Вы тут

У Купалаўскім упершыню пакажуць беларускамоўны інклюзіўны спектакль


29 лютага, у апошні дзень зімы, Мінску прадставіць вынік незвычайнай творчай калабарацыі. Яе ўдзельнікі – лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, папулярныя рокеры "Nizkiz", 12-разовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў, але перадусім два тэатры: Купалаўскі і сямейны інклюзіў-тэатр "і". Першы дае сваю галоўную сцэну, каб другі мог паказаць спектакль "Аднойчы ў вялізным горадзе" – беларускамоўную філасофскую казку паводле апавядання Ф.М.Дастаеўскага.


Сямейны інклюзіў-тэатр "і" створаны ў 2016 годзе на базе тэатральнай студыі Ірыны Пушкаровай. Ён дапамагае асаблівым дзецям сацыялізавацца і развівацца праз творчасць: сярод тутэйшых акцёраў не толькі адораныя дзеці і падлеткі рознага ўзросту, але таксама дзеці з аўтызмам і іх бацькі. На сёння ў студыі займаюцца каля 130 дзяцей, у тым ліку 42 асаблівых дзіцяці. За час існавання тэатр прадставіў некалькі спектакляў, але на адну з галоўных тэатральных сцэн Беларусі ён выйдзе ўпершыню.

Для таго, каб задума ажыццявілася і спектакль адбыўся, неабходна сама меней 2000 беларускіх рублёў. Таму 15 студзеня на краўдфандынгавай платформе Ulej.by стартавала адмысловая кампанія па збору сродкаў, удзел у якой узялі вядомыя медыяперсоны. Так, пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая адразу горача падтрымала праект, прапанавала ў якасці лоту запрашальнікі побач з сабой у VIP-ложу і сумеснае чаяванне ў тэатральным буфеце, Віталь Гуркоў выставіў трэніроўку па муай-тай, музыкі гурта "Nizkiz" – 2 квіткі на прэзентацыю свайго новага альбома, а тэатр імя Янкі Купалы – запрашальнікі ў ложу і партэр на інклюзіўны спектакль і гадавое запрашэнне на дваіх на ўсе прэм'еры тэатру.

Што цікава, першы лот быў напыты ўжо праз гадзіну пасля запуску краўдфандынгавай кампаніі, а на сёння, 16 студзеня, арганізатары сабралі больш як 100% ад патрэбных сродкаў. Між тым, кампанія запланаваная да 14 лютага, і арганізатары абяцаюць прадставіць яшчэ некалькі адмысловых лотаў – напрыклад, тэатральную экскурсію па закуліссі і розных цэхах Купалаўскага. Таму ўсе ахвотныя падтрымаць маленькіх акцёраў інклюзіў-тэатра "і", якія мараць выйсці на вялікую сцэну, могуць гэта зрабіць тут.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.