Вы тут

Брава, маэстра!


Юбілейны канцэрт кампазітара, даследчыка, публіцыста, музыканта­-асветніка Яўгена Паплаўскага праходзіў пад знакам яшчэ двух адметных юбілеяў пад дахам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі


Узнагарода Яўгену Паплаўскаму

Невычарпальная жыццёвая энергія ў шматбакова адоранага Яўгена Паплаўскага, які нарадзіўся 20 верасня 1959 года на Гродзеншчыне, у мястэчку Поразава Свіслацкага раёна. Вось таму й юбілейная імпрэза з нагоды 60-годдзя маэстра, як кажуць, выйшла за звычныя межы. Таму 19 лістапада ўвечары ў Мастацкім музеі канцэрт прысвячаўся адразу тром юбілеям: 80-годдзю музея, 60-годдзю кампазітара й 25-годдзю Польскага інстытута ў Мінску. Розныя былі выканаўцы. Гучалі творы не толькі Яўгена Паплаўскага, але й кампазітара, мастака Напалеона Орды (граў народнага артыста Беларусі Ігар Алоўнікаў).

Што ж, музыка — сапраўды той цуд, які дапамагае сцерці межы, што нібыта існуюць паміж рознымі жанрамі мастацтва: бо на самой справе яны вельмі ўмоўныя. І розныя краіны, народы дзякуючы музыцы — збліжаюцца. Музычная імпрэза, якую зладзіў Яўген Паплаўскі, — гэта як разважанне над ягонымі творчымі пожнямі, так і погляд у бязмежжа, пошукі ў свеце гармоній, прыгажосці, суладдзя. Зрэшты, што ж іх шукаць? Яны ёсць заўсёды! Толькі б нам іх навучыцца бачыць, адчуваць. А кампазітар — умее, і музыка яго напоўнена лірычнай экспрэсіяй, убірае ў сябе паэтычныя вобразы. Гэта ўвасоблены ў гуках свет пачуццяў і неабсяжны духоўны космас. А гучалі ў музеі камерна-інструментальныя, харавыя творы маэстра — як прызнаныя ўжо высокамастацкія ўзоры сучаснай музыкі, так і прэм’ерныя выкананні.

Удзельнікі святочнай імпрэзы

Ганаровым госцем і дырыжорам на Свяце Мастацтваў быў рэктар Кракаўскай акадэміі музыкі, прафесар Станіслаў Краўчыньскі (Польшча). Саліравалі Аляксандра Іванова (альт), Алена Луферчык (альт), Элеанора Тумас (фартэпіяна). Спрычыніліся да свята Дзяржаўная акадэмічная Харавая капэла Беларусі імя Рыгора Шырмы (галоўны дырыжор Вольга Янум, хормайстар Дзмітры Хлявіч), Канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор Аляксей Снітко), Камерны аркестр Беларускай дзяржакадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік Пётр Вандзілоўскі). Упрыгожвалі творчую прасторы ў часе канцэрта карціны Язэпа Драздовіча “Прарок” і Пётры Сергіевіча “Партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага” (іх Яўген Паплаўскі падараваў Мастацкаму музею ў 1989 годзе), а таксама малюнкі Напалеона Орды з фондаў музея.

Рыгор Гарэшка

Фота Аляксея Казнадзея

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?