Вы тут

Кампанія А1 сёлета працягне шэраг сацыяльных праектаў


Кампанія А1 сёлета працягне шэраг сацыяльных праектаў. Яны па-ранейшаму будуць дапамагаць дзецям і падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць. Акрамя гэтага, з'явіцца новы кірунак — экалагічны. Традыцыйна больш за палову свайго прыбытку кампанія рэінвестуе ў нацыянальную эканоміку, у тым ліку на сацыяльныя праграмы, а гэта каля мільярда долараў. Дзякуючы такім праектам, у прыватнасці, мы адчулі, што такое «Венскі баль», атрымалі асалоду ад «Класікі ля Ратушы» і сотага юбілейнага сезона ў Купалаўскім тэатры. Сёлета з падтрымкай і заахвочваннем А1 беларусы далучацца да авангарднага мастацтва УНОВІС, працягнуць бегаць, чытаць па-беларуску і павысяць сваю экалагічную адукаванасць, паабяцаў генеральны дырэктар кампаніі А1 Гельмут Дуз.


— Некалькі гадоў таму наша кампанія стала першай, хто звярнуўся да сваіх кліентаў па-беларуску. Гэта для нас прынцыпова важна і цяпер. На падтрымцы роднай мовы грунтаваліся нашы сацыяльныя праекты ў сферы адукацыі і культуры. Найперш гэта ранейшы праект «Чытаем па-беларуску з Vеlсоm». Развіваючы забаўляльны кантэнт, мы пачалі перакладаць замежныя фільмы на родную мову (праект «Беларускія ўік-энды»), і на такія сеансы найхутчэй прадаваліся білеты, — адзначыў Гельмут Дуз.

Падтрымцы беларускай мовы былі прысвечаны адукацыйны праект для старшакласнікаў «Першыя» і ініцыятыва па папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры MОVАBОХ. Кампанія А1 і далей мае намер размаўляць з беларусамі на іх роднай мове. У найбліжэйшы час з'явіцца праект «Мова» (яго падрабязнасці пакуль не афішуюць) і іншыя.

Сёлета кампанія мае намер усур'ёз падтрымаць экалагічныя ініцыятывы. Для гэтага будзе праведзена маштабная навуковая канферэнцыя з удзелам экспертаў. Заслухаўшы іх прапановы, А1 вылучыць канкрэтныя ідэі ды ініцыятывы, якія і падтрымае. Галоўнае, да чаго мабільны аператар хоча прыцягнуць увагу, — павышэнне экалагічнай адукаванасці беларусаў.

— У Аўстрыі (мабільны аператар А1 з'яўляецца часткай міжнароднай групы А1 Tеlеkоm Аustrіа Grоuр. — «Зв.») нельга нават уявіць, што ты выкінеш батарэйку проста ў смецце, там усе сартуюць адходы. Але ў многіх краінах свету існуе такая праблема: людзі не задумваюцца, што іх дзеянні могуць нешта змяніць у экалогіі, — адзначыў Гельмут Дуз.

«Беларуская культура — важная старонка ў культуры еўрапейскай», — лічаць у кампаніі і таму далучацца да арганізацыі святкавання 100-гадовага юбілею сусветна вядомага мастацкага аб'яднання УНОВІС, заснаванага Казімірам Малевічам у Віцебску. У межах праекта #UNОVІS100 адбудзецца шэраг мерапрыемстваў у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, а ў Мінску будзе арганізавана выстаўка, прысвечаная дзейнасці аб'яднання.

А вось папулярны праект «Бяжым у дапамогу дзецям» (або Vеlсоmbеgоm) завяршыў сваё існаванне разам з рэбрэндынгам кампаніі, які прайшоў летась. Але бегаць разам беларусам прапануюць ізноў.

— Vеlсоmbеgоm — знакавы для нас праект, мы прыцягнулі вялікую колькасць не толькі тых, хто ахвяраваў сродкі, але і тых, хто актыўна бегаў. Нават беларусы, якія знаходзіліся не дома, а дзесьці ў Кітаі і на Кубе, бегалі і дасылалі нам вынікі. Разам мы пераадолелі 100 тысяч кіламетраў, гэта выдатныя прыклады. Аўстрыйцы былі б занадта лянівыя для такога праекта. А ў Беларусі ён стаў магчымы, і нешта падобнае мы абавязкова прапануем у будучыні, — паабяцаў генеральны дырэктар.

Праект «Я бачу», у рамках якога 50 тысяч школьнікаў з аддаленых вёсак прайшлі дыягностыку зроку, таксама завершаны. Гельмут Дуз высока ацаніў кваліфікацыю нашых урачоў:

— Я нядаўна вярнуўся з Аўстрыі са зламанай нагой. Але дзякуючы беларускім медыкам зноў стаў дастаткова мабільны. Я часам звяртаюся па медыцынскую дапамогу і маю ўяўленне пра высокую кваліфікацыю беларускіх урачоў. Але ёсць рэчы, якія аб'ектыўна маюць патрэбу ў грашах. Таму мы падтрымалі праект «Я бачу». Ёсць ініцыятывы, вынік якіх адчувальны адразу, ёсць тыя, якія патрабуюць часу на распрацоўку, а гэта мільёны долараў. Больш за 50 % нашага прыбытку мы рэінвестуем у нацыянальную эканоміку Беларусі, — сказаў генеральны дырэктар, адказваючы на пытанне пра кошт сацыяльных праектаў кампаніі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: З беларусамі — па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».