Вы тут

Калядная зорка ўзышла!


На Каляды міжволі чакаеш цудаў. Нават прагматыкі, якія скептычна ставяцца да ўсяго, што нельга патрымаць у руках, трапляюць пад уплыў агульнага настрою: у самім паветры нябачна прысутнічае вера! А калі верыш, то ўсё магчыма, і мары здзяйсняюцца. Менавіта цяпер, калі завяршаецца чарговы віток адліку існавання Сына Божага — ужо на нябёсах, побач з Айцом Нябесным.


Але каб мары сталі явай, заўжды павінны быць тыя, хто іх здзяйсняе, чыімі рукамі яны рэалізоўваюцца, — адданыя сваёй справе людзі, здольныя стварыць цуд, якія прыдумляюць казкі, гульні, распрацоўваюць адметныя заняткі — не толькі забаўляльна-вясёлыя, але і пазнавальныя, каб дзіця далучылася да агульначалавечых каштоўнасцяў, у гульнявой форме даведалася нешта новае пра гісторыю і культуру сваёй краіны (менавіта так матэрыял найлепш замацоўваецца ў памяці).

Праграма «Калядная зорка Максіма», распрацаваная ў літаратурным музеі Багдановіча, знаёміць дзяцей з даўняй беларускай традыцыяй — каляднымі батлеечнымі прадстаўленнямі. Стагоддзі таму, калі не было ні тэлебачання, ні кніг у шырокім карыстанні, менавіта батлеечныя персанажы распавядалі людзям пра нараджэнне Хрыстова, пра падзеі, якія адбываліся пасля.

Для абодвух музеяў Багдановіча: і літаратурнага, і  «Беларускай хаткі» Каляды — свята асаблівае. «Мы заўжды чакаем калядных тыдняў, каб запрашаць гасцей на лялечныя спектаклі», — прызнаецца Ірына Мышкавец, якая не першы год паказвае батлеечныя спектаклі.

Тэатр гэты з’явіўся на Беларусі яшчэ ў XVI стагоддзі і стаў вельмі папулярны. Каб выступаць з  батлейкай, артысты не вучыліся ў тэатральных акадэміях — мастацтва перадавалася ў спадчыну ад бацькі да сына, ад «настаўніка» да «вучня». Беларускі народ заўжды быў багаты на адметныя, самабытныя таленты.

На некаторы час батлеечная традыцыя на тэрыторыі Беларусі была забытая, але ў ХХ стагоддзі, калі пачало адраджацца ўсё беларускае, успомнілі і пра батлейку. Максім Багдановіч, пастаянны чытач штотыднёвіка «Наша ніва», даведаўся пра тое, што гэты народны тэатр аднаўляецца, з абвесткі, надрукаванай у выданні — там паведамлялася, што рэдакцыя збірае звесткі аб батлейшчыках, батлеечных ляльках і спектаклях, якія ставіліся на імправізаваных сцэнах падчас Калядаў пасярод кірмашоў ды на местачковых плошчах (у рэдакцыі баяліся, што гэта самабытная традыцыя можа назаўжды знікнуць). Калі ж у 1916 годзе Максім прыехаў у Мінск, то пра батлейку яму расказалі сябры: год таму ў сталіцы аднавілі паказы лялечных спектакляў.

Адзін з рэдактараў «Нашай нівы», Аляксандр Уласаў згадваў, што яшчэ ў 1915 годзе ў рэдакцыі «Сахі» і «Лучынкі» батлейку арганізаваў ён, знайшоўшы старых батлейшчыкаў: шаўца Мядзіцкага і «расказвацеля» шаўца Муравіцкага, якія і батлейкавалі ў рэдакцыі тыдні тры. Музыкантамі таксама былі шаўцы. Адшукаў Уласаў і старэнькую мадыстку для персанажаў батлейкі, якая некалі з гэтага і жыла: традыцыя вымагала, каб усе вопраткі для лялек былі старасвецкага фасону.

