Вы тут

Мікола Аўрамчык – эпоха “Маладосці”


Мікола Аўрамчык – эпоха “Маладосці”

14 студзеня 2020 года вядомаму беларускаму паэту, празаіку і рэдактару Міколу Аўрамчыку споўнілася б стагоддзе. Каб успомніць выбітнага літаратара, 15 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры сабраліся яго сябры і родныя.

Імя Міколы Аўрамчыка легендарнае для часопіса “Маладосць”. Рэдактар, які кіраваў аддзелам паэзіі ажно 27 гадоў, згадваецца ў кнізе пра гісторыю выдання “Скрозь “Маладосць” цэлых 24 разы (часцей сустракаюцца толькі імёны Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Дамашэвіча). Галоўны рэдактар часопіса Святлана Воцінава прасачыла маладосцеўскі перыяд кар’еры Міколы Аўрамчыка ў архіўных дакументах:

–  Гэта папера ад 1 сакавіка 1953 г. “Прызначыць таварыша Аўрамчыка Мікалая Якаўлевіча на пасаду літработніка з акладам 1000 рублёў”. А вось тая самая жывая заява, якая сведчыць, што роўна 27 гадоў і адзін месяц прапрацаваў  Мікола Якаўлевіч у часопісе: “У сувязі з тым, што я дасягнуў пенсійнага ўзросту, прашу вызваліць мяне ад абавязкаў рэдактара аддзела паэзіі з 1 красавіка 1980 г.” У нашай кнізе “Скрозь “Маладосць” Мікола Аўрамчык згадваецца такімі словамі: “хросны бацька юнай змены беларускіх вершатворцаў”, “паэты любілі Міколу Якаўлевіча, як роднага бацьку”. І ў нас у рэдакцыі ёсць традыцыя: новыя супрацоўнікі, якія прыходзяць на пасады рэдактараў адзелаў, маюць прыемны абавязак прачытаць гэтую кнігу, таму імя Міколы Аўрамчыка не забываецца.

Хрышчэнне як паэта Міколы Якаўлевіча таксама ўнікальнае. Пра гэта ўспомніў Анатоль Вярцінскі:

– Яго ўвёў у паэзію Якуб Колас. На літаратурнай сустрэчы ў педінстытуце Коласу спадабаўся верш “Адлёт жураўлёў” тады яшчэ нікому не вядомага паэта, ён адразу паказаў твор і Янку Купалу. Так абодва песняры ўхвалілі маладога аўтара. Але Мікола Аўрамчык быў не толькі добрым літаратарам, ён быў для нас прыкладам як сем’янін, не толькі хросным бацькам беларускіх паэтаў, але і цудоўным сапраўдным бацькам сваіх трох дачок.

Мікола Аўрамчык стаў паэтычным хросным бацькам для многіх пачаткоўцаў, імёны якіх цяпер вядомыя і значныя ў беларускай літаратуры, але вобраз настаўніка памятаюць і сёння. Так Міколу Якаўлевіча ўспамінае Генрых Далідовіч:

– Я пабачыў яго ўпершыню, калі быў зусім яшчэ малады. Мы, празаікі, прыходзілі ў рэдакцыю часопіса “Маладосць” да Міхася Стральцова, але іх працоўныя месцы былі побач. Мікола Якаўлевіч адразу прыцягваў увагу: стройны, высокі, кампанейскі. Дзякуючы яму адразу пачатковец-літаратар адчуваў сябе сваім. І нават калі і забракоўваўлі твор, то заўсёды заставалася надзея на працу і пачуццё, што ўсе заўвагі толькі для тваёй карысці. У 1979 г. шаноўны Васіль Зуёнак, тады галоўны рэдактар “Маладосці”, блаславіў мяне на працу намеснікам галоўнага рэдактара. Я вельмі турбаваўся: як мне быць начальнікам Аўрамчыка, Дамашэвіча, Сіпакова? А ён адказваў: “Яны спраўляюцца са сваёй працай выдатна. І ты проста рабі добра сваю, усё тады атрымаецца”. І праўда, працавалася з такім калектывам надзвычай хораша. Аднойчы, ужо пасля адыходу з часопіса, Мікола Якаўлевіч адчыняе дзверы ў кабінет да нас з галоўным рэдактарам (тады – Анатоль Грачанікаў) і кажа: “Хлопцы, я прынёс вам рОман”. Гэта быў яго раман “У падзямеллі”, выдатны твор на аснове ўспамінаў палону ў шахтах Рура падчас Вялікай Айчыннай вайны. Так Мікола Аўрамчык стаў празаікам.

