Вы тут

Тэлеканал АНТ запусціў новы сезон праграмы «Наша раніца»


Днямі тэлеканал АНТ запусціў новы сезон праграмы «Наша раніца». Акрамя змянення графічнай упакоўкі з'явіліся таксама новыя рубрыкі і свежы кантэнт для аўдыторыі: «Сняданак халасцяка», гімнастыка для тых, каму за 60, і новы вядучы з народу!


Так, да кампаніі асноўнага складу ранішніх вядучых далучыўся Дзмітрый Церахаў. Ён з'яўляецца на экране ў пары з Таццянай Рудакоўскай, а Аляксандр Сярэбранікаў цяпер жадае гледачам добрай раніцы ў пары з Верай Паляковай. Варта адзначыць, што Дзмітрый трапіў у каманду АНТ пасля кастынгу, які тут ладзілі летась у некалькі этапаў напрыканцы года. Змагацца за месца пад сафітамі маладому чалавеку давялося з 300 кандыдатамі. Але менавіта на яго асобе спыніла ўвагу фокус-група на фінальным этапе адбору. Абаяльны вядучы ўжо мае ў сваім арсенале вопыт гульні ў КВЗ, вядзенне ранішняй праграмы на Гродзенскім ТБ і валодае дзвюма замежнымі мовамі.

Што да новых рубрык, то тут выбірай на любы густ. Для тых, хто хоча разнастаіць сваё харчаванне, раз на тыдзень будзе выходзіць «Сняданак халасцяка» з Германам Цітовым. Хлопцам у вялікіх і малых гарадах і вёсках прапануюць рэцэпты сучасных і карысных страў, лайфхакі па куплі і прыгатаванні прадуктаў. А тая частка аўдыторыі, якая ў любым узросце клапоціцца пра сваё здароўе і любіць спорт, кожную раніцу разам з алімпійскай чэмпіёнкай Алай Цупер і тэлевядучым Сяргеем Собалем зможа атрымаць зарад бадзёрасці і пазітыву і навучыцца адчуваць сваё цела. Для іх з'явілася рубрыка «Зарадка для тых, каму за...». Калі ж вас хвалююць пытанні больш грунтоўныя — нерухомасці альбо дзейнасць прафсаюзаў, юрыдычныя тонкасці, то адказы зможаце пашукаць у новых рубрыках «Прафсаюз адказвае», «Юркансультацыя», «Нерухомасць», у якіх раз на тыдзень спецыялісты будуць даваць кампетэнтныя адказы, парады і дапамагаць вырашыць складаныя сітуацыі... У рубрыцы «Ошибок.нет» дзеці-вядучыя будуць выпраўляць акцэнталагічныя памылкі і вучыць правільна ставіць націскі (прычым слова ў правільным варыянце падаецца і па-руску, і па-беларуску).
А тэлесіноптык Дзмітрый Рабаў зробіць усё, каб кожны дзень вы былі падрыхтаваны да любых перамен надвор'я і не змерзлі. З'явілася новая рубрыка і для прыхільнікаў рыбалкі. У фармаце відэаблога гледачы змогуць раз на тыдзень пабываць «На рыбалцы з Канстанцінам Сцепанцом». Карэспандэнт раскажа пра самыя цікавыя рыбалоўныя хітрасці і падзеліцца сакрэтамі, як бавіць час у адрыве ад цывілізацыі.

— Некаторыя відэа з вандровак гледачы ўбачаць першымі. Але злавіць рыбу — гэта не самамэта. Тут больш ухіл на тое, што Беларусь можна ўгледзець зусім у іншых ракурсах — з вады яна выглядае інакш, а ў некаторыя месцы нічым акрамя лодкі наогул не дабярэшся, — расказвае Канстанцін.

Бліц-інтэрв'ю з Канстанцінам Сцепанцом:

  • Для вас рыбалка — гэта спорт ці адпачынак з асаблівай атмасферай? — Рыбалка з'яўляецца маім хобі, але яна больш дадатак да вандровак, у якіх я атрымліваю ўражанні ад стасункаў з прыродай.
  • Можаце прыгадаць самую незвычайную з такіх вандровак? — У мінулым сезоне быў выпадак, калі я ездзіў адзін у палескія балоты і за чатыры дні ўвогуле ніводнай рыбы не бачыў. Тым не менш увесь час было цікава і без яе. Напрыклад, у тым месцы, дзе разбіў лагер, пад дуб наведаліся дзікі па жалуды, і давялося з імі «дамаўляцца», каб можна было там застацца на некаторы час. Ты назіраеш за прыродай, і цябе нешта ўражвае, а потым дзелішся гэтымі эмоцыямі.
  • Ці ёсць у рыбакоў стапрацэнтныя прыкметы? — У рыбакоў ёсць, а ў мяне няма, бо я ў іх не веру.
  • Калі б злавілі залатую рыбку, якія б жаданні загадалі? — Хопіць аднаго ад братоў Стругацкіх: шчасце ўсім задарма, і хай ніхто не сыдзе пакрыўджаным.
  • Што патрэбна, каб «злавіць» удалы сюжэт для тэлерэпартажу? — У любым выпадку для гэтага патрэбен набор прыёмаў, і ў кожнага ён свой. Як кажуць, у рамесніка іх пяць, а ў генія пяць тысяч, а кім ты з'яўляешся — пытанне асобнае. Аднак у любым выпадку ты рэалізоўваеш свае задачы ў дыяпазоне тых прыёмаў, якія маеш у сваім арсенале.

Алена ДРАПКО

Фота Вікторыі ЦЕЛЯШУК і з асабістага архіва вядучага

Загаловак у газеце: Пачынаем раніцу па-новаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?