Вы тут

Калядныя спевы ў Зорным гарадку


Самадзейныя артысты з Давыд-Гарадка і Мінска паўдзельнічалі ў святочных імпрэзах, што ладзілі ў Падмаскоўі беларусы Расіі


Дні беларускай культуры ў Зорным гарадку пачынаюцца

Даўняе сяброўства звязвае мяне з творчымі людзьмі з Давыд-Гарадка — багатага на цікавыя народныя традыцыі паселішча Столінскага раёна Брэстчыны. Сцэнічная творчасць палешукоў падпітваецца ўвесь час традыцыямі продкаў— тым і цікавая для беларусаў, якія жывуць у Расіі. Таму й запрасілі супляменнікі сяброў маіх, ды й мяне разам з імі, паўдзельнічаць у святочных імпрэзах у Падмаскоўі.

Перадкалядны шлях давыд-гарадоцкіх артыстаў у Падмаскоўе пралёг праз Мінск, дзе мяне падхапілі ў жвавы мікрааўтобус. Вёў яго, дарэчы, вясёлы, артыстычны Слава Шасцюк — і сам як артыст. Народнае аматарскае аб’яднанне “Прамень”, якім кіруюць Ганна Пенцік і дырэктар Давыд-Гарадоцкага Дома культуры Міхась Шыкунец, запрасіў выступіць на Днях беларускай культуры Герой Расіі Аляксандр Дарковіч. Ён — намеснік старшыні савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, а родам — з нашага Палесся, з Давыд-Гарадка. Сябры мне расказалі, што Аляксандр Васілевіч — гвардыі палкоўнік запасу, раней камандаваў брыгадай марской пяхоты на Балтыйскім флоце. І што ў Брэсце жывуць яго родзічы, а ў музеі гімназіі (раней 1‑я школа) адкрылі 23 ліпеня 2015 года ў гонар выпускніка 1978‑га Аляксандра Дарковіча мемарыяльную дошку.

Сам зямляк-герой і сустракаў нас 20 снежня ў Падмаскоўі: цёпла, душэўна. Хоць прыехалі позняй ноччу, аднак пачаставалі нас чаем, прысмакамі, знайшоўся і ўтульны пакой для адпачынку. Хлопцы з дзяўчатамі, прытомленыя дарогай, але ўзрушаныя сустрэчай, спявалі песню “Прыязджайце да нас у Беларусь”, вальсавалі Ніна Комік, Надзея Базоўская, Валянцін Шасцюк ды Руслан Храпіцкі. Падыгрывала ім на баяне Аксана Цывіс, гучаў у маіх руках і міні-трамбон, які спецыяльна ў паездку даў Аляксандр Крамко — заслужаны артыст Беларусі, дырыжор Аркестра імя Жыновіча.

На другі дзень запрасілі нас у Зорны гарадок, дзе адкрываліся Дні беларускай культуры “Белы бусел ляціць у Зорны гарадок”. Там сустракалі гасцей кіраўнік Дзелавога і культурнага комплексу, старэйшы дарадца Пасольства Беларусі ў Расіі Васіль Чэрнік, старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч і старшыня РНКА “Беларусы Масквы” Ала Тужылкіна. Потым усе ўдзельнікі Дзён усклалі кветкі да помніка Юрыю Гагарыну. Пры ўваходзе ў Дом касманаўтаў гасцей сустракалі ўрачыста, з хлебам-соллю. Былі сярод гаспадароў свята й наш знакаміты зямляк, лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук, а таксама кіраўнік гарадской акругі Зорны гарадок Яўген Барышнікаў, навучэнцы мясцовай школы.