Падчас апошняга гасцявання на радзіме Максім Багдановіч з Уласавым не сустрэўся, а пра батлейку чуў ад Змітрака Бядулі, у чыім доме ён і жыў у Мінску на Малагеоргіеўскай вуліцы (зараз у тым памяшканні знаходзіцца музей «Беларуская хатка»). Бядуля расказаў, што летась, у 1916 годзе, Беларускі бежанскі камітэт паказваў батлейку на працягу месяца — яна карысталася вялікай папулярнасцю (адбылося каля 300 прадстаўленняў) — уся гарадская інтэлігенцыя лічыла справай гонару наведаць прадстаўленне. Сёстры Змітрака Бядулі Рэня і Геня сшылі вопратку батлеечным персанажам і прадавалі квіткі. Калядная зорка ўзышла!

Максім дужа захапіўся ідэяй, радасна казаў Змітраку Бядулю і яго сёстрам, маўляў, давайце зробім батлеечныя лялькі і паедзем па Беларусі паказваць спектаклі дзеткам і дарослым!.. Максім разумеў, які складаны час перажываюць людзі: ішла вайна, лінія фронту пралягала зусім блізка, у горадзе  — холадна і  голадна, безліч бежанцаў. Ён марыў, каб у людзей быў хаця б гэты калядны цуд, праз які яны мелі б хоць крышку святла, цяпла і шчасця. Бядуля згадваў, што Багдановіч пачаў фантазіраваць аб лялечным тэатры, прычым маляваў такія камічныя карціны жыцця і працы ў вандроўках, што ўсе весела смяяліся.

Падчас адкрыцця фестывалю «Нябёсы».

На жаль, Максіму не было наканавана здзейсніць мару — на Каляды 1917 года батлеечныя спектаклі ў сталіцы не арганізоўвалі, а больш на Беларусь паэт не вярнуўся... Калі ж стваралі музей Максіма Багдановіча «Беларуская хатка», яго супрацоўнікі аднавілі батлейку і ажыццявілі такім чынам мару паэта. З 1991 года ў «Беларускай хатцы» батлейка паказваецца пастаянна. Батлеечная скрыня для прадстаўленняў з’яўляецца дакладнай копіяй магілёўскай батлейкі ХІХ стагоддзя (арыгінал захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу, у Расійскім этнаграфічным музеі, дзе знаходзяцца і некаторыя лялькі, на падставе якіх, а таксама па старых фотаздымках беларускія мастакі, у тым ліку Алесь Лось і Яўгенія Ліс, зрабілі камплекты лялек для абодвух музеяў. Вопратку, дарэчы, ім пашылі па старасвецкім узоры, як таго і вымагае традыцыя.

Крыху пазней да батлеечнай мары паэта далучыўся і Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе з’явілася яшчэ адна перасоўная батлейка — з ёй лёгка падарожнічаць па гарадах, вёсачках, школах, клубах, паказваць спектаклі.

Тэксты, узятыя за аснову батлеечных спектакляў, старыя, але крыху стылізаваныя пад сучаснасць. Гэта не сухія завучаныя сказы: кожны з батлейшчыкаў, які працуе ў музеі, можа прыўнесці нешта сваё, таму батлейка з’яўляецца вельмі жывой, адпавядае тым з’явам, якія ёсць сёння, і знаходзіць водгук у сэрцах дзяцей. Напрыклад, у тэксце замест «піва» альбо «квасу» можна ўжываць «кока-колу», што заўжды выклікае смех. Ёсць фраза, дзе герой батлейкі Мацей аб’еўся куцці, што не ўсім зразумела, таму часам батлейшчыкі гавораць «аб’еўся сасісак» — гэта да дзяцей даходзіць лепш, прызналася Ірына Мышкавец. Сярод батлеечных персанажаў — цыган і цыганка, яўрэй і яўрэйка, ёсць паляк і беларуска, дык дзеці часам і пытаюцца: «А калі ўжо будуць і кітайцы?» — ужо трэба думаць і над гэтым, — жартуе батлейшчыца.

Музейная дабрачынная акцыя, арганізаваная да святаў, называецца «Калядная зорка Максіма».

— Наперш мы хацелі паказаць спектакль тым дзеткам, якія ўжо сутыкнуліся з цяжкасцямі ў жыцці, з сумнымі момантамі. На прадстаўленні мы запрашалі гадаванцаў дзіцячых дамоў, з апякунскіх сем’яў, а таксама з тых, дзе дзеці прыёмныя. Запрашалі і шматдзетныя сем’і — усе яны глядзелі спектаклі бясплатна. Мы былі рады далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», падараваць радасць нашым маленькім суайчыннікам, — распавялі супрацоўнікі музея.

