Вы тут

...І шчасця ў жыцці сямейным


Працяг аповеда пра беларускую сям’ю Падкарытавых з прадмесця Цюмені, якая не згубілася на сібірскіх прасторах і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны зберагае традыцыі продкаў


Як няма традыцый, то няма й сям’і

Сем’і Піскуноў і Падкарытавых на свяце Гуканне Вясны. 2019 г

Пераемнасць звычаяў папярэднікаў, іх ладу жыцця, асаблівасцяў побыту — вельмі важны складнік для адладжвання гарманічных адносін у сям’і. Бо якраз на такіх “дробязях”, як на своеасаблівым каркасе, шмат усяго трымаецца. Дастань іх, перастань падтрымліваць — і распаўзецца, разваліцца сям’я, нібы снежная хатка ў пару веснавую.

У сям’і Стаса і Надзеі Падкарытавых заўсёды прытрымліваюцца ўстаноўленых раней правілаў, шануюць мноства традыцый. Найлюбімыя — гэта, згадвае Надзея, абліванне сябе з вёдраў (ды не ў доме — у двары!) на Вадохрышча (19 студзеня), абрад Гуканне вясны, Вялікдзень (Уваскрасенне Хрыстова) з ранішнім абрадам абмывання Велікодным яечкам. Важныя этапы жыцця сям’і ў гадавым земляробчым цыкле — гэта пачатак пасяўной увесну, восеньскія Дажынкі, потым — Багач, пазней — Дзяды. Усе гэтыя традыцыі перадаліся ў родзе — праз Марыю ды Мікалая Піскуноў, бацькоў Надзеі — ад продкаў. Акрамя таго, Падкарытавы захапляюцца пляценнем з лазы, прычым гэтае майстэрства перадаецца з пакалення ў пакаленне. Такія “дзедаўскія традыцыі” сям’я шануе асабліва.

Адзначаецца штогод 8 ліпеня Дзень сям’і, любові й вернасці. Любяць яшчэ бацькі з дзецьмі, а таксама са старэйшымі прадстаўнікамі роду рабіць восеньскі паход па ваколіцах: каб паслухаць пошум апалай лістоты, зрабіць “салют” з рознакаляровага лісця, нешта й сабраць для ўпрыгажэння інтэр’ера. Да таго ж сям’я Падкарытавых і сацыяльна вельмі актыўная: усе ўдзельнічаюць, напрыклад, у тых імпрэзах, якія ладзіць Цюменьская абласная грамадская арганізацыя беларусаў “Нацыянальна-культурнае аб’яднанне Аўтаномія Беларусь”: таму што мама Надзеі — Марыя Іосіфаўна Піскун — яе ўзначальвае. Усе-ўсе ўваходзяць у склад сямейнага ансамбля беларускай песні “Спадчына”. Нарадзіўся гурт яшчэ ў Лангепасе, пачынаўся з дуэта Марыі ды Мікалая, а спявалі яны, згадваюць, на канцэрце ў беларускай тамтэйшай грамадзе, прычым пад бурныя авацыі. Цяпер жа ў “Спадчыне” выступаюць тры пакаленні роду Піскуноў-Падкарытавых. У Пляханаве яны сёння — галоўны культмасавы сектар. Магчыма, прыёмным дзецям гэта ўсё на першым часе здавалася нечым “дзікім”. Спачатку прыглядаліся да старэйшых, а потым — і самі ўцягнуліся ў такое спеўна-культурнае жыццё. Бацькоў радуе, што й Мікіта з Антошкам далучаны ў “карагод творчасці”, пазнаюць такім чынам свет, “прамацваюць” яго. Антошка ўжо нават выходзіць на сцэну!

Згаданы раней Велікодны рытуал — умыванне Велікодным яечкам з прагаворванне чароўных слоў — перайшоў у сям’ю ад спадарыні Марыі. Дзецям ён вельмі падабаецца. А 10 гадоў таму з’явіўся сучасны рытуал: купацца ў Дзень Ваенна-Марскога Флоту (28 ліпеня), прычым у любое надвор’е — пад дэвізам “За ВМФ!”. Без святаў Падкарытавы ну ніяк не могуць абыходзіцца. Шмат незабыўных эмоцый даюць усім пастаянныя падарожжы на аўто з прычэпам, у часе якіх усе жывуць у намёце, вараць паходную кашу на вогнішчы, спяваюць ля яго, ладзяць розныя гульні.