Узорны ансамбль “Святкі” на сцэне Дома касманаўтаў у Зорным гарадку

(На фотаздымках, выкладзеных пасля свята ў інтэрнэце актывістамі ФНКА “Беларусы Расіі”, можна пабачыць, як госці з Беларусі праводзяць з мясцовымі дзецьмі, падлеткамі, дарослымі жыхарамі Зорнага гарадка майстар-класы па выцінанцы, вырабе ёлачных цацак, па народных танцах, паказваюць ім элементы Калядных абрадаў, калядавання. Такія абрады, адзначым, вельмі старажытныя: у іх дахрысціянскія карані.

Калядныя традыцыі, а таксама іх розныя варыяцыі (семежаўскія “Цары”, давыд-гарадоцкія “Конікі”…) жывуць і па гэты час у вёсках, аграгарадках, мястэчках Беларусі — не толькі ўзнаўляюцца ў сцэнічным фармаце “для паказу” самадзейнымі артыстамі на розных пляцоўках. Яшчэ ёсць у фотападборцы кадры з уручэння адной з дзяўчат Зорнага гарадка пашпарта грамадзянкі Расіі — з удзелам Пятра Клімука, Васіля Чэрніка, Сяргея Кандыбовіча. Мяркуючы па ўсім, у тае дзяўчыны ёсць нейкія повязі з Беларуссю. Таму спадзяемся, што пра тое напішуць нам арганізатары Дзён беларускай культуры ў Зорным гарадку, а мы — паведамім чытачам падрабязнасці. — Рэд.)

Святочны канцэрт у Зорным гарадку вялі народная артыстка Расіі Ірына Ягорава-Каўрыга і дырэктар Дома касманаўтаў (на сцэне якога й адбывалася дзея) Андрэй Крываносаў. (Ірына Юр’еўна была жонкай вядомага беларуса Масквы Францішка Каўрыгі, які памёр у 2016 годзе й пахаваны на Маскоўскіх могілках у Мінску. — Рэд.). Вядучыя віталі на свяце беларускай культуры яго ўдзельнікаў — самадзейных артыстаў з Мінска, Брэсцкай вобласці, расійскіх беларусаў з Яраслаўля, Масквы, Уладзіміра, Зорнага гарадка. Тым часам на экране над сцэнай на фоне цудоўных беларускіх краявідаў — азёры, палі, лясы… — ляцеў белы бусел: як сімвал Бацькаўшчыны. Гэта яна, Зямля Бацькоў, кліча-прыцягвае беларусаў па ўсім свеце — нібы “трава ля дома” касманаўтаў у іх арбітальных вандроўках. Забягаючы наперад, скажу: і на сцэне Дома касманаўтаў гурты ўсе ў святочным карагодзе стварылі цудоўны, высакародны, вельмі прывабны музычна-песенна-танцавальны вобраз роднай Беларусі. А гучалі на свяце песні як беларускія, так і рускія, украінскія — для нас яны ж таксама не чужыя!

Артысты з Давыд-Гарадка з землякамі-героямі

Цёплымі словамі віталі ганаровых гасцей, артыстаў, гледачоў Пётр Клімук, Аляксандр Дарковіч, Васіль Чэрнік, Сяргей Кандыбовіч. Кожны з іх нямала паспрыяў таму, каб свята беларускае ў Падмаскоўі адбылося. Прысвячаліся ж Дні беларускай культуры ў Зорным гарадку 46‑й гадавіне з часу першага палёту ў космас нашага знакамітага земляка Пятра Клімука. Дарэчы, у жніўні 2019‑га быў падпісаны Дагавор аб пабрацімстве Зорнага гарадка й Брэсцкага раёна (адтуль, з вёскі Камароўкі, родам Пётр Ільіч). Апладысментамі сустрэла вестку аб пабрацімстве зала.

Артысты з танцавальнай студыі “Ракета” (кіраўніца Ганна Кузьменка) Зорнага гарадка паказалі цудоўную кампазіцыю “Як на Івана ды на Купала”, затым выйшаў на сцэну гурт з Падмаскоўя “Космические казаки” (кіраўніца Марына Дудчанка-Белабародава). І вось ужо ансамбль беларускай песні “Крыніца” (кіраўніца Святлана Пласцініна) з Яраслаўля радуе гледачоў.