Акцыя «Калядная зорка Максіма» — гэта не толькі паказы батлейкі, але і цэлая праграма. Пасля прагляду дзеткі робяць сваімі рукамі батлеечную ляльку  — аб’ёмных папяровых анёлкаў, могуць паспрабаваць сябе ў ролі батлейшчыка — павадзіць сваю ляльку па батлейцы. Дзяцей знаёмяць з музеем, акцэнтуюць увагу на паштоўках у экспазіцыі музея. Потым у дзяцей ёсць магчымасць самім зрабіць сваю незвычайную паштоўку — з прыемным сакрэцікам, з цудам, — у духу калядных святкаванняў. Акрамя таго, дзеці, якія прыходзяць у музей па гэтай акцыі, атрымліваюць памятныя сувеніры, падарункі.

— Дарэчы, тут вельмі добра відаць, якія розныя дзеці: у кагосьці ў батлейцы анёлак моўчкі выходзіць, а потым сыходзіць, у іншага спрабуе паказаць нейкае дзеянне, ёсць тыя, якія намагаюцца згадаць вершык ці песню. Гэта праца вельмі многа дае для назірання, — падзялілася Ірына Мышкавец. — Дае надзею, што батлейка не знікне з прастораў Беларусі, што на змену прыйдуць маладыя батлейшчыкі…

Пацвярджэннем таго, што батлеечная традыцыя на Беларусі ўмацоўвае свае пазіцыі, з’яўляюцца батлеечныя фестывалі, якія штогод арганізоўваюць на Каляды рупліўцы Свята-Елісавецінскага манастыра. Сёлета ў VI Калядным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» акрамя сталічных гасцей бралі ўдзел калектывы з Віцебска, Брэста, Гродна, Ракава, Міра, сямейны тэатр з вёскі Стойлы, які аднавіў аўтэнтычную палескую батлейку. Акрамя прадстаўленняў, у  межах фестывалю праходзілі шматлікія майстар-класы для дзяцей. Так, знакаміты лялечнік Юрый Шароў вучыў юных гледачоў майстраваць так званыя аўтаматоны  — механічныя лялькі, якія самі могуць рухацца. Былі прадэманстраваны і іншыя тэхнікі па вырабе лялек, напрыклад, пальчыкавых.

Зазвычай фестываль складаецца з конкурснай і пазаконкурснай праграм. У пазаконкурснай прымаюць удзел прафесіяналы. Яны не спаборнічаюць паміж сабой, толькі дэманструюць майстэрства, паказваюць самае адметнае са свайго рэпертуару. А конкурсная праграма разлічана на сямейныя аматарскія і  дзіцячыя калектывы. Як правіла, яна праходзіць у межах дабрачыннай акцыі «Святло душы — дабрадзейнасць». Напярэдадні Калядаў, яшчэ да пачатку фестывалю, калектывы даюць прадстаўленні ў дамахінтэрнатах, тым самым прадвяшчаючы свята, ствараючы адпаведны ўрачысты настрой.

Акрамя таго, для ўсіх аматараў арганізоўваецца і  школа батлейкі (праходзіць у самім манастыры), дзе прафесіяналы-батлейшчыкі, мастацтвазнаўцы і мастакі вучаць гэтаму старажытнаму майстэрству з нуля: як змайстраваць батлеечную скрыню, якія правілы павінны быць улічаны ў падрыхтоўцы паказаў.

Дэвіз фестывалю — «З лялькай — да Бога»; у якасці сімвала і ўзнагарод выступаюць выявы анёлаў. Ніводзін батлеечны паказ не абыходзіцца без анёла, дзеючай асобы галоўных калядных інсцэніровак: карцін «Нараджэнне Ісуса Хрыста» і казкі «Цар Ірад». Анёл нясе вестку пра нараджэнне Божага Дзіцяці, спрабуе скіраваць на шлях дабра тых, хто вагаецца паміж цёмным і светлым бокам... Гавораць, што калі ў яго нешта запытаешся, ён абавязкова адкажа — самыя добрыя словы і пажаданні. Каляды — той час, калі яго можна пачуць, стаўшы крыху бліжэй да Бога...

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».