Вы тут

Нетыповы роздум пасля гучных судовых спраў


Пасля таго як быў вынесены прысуд забойцам настаўніцы з Чэрыкава, мы з калегамі доўга абмяркоўвалі гэту тэму. Прыгадалі яшчэ адзін таксама сёлетні суд па не менш рэзананснай справе — забойцы з Юравіч атрымалі вялікія тэрміны зняволення. Я сама пасля дзівілася, як мы выйшлі ў сваёй размове на нетыповы ракурс. Бо гаварылі не пра смяротнае пакаранне, не пра тое, што рухала маладымі злачынцамі ў іх страшнай справе, — пра гэта ў каментарыях у сеціве не разважаў, здаецца, толькі лянівы, і ўсе такія філантропы, такія філосафы. Мы ж зачапілі тэму больш прыземленую: чаму падобныя страшныя злачынствы, дзякаваць богу, рэдкія, адбываюцца ў большасці сваёй у сельскай мясцовасці або ў прыватным сектары?


Сапраўды, яднае дзве вышэйназваныя крымінальныя гісторыі не толькі гібель людзей, не толькі малады ўзрост злачынцаў, але і гэта сухая пратакольная фраза: «Падсудныя праніклі ў дом пацярпелых...» Вы часта сустракалі падобную фармулёўку ў зводках, якія датычацца гарадскіх кватэр у шматпавярховых дамах? Хіба што з працягам кшталту «шляхам узлому», праўда? У дом, які стаіць асобна, трапіць ліхім людзям нашмат лягчэй. А яшчэ, каб схаваць сляды злачынства, яго і падпаліць — як зрабілі недавяркі ў Чэрыкаве, як часта пачалі рабіць нават дробныя зладзеі, якія нікога не чапаюць, проста выносяць маёмасць ці грошы.
І зноў — гэта толькі пра вёску ці пра прыватны сектар.

І мне здаецца, справа не толькі ў тым, што будынак, які стаіць асобна, ад пачатку больш уразлівы для зламыснікаў. Тут больш пра тое, як мы самі адносімся да абароненасці гэтага асобнага жытла. Дакладней — нават да самой неабходнасці той абароненасці. Бо яна — абсалютна новае паняцце ў жыцці традыцыйнага беларускага грамадства. Ну не было ў нас такой традыцыі — замыкаць на некалькі замкоў дзверы вясковай хаты і абносіць двор трывалым высокім плотам. Хаты нашы бацькі і іх бацькі замыкалі рэдка — толькі з'язджаючы кудысьці надоўга, за якой патрэбай у райцэнтр ці на далёкі сенакос. Калі ж выходзілі кудысьці паблізу — які замок? Клямка, злёгку накінутая на прабой, прыхілены да дзвярэй кіёк — проста як знак таму, хто ідзе ў хату, што гаспадароў няма дома. (І як знак непарушнай упэўненасці, што той, хто ідзе, проста развернецца і пойдзе назад.) А нашы традыцыйныя платы? Невысокія негустыя штыкеціны хіба што абаранялі ад скаціны, якую гналі па вуліцы, а пералезці праз такі плот пры жаданні можа нават дзіця. Брамкі калі і зачыняюцца, дык на не вельмі трывалую засаўку або на звычайны кручок. А як нашы хаты замыкаюцца нанач? У сваю, напрыклад, я, вяртаючыся з начных пагулянак, трапляла з дапамогай... сярпа, прасоўваючы яго ў шчыліну паміж дзвярыма і вушаком і падымаючы ім крук — з выгляду трывалы, але ў якасці запора вельмі ненадзейны.

Чаму яно так у нас спрадвеку склалася? Можа, таму, што, як казала мая бабка, не было чаго красці? Можа, людзі былі больш сумленныя і не думалі пра тое, што можна зайсці без дазволу, узяць чужое, нашкодзіць гаспадару? Нездарма ж Караткевіч пісаў пра нас «Край адкрытых душ і дзвярэй», маючы на ўвазе, што другое вынікае з першага.

Праўда, Караткевіч пісаў тое трыццаць восем гадоў таму. Шмат што змянілася з таго часу — новы лад, новая краіна, новыя рэаліі, у тым ліку і ў невялікіх паселішчах. Гадоў дваццаць назад, калі наша суседка, пераехаўшы з горада ў вёску, пачала «маштабную рэканструкцыю» і без таго дагледжанай сядзібы, усе глядзелі на яе як на дзівачку: навошта мяняць вокны, агароджваць шчыльным плотам участак, рабіць жалезную брамку з запорам, які адмыкаецца толькі з двара? Цяпер разумееш, як правільна яна зрабіла. І ўсё больш па вёсцы высокіх металічных платоў, дыхтоўных вокнаў (на некаторых нават краты фігурныя), і мы замест драўлянага плота нацягнулі сетку, а на новых брамках прадугледжаныя нават вушкі для навяснога замка (праўда, вешаем яго толькі з адной прычыны — каб дзеці з двара на праезную частку не выбягалі).

Карацей, вучымся жыць па-новаму, баронячы сябе і сваю маёмасць. Вучымся пакрысе, неахвотна — не дае хутчэй рабіць гэта генная памяць не аднаго вясковага пакалення. Пэўна, з-за яе, з-за гэтай памяці, забываемся зачыняцца на замок, без сумненняў адчыняем дзверы знаёмаму, які ў іх пастукае, не асабліва задумваючыся, што ў яго ў думках. За гэта, здараецца, вельмі дорага расплачваемся — нажытым дабром, а здараецца, і жыццём. Бо сёння ўсюды, нават у нашым «краі адкрытых душ і дзвярэй», настаў час дзвярэй зачыненых. І да гэтага трэба прывыкаць, і з гэтым трэба жыць.

Зрэшты, з дзвярыма неяк разбяромся. Галоўнае, каб з душамі нічога не змянілася.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: 1obl.ru

Загаловак у газеце: Час зачыненых дзвярэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.