Адна з найважнейшых традыцый сям’і Падкарытавых — пастаяннае паднаўленне свайго радаводу. Неяк у камандзіроўцы Надзея купіла прыгожую кнігу з залатым цісненнем, з чыстымі старонкамі: каб запісваць у яе звесткі пра свой род. Кнігу падарылі бацькам, і Марыя Іосіфаўна пачала запісваць туды свае ўспаміны, потым усе разам збіралі, прымацоўвалі фотаздымкі розных гадоў. А калі ў Лангепасе ладзіўся неяк сямейны конкурс, то якраз гэтая радаводная кніга дапамагла Марыі Піскун заняць першае месца. Пасля таго Надзея ўсвядоміла, што й ёй таксама трэба пачынаць пісаць кнігу — ужо сваёй сям’і. А калі быў абвешчаны ў Расіі чарговы сямейны конкурс, то яны з мужам таксама ў ім паўдзельнічалі. Разам з дзецьмі змайстравалі сваё родавае Дрэва Жыцця — у выглядзе дывана. Цяпер дыван той упрыгожвае родавы маёнтак, гэта прадмет гонару сям’і Падкарытавых.

Бацька з малодшым сынам

Чым адметнае гэтае Дрэва Жыцця? “Нам пашчасціла сабраць каштоўную інфармацыю пра сваю сям’ю па ўсім храналагічным ланцужку, — распавядае Надзея. — Бог дапамагаў, пэўна, гэты летапіс напісаць, слоўца да слоўца ў тэксты складваць. Як збіраешся такое рабіць, то, здаецца, усё вельмі складана будзе, але толькі ступіў першыя крокі — усё лёгка так атрымліваецца. Ці можа гэта ў нас толькі так? Цяпер мы плануем капнуць яшчэ глыбей: паехаць у Беларусь, у архівах пашукаць больш інфармацыі пра нашых продкаў. Хацелася б і лінію мужа правесці ў часе больш падрабязна. Сіл пакуль на ўсё хапае: Бог дапамагае. А вось часу — не заўсёды. Хочацца больш паспяваць зрабіць, больш надаваць часу маляванню, вышыўцы, вязанню, лозапляценню…”

Носьбіты беларускай культуры — лепшыя ва Усерасійскім конкурсе

Зберагаць традыцыі продкаў у іншым культурным асяродку — няпростая справа. Ды, як сведчыць досвед сям’і Падкарытавых, цалкам рэальная. Прычым такая фішка, як кажа моладзь, робіць носьбітаў беларускай культуры запатрабаванымі ў расійскім соцыуме. Безумоўна, выбудаваная на “беларускім культурным каркасе” мадэль шматдзетнай сям’і некаму падасца “несучаснай”, аднак — не спяшайцеся з такімі высновамі. Лепш удумліва пастаўцеся да фактаў. А яны такія. Спачатку сям’я Падкарытавых выйшла пераможцай у гарадскім конкурсе, потым — у рэгіянальным. Не падумайце, што ўсё так лёгка далося, але ж — менавіта “беларуская сямейная мадэль” урэшце перамагла ў Цюменьскім рэгіёне!

А 29–31 кастрычніка мінулага года 85 сем’яў-пераможцаў з 85 рэгіёнаў Расіі былі ў Маскве: там іх узнагароджвалі. Сустрэлі й цюменьскіх Падкарытавых у аэрапорце, размясцілі ў гасцініцы, паднеслі ўсім падарункі. Розныя сем’і мелі магчымасць пазнаёміцца, нейкім досведам абмяняцца. У выніку адбору нумароў для агульнага канцэрта песня “Спадчыны” была прызнана лепшаю! Спявалі яе ўсе Падкарытавы ў беларускіх нацыянальных строях. Праграму вялі вядомыя вядучыя-артысты Аляксандр Алешка ды Ілона Бранявіцкая. Сем’і паказалі свае таленты ў танцавальным, спартыўным, фальклорным, эстрадным жанрах. Для іх ладзілі экскурсію па Маскве-рацэ, Ізмайлаўскім крамлі, аўтобусную аглядную па горадзе. Быў і майстар-клас у ганчарнай майстэрні, і па вырабе пернікаў.