Дзівосна-чароўны дух Каляднае пары адразу напоўніў падмаскоўную залу, калі ў цудоўных строях выйшлі на сцэну артысткі ўзорнага ансамбля “Святкі” (кіраўніца Марына Рудкоўская, гурт працуе пры мінскім Палацы дзяцей і моладзі “Золак”). Юныя мінчане паказалі вакальна-танцавальную кампазіцыю “Каляда”. За імі — зноў “Ракета”, і ўрэшце выйшлі мы з артыстамі з Давыд-Гарадка. Палескія найгрышы, песні, танцавальныя нумары з бубнам прыйшліся даспадобы гледачам, і моцныя апладысменты былі таму сведчаннем.

Пасля канцэрта мы разам з мясцовымі дзецьмі, супрацоўнікамі гарадка й касманаўтамі наведвалі Музей касмічных палётаў, нават мелі магчымасць прымераць некаторую “касмічную” вопратку. Ладзілася ў Доме касманаўтаў выстава-кірмаш беларускіх тавараў, можна было пабачыць вырабы рамеснікаў з Беларусі. Дэманстраваліся экспазіцыя “Тканая вясёлка Ніны Кунцэвіч”, выстава дзіцячых малюнкаў “Я малюю Беларусь”.

Ужо цямнела, калі развітваліся мы з гаспадарамі, расійскімі беларусамі. Былі цёплыя абдымкі, запрашэнні ў госці — да нас, у Беларусь. Помніцца мне, як пад песню “Дранікі-бульбянікі” Пётр Клімук пачаў прытанцоўваць і паабяцаў землякам: улетку, як будзе наведваць Бацькаўшчыну, то загляне абавязкова і ў палескі Давыд-Гарадок.

Мікола Котаў, удзельнік Дзён беларускай культуры, фалькларыст.

Фота з архіва ФНКА “Беларусы Расіі”.

Ад рэдакцыі. Прынёс Мікола Конанавіч свой рукапісны тэкст нам — і яшчэ расказаў крыху аб працягу “гастроляў”. Пасля імпрэзы ў Зорным гарадку яго й салістку гурта “Прамень” Ніну Комік запрасілі выступіць у падмаскоўны Краснагорск. Там быў своеасаблівы працяг Дзён беларускай культуры. “Са спадарыняй Нінай мы падрыхтавалі вакальна-танцавальную кампазіцыю “Нашы сэрцы з вамі”, — адкрыліся падрабязнасці. — Выступалі прама на вуліцы, на сцэне пры ёлцы. Нам акампанаваў музыка, як кажуць, ад Бога, украінец з Падмаскоўя Уладзімір Федарэнка. Толькі з гадзіну было сумеснай рэпетыцыі — а ён зайграў нашы мелодыі, ды яшчэ й прытанцоўваў потым гарэзліва “Лявоніху” разам са мной. Дарэчы, рэжысёрам на свяце быў вядомы балетмайстар, народны артыст Расіі, душэўны чалавек Гедымінас Таранда”.

Магчама, і ў Гедымінаса ёсць беларускія родавыя карані: прозвішча яго на Беларусі сустракаецца, у прыватнасці, у Ляхавіцкім раёне. Яшчэ Мікола Конанавіч расказаў, што гледачы ў Краснагорску віталі беларусаў апладысментамі, потым авацыямі праводзілі: “А калі мы зноў спявалі напрыканцы “Прыязджайце да нас у Беларусь”, то чуваць былі воклічы “Прыедзем, прыедзем!” з усіх бакоў”. Баяніст-віртуоз Уладзімір, як аказалася, ехаў спецыяльна з іншага горада, каб дапамагчы гожа выступіць беларусам, да таго ж смачнымі аладкамі Ніну з Міколам пачаставаў. Адно слова: сябар!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.