Вы тут

Як у Кобрынскім раёне жыве сельсавет памерам у адну вёску


Часцяком даводзілася бываць у сельсаветах, якія складаюцца з трох, а то і чатырох дзясяткаў вёсак. У Баранавіцкім раёне, напрыклад, ёсць сельсавет, у склад якога ўваходзіць паўсотні населеных пунктаў. А вось Павіцце Кобрынскага раёна адно складае сельсавет. І так было заўсёды. Падобны адміністрацыйны расклад, відаць, абумоўлены геаграфічным становішчам вёскі. Павіцце размешчана крыху ўбаку ад іншых, схавалася за лясамі і балотамі на самым поўдні Кобрынскага раёна, на мяжы з Украінай.


Агароджу — талакой

Тут з павагай ставяцца да старых звычаяў ды традыцый і разам з тым адчувальныя да ўсяго новага. Можа, дзень быў такі, але кабет за рулём аўто на вясковых вуліцах я сустрэла больш, чым мужчын. Ды што там аўтамабілізацыя — у час хуткаснага інтэрнэту адлегласці, тым больш аддаленасць ад гарадоў, часта выглядаюць умоўнымі. А вось прырода тут сапраўдная, раскошная. Праўда, туман у дзень майго наведвання стаяў выключны: на дзесяць метраў нічога не відаць. Таму цяжка было ўявіць у цэлым панараму вялікага населенага пункта.

— Людзі ў нас добрыя, гасцінныя, — расказвае старшыня сельскага Савета Раіса ДЗЯЦУК. — Некалі жылі ў цяжкіх, можна сказаць, суровых умовах бездарожжа, у атачэнні балот, перажывалі войны. Можа, таму навучыліся асаблівай талерантнасці, навучыліся любіць і цаніць жыццё. Я ганаруся тым, што працую ў вёсцы, дзе нарадзілася, вырасла, адвучылася ў школе, дзе ўсіх ведаю і мяне ўсе знаюць, — кажа.

Раіса Сцяпанаўна працуе кіраўніком выканкама першае скліканне. Але на рахунку старшыні ёсць шэраг сумесных з аднавяскоўцамі добрых спраў. І першая з іх — добраўпарадкаванне старога пагоста. Гэтыя могілкі даўно закрытыя для пахаванняў, яны дзейнічалі з 1949 да 1966 года. Але ж там ляжаць землякі, да многіх з якіх ужо няма каму прыходзіць. З аднаго боку месца пахавання абгароджана, а з астатніх трох настойліва наступаў хмызняк.

Пачалі, як заўсёды, са сходаў і тлумачальнай работы. Зрабілі падборку фотаздымкаў, каб праілюстраваць стан могілак. Як высветлілася, не кожны там бываў за апошнія гады, а хтосьці і наогул не быў — у вёсцы жывуць не толькі карэнныя жыхары, нямала прыезджых. Але вяскоўцы праявілі разуменне, абсалютная большасць падтрымала прапанову прывесці ў парадак старыя вясковыя могілкі. Для рэалізацыі ідэі, вядома, патрабавалася фінансаванне. Аднадушна вырашылі сабраць грошы. Для гэтага абралі аргкамітэт па зборы сродкаў. У яго ўвайшлі прадстаўнікі кожнай вуліцы. Збор зрабілі абсалютна празрысты. Адказны з вуліцы ўносіў лічбы ў агульную ведамасць. Можна было адсочваць як збор грошай, так і іх расходаванне. Дарэчы, такія фінансавыя справаздачы існуюць у двух экзэмплярах: адзін знаходзіцца ў сельскім Савеце, другі — у царкве. Кожны ахвотны можа з імі азнаёміцца.

Такім чынам было сабрана 3052 рублі. Закупілі будаўнічыя матэрыялы. Спачатку правялі некалькі суботнікаў — патрабавалася выдаліць лішнюю расліннасць, прыбраць рэшткі дрэў, якія зносілі раней. Паводле слоў старшыні сельскага Савета, людзі праявілі разуменне і гаспадарлівасць. Напрыклад, будаўнічыя матэрыялы купілі, а куды іх везці адразу? Каля могілак няма адмысловага склада, а ў полі за некалькі кіламетраў ад вёскі іх не пакінеш. Адразу знаходзіўся нехта, хто прапаноўваў і размясціць агульную маёмасць на ўласным падворку пад паветкай альбо ў хляве. І так ва ўсім. Спецыялісты ЖКГ прыехалі праводзіць зварачныя работы, а мясцовыя мужчыны тут жа ўзяліся бетанаваць і ставіць слупы, нацягнулі сетку. Жанчыны дапамагалі фарбаваць трубы і слупы.

Такім чынам было ўзведзена 200 метраў агароджы з ацынкаванай сеткі. І могілкі ва ўрочышчы Рачак адразу набылі прыстойны выгляд, знікла адчуванне закінутасці, разбуранасці, якое ўзнікала пры поглядзе на гэтае месца спачыну. У агульнай справе паўдзельнічалі ўсе: хто дапамог рублём, хто рабочай сілай, а хто і тым, і другім. Як ужо гаварылася, участак ЖКГ правёў зварачныя работы, мясцовае сельгаспрадпрыемства выдзеліла транспарт. І варта сказаць, усё было праведзена хутка: у сярэдзіне жніўня аб'явілі агульную акцыю, а ў канцы верасня асноўныя работы былі скончаны. Падвялі вынікі і падзякавалі аднавяскоўцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю на адным з мерапрыемстваў у Доме культуры.