Сям’я Падкарытавых у аэрапорце Дамадзедава

Узнагароджвалі пераможцаў у Крамлёўскім палацы. “Нашаму захапленню не было межаў, атмасфера дабрыні й любові панавала ўсюды! — не хавае эмоцый Надзея. — Было прыемна ўсведамляць: мы — у самай вялікай зале з 5000 глядацкіх месцаў! Намінацыя “Шматдзетныя сем’і” была самай шматлюднай: больш за 200 чалавек выйшлі на сцэну. І кожную сям’ю ўзнагародзілі дыпломам пераможцы Усерасійскага конкурсу “Сям’я года 2019”, уручалі кнігу — на яе старонках упісаны й нашы імёны. Мурашкі па скуры ад усведамлення таго, што й наша сям’я Падкарытавых трапіла ў кнігу! Бо разам з нашым прозвішчам патрапілі ў яе таксама й нашы бацькі, дзяды-прадзеды… Нашы ўсе, дзякуючы каму мы жывём і творым. І вядома ж, тыя, хто дапамагаў нам стаць самымі лепшымі: настаўнікі, сябры, аднакласнікі, куратары, спецыялісты рэгіянальна-рэабілітацыйнага цэнтра “Семья”, дэпартамента сацыяльнай абароны Цюменьскай вобласці, усе-ўсе-ўсе, хто быў побач з намі, хто дакрануўся да гісторыі нашай сям’і, гартаючы наша партфоліа, заяўку, хто разглядаў нашы фотаздымкі, ствараў рэпартажы пра нас”.

Святочны канцэрт з удзелам зорак эстрады дадаў радасці, шчаслівых імгненняў у атмасферу вечара. Было зачытана й віншаванне ад Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пераможцам Усерасійскага конкурсу “Сям’я года 2019”, што таксама стала прыемнай нечаканасцю для ўсіх.

Марыя і Мікалай Піскуны на фоне родавага Дрэва Жыцця

Што ні сям’я — то свае “рэцэпты шчасця”. Хацелася Надзеі даведацца пра сакрэты гарманічнага жыцця кожнай сям’і, бо ва ўсіх яны розныя. Прыляцеўшы дадому, цюменьцы ўжо раніцай на электроннай пошце выявілі пісьмы ад некалькіх сем’яў, з якімі паспелі пазнаёміцца ды абмяняцца кантактамі для сувязі. Надзея ж адразу вырашыла стварыць групу ў сацсетках, каб даць магчымасць віртуальна паяднаць усе тыя 85 сем’яў. Магчыма, тытул “Сям’я года 2019” для многіх сем’яў стане кірункам, у якім варта рухацца, пляцоўкай для новых дасягненняў. “Ведаю толькі адно: жыццё падзялілася на дзве часткі — да і пасля, — разважае Надзея. — І цяпер важна зразумець, у чым прызначэнне нашай сям’і, у чым задача? Бо калі мы сталі пераможцамі ў такім конкурсе, то гэта сведчыць: а штосьці ж правільна рабілі, няблага выхоўвалі сваіх дзяцей, правільна ўспрынялі ды развілі тое, што заклалі ў нас нашы бацькі, дзяды-прадзеды. Я ганаруся тым, што, маючы беларускія родавыя карані, больш за 30 гадоў жывучы у Расіі, магу прыўнесці ў гэтае расійскае жыццё й часцінку сваёй любові да Бацькаўшчыны. Магу, ведаючы й расійскую культуру, спяваць песні на роднай мове, дзецям яе перадаваць. Магу расказваць аб прыгажосці Беларусі ў Сібіры, зберагаць традыцыі, што засвоіла ад мамы, ад бабуляў, якія гадавалі й выхоўвалі мяне менавіта на беларускіх традыцыях і звычаях. Дзякуй і майму мужу, і дзецям. Мы цяпер — шчаслівыя!”.

Падрыхтавала Галіна Германава

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.