Каралеўскі двор аплаквае сыход свайго кіраўніка, якога заклікаў да сабе Усявышні». Жалоба была таксама абвешчана ў Егіпце, Катары і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Кабус бен Саід з дынастыі Аль-Бу-Саід кіраваў Аманам паўстагоддзя. Да пяцідзесяцігадовага юбілею на троне абсалютны манарх не дажыў усяго сем месяцаў. Ён аказаўся рэкардсменам па часе знаходжання ва ўладзе сярод арабскіх кіраўнікоў і трэцім — у свеце, паведаміла ТАСС. Але не ў гэтым яго заслуга. Трымаючыся ў цені аравійскіх суседзяў і нячаста з'яўляючыся ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, султанат пры Кабусу дамогся высокіх паказчыкаў унутранага развіцця і немалых поспехаў у знешняй палітыцы, неаднаразова выступаючы пасярэднікам у рэгіянальных і міжнародных канфліктах. У чым сакрэт поспеху Амана?


Радзіма Сіндбада

Аман займае стратэгічна важнае становішча на паўднёва-ўсходнім ускрайку Аравійскага паўвострава, у вусці Персідскага заліва. Гэта найстарэйшая незалежная дзяржава ў арабскім свеце. У мінулым Аман валодаў цэлай імперыяй. У перыяд свайго росквіту ў XІX стагоддзі яна распасціралася па ўсходнім узбярэжжы Афрыкі і сапернічала з Партугаліяй і Брытаніяй за ўплыў у заліве і ў Індыйскім акіяне. Усе вострыя спецыі, увесь гандаль з Індыяй, слановая костка ішлі праз Аман. Мясцовыя жыхары дасюль упэўненыя, што славуты Сіндбад-мараход з арабскіх казак быў іх суайчыннік. Краіна, якая знаходзілася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Афрыкі ў Індыю і Кітай, спрадвеку гандлявала з абодвума кантынентамі. Маршрут з Амана ў Паднябесную складае 9600 кіламетраў — тысячу гадоў таму гэта быў самы доўгі марскі гандлёвы шлях у свеце. Каб даказаць гістарычную заможнасць як марской дзяржавы, у краіне ў 1980-м была пабудавана рэпліка парусніка раннеісламскага перыяду, які атрымаў назву Sohar — па назве галоўнага порта таго часу. Sohar паспяхова пераадолеў 9600 кіламетраў з Амана ў Кітай. Пасля таго пераходу паруснік быў устаноўлены на ўездзе ў каралеўскі Al Bustan Palace, пераўтвораны ў гатэль.

Пасля таго як да ўлады ў 1938-м прыйшоў султан Саід бен Таймур, Аман правёў трыццаць з лішкам гадоў у міжнароднай ізаляцыі. Краіна жыла па феадальных законах, нярэдкія былі паўстанні. Тут было ўсяго 10 кіламетраў асфальтаваных дарог, тры школы, адна бальніца на 12 ложкаў, а падданым дыктавалася, з кім ажаніцца, якое радыё слухаць і ці можна насіць сонцаахоўныя акуляры. Кабус, адзіны сын султана бен Таймура, атрымаў добрую адукацыю за мяжой. Ён адвучыўся ў брытанскай Каралеўскай ваеннай акадэміі Sundhurst, пасля два гады служыў у пяхотным батальёне брытанскай арміі. Пазней скончыў курсы начальнікаў штабоў у Германіі, а таксама прайшоў спецпадрыхтоўку па вывучэнні сістэмы мясцовага самакіравання ў Злучаным Каралеўстве.

Цікава, што пасля вяртання на радзіму па загадзе бацькі яго адправілі пад хатні арышт. Сучасная гісторыя Амана вядзе адлік з 23 ліпеня 1970-га, калі Саід бен Таймур у выніку палацавага перавароту адрокся ад трона на карысць свайго адзінага сына Кабуса. Новы султан пачаў з таго, што ўжо праз два тыдні пасля прыходу да ўлады аб'яднаў у адзіную дзяржаву дзве паўаўтаномныя часткі Амана — унутраны паўпустынны рэгіён імамат Аман і выгадна размешчаны паміж Індыяй і Афрыкай султанат Маскат. У 1971-м краіна выйшла з-пад брытанскага пратэктарату, яе прынялі ў ААН і Лігу арабскіх дзяржаў.

На шляху рэформаў

Султан правёў карэнныя адміністрацыйную (новае дзяленне, цэнтралізацыя дзяржавы) і ваенную рэформы (закупка найноўшага ўзбраення і павышэнне заробку вайскоўцам). Пераўтвораная армія змагла падавіць у 1976 годзе сепаратысцкае паўстанне ў рэгіёне Дофар. Раз і назаўжды паставіўшы кропку ў прыгранічных праблемах з суседзямі, султан прыступіў да мадэрнізацыі дзяржавы, зрабіўшы стаўку на развіццё адукацыі, аховы здароўя і інфраструктуры. Нафтавыя звышпрыбыткі, якія неўзабаве абваліліся на краіны Персідскага заліва і Аман у прыватнасці, прыйшліся вельмі дарэчы і дазволілі з поспехам ажыццявіць задуманае.