Імя легендарнага рэдактара аддзела паэзіі “Маладосці” ўжо непарыўна звязана з выданнем. Былы галоўны рэдактар часопіса Васіль Зуёнак успамінае Міколу Аўрамчыка не толькі як супрацоўніка, але як настаўніка:

– Калі мы ўспамінаем часопіс “Маладосць”, адразу згадваем Міколу Аўрамчыка. Ці, наадварот, успамінаем Міколу Аўрамчыка, то абавязкова згадваем “Маладосць”. Сваю творчую дарогу ён прайшоў з “Маладосцю”, з маладымі паэтамі не аднаго пакалення! Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Казімір Камейша, Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Леанід Галубовіч і шмат іншых – усе прайшлі праз школу Аўрамчыка. Натуральна, і я быў вучнем гэтай школы.  Мы з Міколам Якаўлевічам вельмі пасябравалі ў агульных выступленнях, аб’ездзілі ўсе далёкія куточкі Беларусі і чыталі вершы не ў пышных залах, а на ферме, у цэху. І часцей за ўсё ў час перапынку на абед: дзяўчынкі-жанчынкі прыходзілі, даставалі свае ссабойкі і слухалі вершы! Мікола Якаўлевіч у паэзіі быў вельмі вясёлым і шчырым, дзе пераважна была жаночая аўдыторыя, вельмі падабаліся яго вершы “Ах, вяснушкі!”, “Студэнцкі ўспамін”.

На вечары прысутнічалі і дочкі Міколы Аўрамчыка. У экспазіцыю музея яны перадалі некалькі кніг бацькі, акуляры, набор ручак і юбілейны медаль удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Малодшая Наталля расказала цёплыя ўспаміны пра бацьку:

 – Так прыемна чуць, як згадваюць тату як настаўніка многіх літаратараў. Так і сёння, калі бачым тых, хто цяпер у зале, памятаем зусім маладымі! Для нас, дачок, ён быў цудоўным бацькам. Часта казаў: “Каб я ведаў, што будзе тры дачкі, то назваў бы вас Надзеяй, Верай і Любоўю”. Бацька часта бываў у камандзіроўках, таму нашай адукацыяй і выхаваннем больш займалася маці, але ўсё адно ён заўсёды знаходзіў хвілінку, каб пацікавіцца нашымі ўдачамі і праблемамі. Калі сталі дарослымі, бацька таксама быў вельмі ўважлівы да нас. Некаторы час, каб я магла працаваць, мы з малым сынам пераехалі на лецішча да бацькоў. Каб паспець на працу, трэба было прачнуцца а пятай гадзіне і некалькі кіламетраў ісці праз лес на электравік. Кожную раніцу са мной прачынаўся тата і праводзіў да станцыі, хоць быў ужо тады ва ўзросце. Вось такім цудоўным чалавекам і бацькам ён быў.

Р.S.
Вечарына да 100-годдзя Міколы Аўрамчыка прайшла з удзелам часопіса "Маладосць" і ў музеі Якуба Коласа:  http://yakubkolas.by/2020/01/15/litaraturna-muzychnaya-vecharyna-da-100-goddzya-mikoly-a%d1%9eramchyka-u-dome-yakuba-kolasa/

Ганна ВАРОНКА

 

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.