Вы тут

Да 100-годдзя Міколы Аўрамчыка


...Здаецца нават, што дзвярны праём тут павузеў,

Калі цяпер сюды ўваходзіш са двара...

Я не прывыкну ўсё ніяк, што тут цяпер музей

І што самога тут няма гаспадара.

А помніце, сябры, як некалі ў спякотны дзень

Сюды мы ў госці ім запрошаны былі,

Як бедаваў тады паэт, што зноў стаіць сухмень,

Што нівы нават ні расінкі не пілі?

Прайшлі дажджы...

З двара чуваць людскія галасы...

Як быццам выйшаў ён падыхаць водарам сасны,

Палюбавацца, як закрасавалі каласы

Ім вырашчанага гатунку збажыны.

Барометр на стале прарочыць ясны дзень з начы...

Ліст не дапісан ім...

Я ў сэрцы ўсё збярог,

Як той юнак, якому жураўліныя ключы

Ён уручыў і жураўлінае пяро.

(М. Аўрамчык "У доме Якуба Коласа")

14 студзеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла ўрачыстая вечарына, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і перакладчыка  Міколы Аўрамчыка. Пачалася сустрэча сімвалічна: з верша Міколы Якаўлевіча, які ён прысвяціў Якубу Коласу.

“У доме Якуба Коласа” – так называецца і выстаўка з фондаў музея, асабістага архіва нашчадкаў Якуба Коласа і прыватнай калекцыі родных М. Аўрамчыка, якую прэзентавалі ў дзень юбілею ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Невыпадкова юбілей Міколы Аўрамчыка святкаваўся ў доме Якуба Коласа, бо менавіта Пясняр паспрыяў уваходу маладога паэта ў літаратурнае жыццё, адзначыўшы адзін з яго першых вершаў. Мікола Аўрамчык успамінаў: “Я добра разумею цяпер, што тая даўняя ацэнка Якубам Коласам майго верша адыграла вырашальную ролю ў маім далейшым творчым лесе... Цяпер я знайшоў даваенныя падшыўкі абедзвюх рэспубліканскіх маладзёжных газет і перачытаў тое, што яны друкавалі аб памятным для мяне літаратурным вечары. Вось што напісана ў «Чырвонай змене» за 8 красавіка 1939 года ў канцы нататкі «Літаратурна-творчы вечар»:

"Колас падрабязна разабраў верш М. Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў». Азнаёміўшыся з журналам «Наша творчасць», ён пакінуў наступны запіс: «...Першае ўражанне — радасць за таленты маладых літгурткоўцаў. Маю ўвагу спыніў верш Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў». Верш надзвычай свежы. Па сіле і эмацыянальнасці я стаўлю яго ў рад такіх вершаў, як лермантаўскі «Па­рус». Жадаю літгурткоўцам поспехаў».

Утульным і блізкім сэрцу для многіх беларускіх пісьменнікаў быў дом Якуба Коласа. Мікола Аўрамчык не адзін раз быў госцем гэтага дома, як пры жыцці класіка беларускай літаратуры, так і пасля яго смерці, калі тут быў створаны музей. На юбілейнай вечарыне з прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Васільевіч Храмы.

Аб горкім лёсе і аб дасягненнях юбіляра расказаў сябра музея, беларускі пісьменнік Генрых Далідовіч, які з’яўляецца аўтарам прадмовы да кнігі “Выбраныя творы” Міколы Аўрамчыка ў серыі “Беларускі кнігазбор”. З цёплымі словамі аб юбіляры выступіў галоўны рэдактар выдавецтва “Кнігазбор” Кастусь Цвірка. А ўнучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч натхнёна прачытала верш Міколы Аўрамчыка “Спарышы”, прысвечаны Юрасю Свірку і Кастусю Цвірку.

Студэнт 4-га курса вакальна-харавога аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіслаў Барткевіч (клас старшага выкладчыка кафедры спеваў Дзмітрыя Валер’евіча Такмакова) выканаў 5 лірычных інтэрмецца на словы нямецкага паэта Генрыха Гейнэ нашага беларускага кампазітара Дзмітрыя Смольскага. Партыю фартэпіяна выканала студэнтка 4 курса фартэпіяннага і кампазітарска-музыказнаўчага факультэта Ірына Цераш (клас старшага выкладчыка кафедры канцэртмайстарскага майстэрства Наталлі Аркадзьеўны Кароцінай).

Хутка ў першым нумары часопіса “Маладосць” за 2020 год выйдзе артыкул беларускага паэта, земляка Якуба Коласа Казіміра Камейшы, прысвечаны Міколу Аўрамчыку. Дарэчы, Мікола Аўрамчык прысвяціў Казіміру Камейшу верш “Выток”, а Казімір Камейша ў сваю чаргу напісаў для Міколы Якаўлевіча верш “Калі прыпомніш”. Сваімі ўспамінамі пра калегу Казімір Вікенцьевіч падзяліўся з гасцямі вечара.

Мікола Аўрамчык доўгі час працаваў у часопісе “Маладосць”. У сваіх успамінах аб Коласе “Духоўны прарок і зямны чалавек” ён распавядаў, як хадзіў да Канстанціна Міхайлавіча па матэрыялы для часопіса. Галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава прадэманстравала ўнікальныя архіўныя дакументы і распавяла пра працу Міколы Якаўлевіча ў часопісе.

У імпрэзе таксама прынялі ўдзел старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, беларускі паэт, крытык  і публіцыст Яўген Хвалей, пісьменнік, паэт Алесь Камароўскі.

Цудоўныя вершы Мікола Аўрамчык прысвяціў сваім дочкам Ірыне, Наталлі і Святлане. На вечарыне ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі родныя Міколы Аўрамчыка. Напрыканцы імпрэзы слова ўзяла дачка пісьменніка Наталля Мікалаеўна. Яе чуллівы расповед пра дзяцінства, пра тое, як бацька заўсёды падтрымліваў дачок і даваў слушныя парады, якія дапамагалі ў жыцці, нікога не пакінуў раўнадушным.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?