Вы тут

Пяць медалёў для землякоў


На V з’ездзе Усеўкраінскага саюза беларусаў шэраг актывістаў дыяспары адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі


На з’ездзе Усеўкраінскага са ю за беларусаў у Кіеве

Пра тое, што ў Кіеве пройдзе V з’езд Усеўкраінскага саюза беларусаў, пісала нам напярэдадні падзеі Таццяна Дзяменнікава, сяброўка газеты з Мікалаева. Яе ж бачым на фотаздымках і ў прэзідыуме: сярод вядомых ва Украіне беларусаў. Радуе, што словазлучэнне “Голас Радзімы” (назва суполкі, якую Таццяна ў Мікалаеве ўзначальвае) прагучала-такі ва Украінскай гандлёва-прамысловай палаце.

Звярнуцца да тэмы з’езда падштурхнула нас і Галіна Варажбіт, кіраўніца Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры” з Чарнігава. Нядаўна мы атрымалі ад яе інфармацыю, фотаздымкі па электроннай пошце. Сярод файлаў — і копія матэрыялаў з сайта Амбасады Беларусі ва Украіне: пра ўдзел Амбасадара Ігара Сокала ў якасці ганаровага госця 22 лістапада ў рабоце з’езда. Ён зачытваў прывітальнае пасланне Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ўдзельнікам форуму. Дэлегатамі ж яго былі кіраўнікі, актывісты арганізацый беларускай дыяспары з 11 абласцей і горада Кіева. Пра з’езд, праўда, на сайце — вельмі коратка: “разгледжаны вынікі працы Усеўкраінскага саюза беларусаў і рэгіянальных дыяспаральных арганізацый, абмеркаваны праблемныя пытанні й планы на будучыню”. І што старшынёй УСБ на чарговы трохгадовы тэрмін пераабраны Пётр Лайшаў. Вось і ўсё…

Крыху больш — пра ўзнагароды актывістам дыяспары. Паведамляецца: сёлета рашэннем Міністра замежных спраў Беларусі ўзнагароджаны юбілейным медалём “100 год дыпламатычнай службе Беларусі” згаданыя вышэй Пётр Лайшаў, Таццяна Дзяменнікава й Галіна Варажбіт, кіраўніца Беларускай грамады Львоўскай вобласці Тамара Казак і ганаровы консул Беларусі ў Львове Ігар Драцяк. Медаль, чытаем на сайце, зацверджаны Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 16 кастрычніка 2018 г. № 412 і ўручаецца за значны ўнёсак у развіццё і ўдасканаленне знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі, прадстаўленне й абарону за мяжой правоў ды інтарэсаў Беларусі, яе грамадзян і юрыдычных асоб. Пётр Лайшаў атрымаў медаль у Мінску (калі ўдзельнічаў у пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры МЗС), некаторыя ўзнагароды ўручаў Ігар Сокал у часе візітаў у рэгіёны Украіны (пра візіт у Мікалаеў і мы летась пісалі). А Галіне Варажбіт Амбасадар уручыў юбілейны медаль якраз на з’ездзе.

За значны ўнёсак у развіццё беларуска-ўкраінскіх культурна-гуманітарных сувязяў Ганаровымі знакамі Амбасады Беларусі ва Украіне “За дружбу й супрацоўніцтва” Ігар Сокал узнагародзіў старшыню Украінскай гандлёва-прамысловай палаты Генадзя Чыжыкава (мы дасылалі супляменніку свае пытанні, каб больш даведацца пра ягоны беларускі радавод…) і старшыню Украінска-беларускага культурна-адукацыйнага таварыства “Сузір’я” з Мелітопаля Наталлю Бярнагу. Старшыня Адэскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае аб’яднанне грамадзян “Беларусь” Фёдар Кавалевіч ушанаваны Ганаровай граматай Амбасады: за актыўны ўдзел у захаванні й пашырэнні беларускіх нацыянальных традыцый, асабісты ўнёсак у культурнае жыццё беларускай дыяспары ва Украіне.

Шмат віншаванняў атрымала Галіна Варажбіт — вось і звярнулася ў рэдакцыю, каб падзякаваць са старонак газеты ўсім, хто высока цэніць працу суполкі ў Чарнігаве, радуецца за поспехі самой кіраўніцы. “Прыемна было атрымаць гэты медаль, — чытаем у пісьме. — Я ведала, што ўзнагароду ўжо ўручалі іншым актывістам дыспары — і газета “Голас Радзімы” пра тое пісала. Думала: мы крыху не дацягваем да яе. Але калі ўручыў мне медаль Амбасадар Ігар Сокал, то прыемна было ўдвая. І яшчэ прыемная нечаканасць: мае сябры, актывісты іншых беларускіх суполак з розных краін тэлефанавалі, пісалі ў вайберы, што мы сапраўды годныя такой узнагароды. А гэта ж вельмі прыемна!”