Была створана сістэма першакласных аўтадарог, пабудаваны міжнародны аэрапорт, марскі порт. Кабус першы ў Персідскім заліве пачаў работу ў рамках пяцігадовых планаў, якія ўяўлялі сабой паэтапныя планы развіцця дзяржавы. З падачы султана Кабуса ў 1996 годзе Аман атрымаў першы ў гісторыі канстытуцыйны акт — асноўны закон, якім былі ўведзены Кансультатыўны савет і механізм атрымання трона ў спадчыну. У Амане бясплатныя адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, а за кошт дзяржаўнай падтрымкі крэдытавання жылля яно з'яўляецца дастаткова танным. У краіне адбыўся бэбі-бум. Паводле звестак CІA Factbook, каля паловы жыхароў краіны — маладзейшыя за 25 гадоў.

Адным з прыярытэтаў стаў турызм, бо запасы вуглевадародаў вычарпальныя. З канца 1980-х у султанаце пачалі адкрывацца гатэлі міжнародных сетак, а бурнае развіццё ўнутранага і міжнароднага турызму пачалося ўжо ў XXІ стагоддзі. У 2003-м па загадзе султана ў краіне з'явілася асобнае міністэрства турызму, у 2018-м быў утвораны холдынг Oman Avіatіon Group. Адначасова Аман радыкальна спрасціў візавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў.

Візуальна ад іншых краін Персідскага заліва султанат адрознівае поўная адсутнасць хмарачосаў. Тут не будуюць дамы вышэй за 13 паверхаў — так склалася гістарычна. У Амане хапае прыгожых месцаў. Акрамя пясчаных барханаў у пустыні, тут сустракаюцца вельмі сімпатычныя аазісы з горнымі азёрамі — так званыя «вадзі». Прыродны ландшафт, як і архітэктурны, таксама не падобны на той, што можна сустрэць у іншых краінах рэгіёна. Візітная картка султаната — горы. Яшчэ адна прычына апынуцца ў Амане — гэта культура, дакладней, уражальны мікс розных культур.

Астравок спакою

Каралеўскі двор Амана пазбягаў публічнасці. Султан Кабус вёў вельмі закрытае і адасобленае жыццё. Падданыя бачылі свайго кіраўніка ў асноўным на незлічоных партрэтах, якімі была ўпрыгожана ўся краіна. У 1976 годзе ён ажаніўся са сваёй стрыечнай сястрой Саідай Наваль бен Тарык, але развёўся з ёй праз тры гады, больш не ўступаў у шлюб, дзяцей у яго не было. Султану ў Амане належыць уся паўната ўлады: ён таксама займае пасады прэм'ер-міністра, галоўнакамандуючага ўзброеных сіл, міністра абароны, міністра фінансаў і міністра замежных спраў.

Кабус быў мудры кіраўнік. Калі на хвалі «арабскай вясны» 2011 года ў Амане ўспыхнулі нешматлікія пратэсты з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы, улады пэўны час ставіліся да іх з цярплівасцю. Але пасля завадатары беспарадкаў былі адпраўленыя пад суд за незаконныя мітынгі і абразу султана. Разам з тым Кабус пайшоў на пэўныя рэфармісцкія крокі і паабяцаў вырашыць пытанне з новымі рабочымі месцамі, а таксама правёў пэўныя перастаноўкі ва ўрадзе, зняўшы некаторых міністраў-старажылаў. Ён таксама выдаў дэкрэт аб перадачы часткі заканадаўчых паўнамоцтваў Савету Амана. У наступным годзе ў Амане прайшлі першыя ў гісторыі муніцыпальныя выбары, у якіх удзельнічалі і жанчыны.

Цяпер гэтая невялікая манархія Персідскага заліва з насельніцтвам 4,6 мільёна чалавек, 43 працэнты з якіх складаюць эмігранты, лічыцца астраўком стабільнасці і спакою на Блізкім Усходзе. У 2010 годзе Аман быў прызнаны сусветным лідарам па ўзроўні развіцця ў адпаведнасці з Індэксам чалавечага развіцця, у 2017-м султанат заняў чацвёртае месца сярод найбольш бяспечных краін свету. Летась дзяржава апынулася на другім са 150 месцаў паводле глабальнага індэксу дабрабыту.

Дзясятым султанам Амана абвешчаны стрыечны брат Кабуса 65-гадовы Хайсам бен Тарек аль-Саід. Ён шмат гадоў узначальваў міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, неаднаразова выступаў пасланнікам на міжнароднай арэне. Хайсам быў прыведзены да прысягі пасля сустрэчы каралеўскай сям'і, якая «вырашыла назваць яго пераемнікам у адпаведнасці з воляй султана», адзначаецца ў паведамленні ўрада ў «Твітэры». У новага кіраўніка чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі. Султан Хайсам паабяцаў працягваць курс свайго папярэдніка і падтрымліваць дружалюбныя адносіны з усімі краінамі. Адметна, што першай сустрэчай новага манарха Амана стала размова з прынцам Уэльскім Чарльзам — старэйшым сынам каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ.

Даслоўна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Хайсама бен Тарэка аль-Саіда з прызначэннем на пасаду султана Амана, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «Перакананы, што цёплыя адносіны і змястоўны дыялог паміж Беларуссю і Аманам будуць пашырацца і ўмацоўвацца на карысць жыхароў нашых краін», — падкрэсліваецца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы пажадаў новаму султану Амана даўгалецця і поспехаў, а народу гэтай краіны — міру і далейшага прагрэсу.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Справа для султана

Выбар рэдакцыі

Культура

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

На рахунку рэжысёра і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна больш за семдзесят спектакляў, і па некаторыя з іх хоць зараз ідзі на вуліцу Энгельса. 

Грамадства

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Аказваецца, у нашых вёсках амаль да другой паловы ХХ стагоддзя не мелі звычкі нарыхтоўваць яго, не ведалі, як варыцца.