Спонсарскі падарунак

Павіццеўская культурная ўстанова нядаўна перажыла важную ў сваёй гісторыі падзею. Тут з'явілася новае адзенне сцэны. Так называецца заслона з рознымі дапаможнымі элементамі. А вось як яна з'явілася, варта расказаць асобна.

Вясной, напярэдадні Дня перамогі, работнікі Дома культуры па звычцы выйшлі навесці парадак каля помніка ваенным падзеям. Іх, дарэчы, у вёсцы тры. Асноўны манумент у выглядзе маці, якая смуткуе, стаіць на плошчы. Калі падмяталі і высаджвалі кветкі па перыметры, побач спынілася машына, выйшаў незнаёмы чалавек, загаварыў, стаў цікавіцца гісторыяй, пытаў, колькі людзей ваявала, колькі загінула, як падтрымліваецца памяць. Работнікі культуры расказвалі госцю пра трагічныя ваенныя падзеі, як вёска нацярпелася і падчас акупацыі, і пасля. Потым запрасілі яго ў Дом культуры, паказалі, дзе выступаюць самадзейныя артысты, дзе яны праводзяць рэпетыцыі, як займаюцца ўдзельнікі гурткоў. Чалавек, па ўсім было відаць, жыхар вялікага горада, можа, ніколі не быў у такіх вёсках, тым больш на Палессі...

А калі праводзілі гэтую імправізаваную экскурсію, дырэктар ДК проста да слова сказала: «Мы марым, што некалі знойдзецца спонсар, які падорыць нам новае адзенне сцэны». Госць адразу спытаў, колькі чалавек займаецца, падумаў, што гаворка ідзе пра сцэнічныя касцюмы для артыстаў. А калі растлумачылі, проста сказаў, што хацеў бы зрабіць нешта добрае для жыхароў гэтай вёскі і можа стаць тым самым спонсарам. Расійскі прадпрымальнік Андрэй Вячаслававіч Кобзеў гатовы быў адразу аплаціць патрэбнае вясковаму ДК убранне для сцэны і папрасіў разліковы рахунак, каб пералічыць грошы.

Але складанасці з пераводам расійскіх рублёў расцягнулі працэс спонсарскай дапамогі амаль на паўтара года. У выніку аднаму з памочнікаў Андрэя Кобзева давялося прыехаць у Мінск, каб аплаціць заказ Барысаўскаму камбінату дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На прадпрыемстве ўважліва аднесліся да просьбы вясковага Дома культуры, аператыўна прыслалі эскізы, узоры тканіны, у сціслыя тэрміны выканалі заказ.

І цяпер Павіццеўскі ДК мае такое адзенне сцэны, якім можа пахваліцца далёка не кожная ўстанова культуры райцэнтра. З новым убраннем прайшло ўжо некалькі канцэртаў і іншых масавых мерапрыемстваў. Вядома, тут лічаць вялікай удачай спонсарскую дапамогу ў тры тысячы долараў у эквіваленце, што зрабіла магчымым набыццё патрэбнага аксесуара, які будзе служыць доўгія гады.

Тут жыве памяць

Той выпадковы мецэнат расказаў потым, што яго так кранула і чаму ён вырашыў зрабіць падарунак людзям менавіта з гэтай вёскі. У лесе, амаль на самай мяжы з Украінай, Андрэй Кобзеў убачыў помнік афіцэру Савецкай Арміі, які загінуў падчас вайны. І помнік той быў... дагледжаны, абгароджаны. Значыць, тут з павагай ставяцца да памяці аб ваенных падзеях.

— А як жа інакш? — разважае старшыня сельскага Савета. — З Павіцця на фронт пайшло 137 чалавек. З іх 72 загінула. У першыя дні акупацыі захопнікі расстралялі 57 яўрэяў, некалькі сельскіх актывістаў, у тым ліку дырэктара школы і яго намесніка. Апошняму было 19 гадоў, ён толькі прыехаў па накіраванні і прыступіў да работы. Лясы і балоты спрыялі дыслакацыі партызанскіх атрадаў, іх тут было нямала. А яшчэ ў лясах засядалі так званыя бандэраўцы, ад іх мясцовае насельніцтва пакутавала не толькі падчас вайны, але і некалькі гадоў пасля яе заканчэння. «Заўсёды ў гэтай мясцовасці Дзень перамогі быў святам са слязамі на вачах, — падкрэслівае кіраўнік школьнага музея, настаўніца гісторыі Алена ГУСЕВА. — Кожны год мы праводзім мерапрыемства, на якое прыходзіць шмат людзей. Нашы школьнікі — яго самыя актыўныя ўдзельнікі. Дзяцей выхоўваем так, каб яны ведалі сваю гісторыю.

Цяпер у вёсцы Павіцце і аднайменным сельсавеце жыве 1300 чалавек. У сярэдняй школе разам з садком навучаецца і выхоўваецца 176 дзяцей. Ёсць амбулаторыя, аддзяленне банка, пошта, працуюць чатыры крамы, з іх адна прыватная. Не закрывалі ў вёсцы лазню, што цяпер вялікая рэдкасць. Працуюць вяскоўцы ў сельгаспрадпрыемстве, лясніцтве, на тэрыторыі дзейнічаюць тры фермерскія гаспадаркі, зарэгістраваны некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў. А вось шматдзетных сем'яў не так многа, як было раней, — цяпер іх толькі 19.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Кобрынскі раён

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.