Вы тут

Як будзе развівацца Магілёўшчына?


Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адказаў на пытанні журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ

Знамянальна, што сустрэча адбылася ў дзень нараджэння Магілёўскай вобласці. Губернатар ад абласной вертыкалі і сябе асабіста павіншаваў прысутных і падзякаваў за канструктыўную работу. А потым даў падрабязную справаздачу на тэму сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і планаў на бягучы год.


Фота БЕЛТА

— Летась была забяспечана станоўчая дынаміка развіцця вобласці, забяспечаны рост у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, — падкрэсліў губернатар. — Выкананы чатыры з шасці ключавых паказчыкаў — экспарт тавараў і паслуг, паступленне прамых замежных інвестыцый на 96,8 мільёна рублёў пры заданні 80 мільёнаў, створаны новыя рабочыя месцы. Але ў нас яшчэ хапае рэзерваў для росту ва ўсіх сферах народнагаспадарчага комплексу. Неабходна істотна прыбавіць у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, павялічыць экспарт тавараў і паслуг і тым самым забяспечыць рост сярэдняй заработнай платы не менш чым да 1000 рублёў.

Больш важкае становіцца ўздзеянне прадпрымальніцкага складніка. Сёння на тэрыторыі Магілёўскай вобласці зарэгістравана 8700 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і 24700 індывідуальных прадпрымальнікаў. Удзельная іх вага ў аб'ёме прамысловай вытворчасці займае 24 %, а ў экспарце — амаль 39 %. Дарэчы, толькі за мінулы год 3300 чалавек зарэгістравалася ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў і было створана 639 новых прадпрыемстваў.

З 2013 года на тэрыторыі сямі раёнаў Магілёўскай вобласці рэалізуецца праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Адбыліся станоўчыя перамены, але не настолькі істотныя, як хацелася б. Губернатар паведаміў, што мэты і задачы застаюцца ранейшыя — стварэнне спрыяльных умоў для жыцця і работы мясцовага насельніцтва. Прэзідэнт падтрымаў прапановы аблвыканкама па далейшым развіцці гэтых тэрыторый. Сёлета Банкам развіцця ў іх будзе ўкладзена 130 мільёнаў рублёў крэдытных рэсурсаў. Ствараюцца рабочыя месцы ў Слаўгарадскім раёне, дзе пабудаваны свінакомплекс на 24 тысяч галоў. 97 рабочых месцаў прапануе вядомае бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік», якое сёлета адкрывае ў Слаўгарадзе свой кандытарскі цэх. У Клімавічах наладжана вытворчасць па вырабе драўнянага вугалю, дзе будзе працаваць болей за 50 чалавек. Яшчэ каля 60 рабочых месцаў прапануюць жыхарам Крычаўскага раёна, дзе будзе запушчаны вертыкальна інтэграваны комплекс па вытворчасці свініны.

Магілёў таксама чакаюць прыемныя перамены. Леанід Заяц паведаміў, што вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі на будаўніцтва дубль-дарогі па мінскім напрамку, якая звяжа мікрараён Казіміраўка з праспектам Шміта праз вуліцу Касманаўтаў. У горадзе таксама працягваецца ўзвядзенне шэрагу спартыўных і медыцынскіх аб'ектаў, і ў першую чаргу з уліку незавершаных будоўляў.

Было закранутае пытанне па прадпрыемстве «Омск-Карбон-Магілёў», якое пачне работу сёлета і будзе спецыялізавацца на вытворчасці тэхвугляроду. Людзей турбуе яго ўздзеянне на экалогію. Губернатар паведаміў, што ўсё робіцца для таго, каб новая вытворчасць была бяспечная.

Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, як будзе рэалізоўвацца праграма па захаванні культурнай спадчыны.

— Рыхтуемся прыняць у Бялынічах мерапрыемства рэспубліканскага маштабу — Дзень пісьменнасці, — паведаміў губернатар. — Вызначаны шэраг аб'ектаў, якія трэба прывесці ў парадак, каб надаць гораду сучасны выгляд і годна правесці свята. Акрамя гэтага да дня 75-годдзя Перамогі ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна, якую 78 гадоў таму немцы спалілі разам з жыхарамі гэтай і найбліжэйшых вёсак, плануецца стварыць дадатковыя аб'екты па захаванні памяці ахвяр фашызму. Тут існуе мемарыял у гонар жыхароў 112 населеных пунктаў, якіх спасцігла доля Боркаў. Будзе зроблена рэканструкцыя прылеглай тэрыторыі, а на мемарыяльных плітах з'явяцца назвы яшчэ 33 спаленых вёсак. Зробім таксама стылізаваную вуліцу, якая калісьці існавала, і дададзім некалькі новых кампазіцый, каб узмацніць эмацыянальны складнік пра тыя жахлівыя падзеі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.