Галіна яшчэ нагадвае, што суполка “Сябры” амаль 20 гадоў “вядзе работу па захаванні беларускай культуры ў Чарнігаве. Мы выступаем на розных пляцоўках, у класах і аўдыторыях з беларускімі песнямі й танцамі, рыхтуем выставы выяўленчага мастацтва, робім нашы падворкі на фэстах, гатуем беларускія стравы ды частуем імі гасцей, выступаем на радыё, тэлебачанні, удзельнічаем у прэзентацыях кніг і многіх іншых імпрэзах. І ўсё гэта — дзякуючы нашаму актыву. З удзячнасцю згадваю Тамару Дзміцерку, Ніну Камінскую, Анатоля Варажбіта, Алену Беляванцаву, Валянціну Пікуль, Валянціну Рагуліну, Таццяну Ніпорку, Надзею Лабянок, Надзею Масквічову, Яўгена ды Аксану Ордаў і многіх іншых. Гэты медаль і ваш, дарагія мае сябры! Сардэчны дзякуй усім ад мяне. Здароўя нам — на доўгія гады!”

Віншуем і мы актывістаў дыяспары ва Украіне, дзейнасць якіх цэніць Бацькаўшчына. Маем надзею, што ўслед за Мікалаевам, Прылукамі, Чарнігавам ды Львовам творчыя сувязі з рэдакцыяй наладзяць яшчэ як мінімум беларусы з 8 абласцей ды сталіцы братняй Украіны (бяром за аснову з’ездаўскую статыстыку…), дзе падаюць прыкметы жыцця беларускія суполкі. Якіх, праўда, з Беларусі пакуль не відаць…

З дасланых Галінай Варажбіт у рэдакцыю матэрыялаў вынікае, што летась 12 ліпеня ў Чарнігаве прайшла ўрачыстасць з нагоды 75‑годдзя Вызвалення Беларусі. На яе запрасілі ветэранаў, якія ў гады вайны вызвалялі Беларусь ад гітлераўцаў. Юбілейныя медалі ўручаў ветэранам першы сакратар Амбасады Андрэй Губкін, а суполка “Сябры” зладзіла для ўсіх святочны канцэрт.

А 8 лістапада “Сябры” правялі Урок беларускай культуры ў 4 класе 1‑й школы г. Чарнігава. Паказалі фільм пра Беларусь, зладзілі конкурс “Што я ведаю пра суседнюю краіну?”, па выніках якога ўручылі прызы. Прычым найактыўнаму ўдзельніку конкурсу падарылі нумар газеты “Голас Радзімы”. (Ого! Спадзяемся, юны знаўца Беларусі напіша нам у рэдакцыю: у кожным нумары ёсць кантакты. Будзем сябраваць!) Яшчэ на ўроку, паведамляе Галіна Варажбіт, сябры суполкі чыталі вершы на беларускай мове, спявалі дзеткам беларускія песні. Так што ўсім было вельмі цікава.

І на заканчэнне. Сёлета газета “Голас Радзімы” адзначае 65‑годдзе. Беларуская дзяржава фінансуе выданне для суайчыннікаў за мяжой, і тым дае ўнікальную магчымасць ім абменьвацца досведам працы, жыць з Бацькаўшчынай у суладдзі. У актыўныя ў супрацы з рэдакцыяй суполкі па пошце бясплатна дасылаюцца друкаваныя, высокаякасныя нумары газеты. Карысць ад такіх кантактаў — узаемная. Мы цэнім кожны зварот у рэдакцыю, аніводзін без адказу не пакідаем, рыхтуем публікацыі часам, як кажуць, з набору эмоцый. Асаблівая ўвага — да тэкстаў няштатных аўтараў з замежжа. Будзем разам! Такая супраца ўмацоўвае, пашырае Беларускі Мацярык, які не могуць падзяліць, раздрабіць ні дзяржаўныя межы, ні адлегласці. Бо Беларусь — гэта ж і беларусы: па ўсім свеце, нават з прыхаваным Голасам Радзімы ў душы. Толькі гукніце, супляменнікі-суродзічы, і Бацькаўшчына вас пачуе.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».