Вы тут

Чаму ў высакосны год не спраўлялі вяселлі?


Марына Захараўна з Вілейкі запыталася: «Гэты год — высакосны. Чаму старыя людзі не раілі жаніцца падчас яго?»


Магчыма, таму, што люты аказаўся нестабільным месяцам, і кожны чацвёрты год дапаўняўся «невядома адкуль» узятым днём, высакосны год паступова пачаў абрастаць у народнай свядомасці прыкметамі, павер'ямі, рэгламентаванымі прадпісаннямі, якія з часам аформіліся ў пэўную сістэму з аўрай таямнічасці, недагаворанасці, стрыманасці. Ключавым паняццем, замацаваным за годам-зданню, стала вызначэнне «нешчаслівы».

Жыццёвы досвед і шматгадовыя назіранні, зафіксаваныя ў традыцыйнай культуры, сведчаць, што да высакоснага года быў і захаваўся пэўны недавер, нейкая насцярожанасць. Імаверна, характар яго рухомасці, зменлівасці, няўстойлівасці стаў прычынай негатыўнага стаўлення да яго з боку ўсходніх славян: «Здаўна заведзена лічыць высакосны год небяспечным і прыпісваць яму шматлікія небывалыя беды. 29 лютага высакоснага года ёсць самы бядотны дзень для ўсіх магчымых няшчасцяў. Тады, быццам, і скаціна валіцца, і дрэвы засыхаюць, і павальныя хваробы з'яўляюцца, і сямейныя разлады заводзяцца».

Лічылася, што шлюбы, узятыя ў высакосным годзе, будуць няўдалыя і нешчаслівыя. Нездарма казалі: «У высакосны год і конскі боб не туды расце». Менавіта высакосны год народная традыцыя ахрысціла «ўдовіным» годам. І таму не раілі спалучацца шлюбам у гэты час, які быў пазначаны ў традыцыйнай культуры характарыстыкай      адзіноты. Самы страшны праклён, які можна было даслаць на адрас нядбайных хлопцаў або дзяўчат перадшлюбнага ўзросту, — жаніцца з удавой ці выйсці замуж за ўдаўца. Па шматгадовых назіраннях нашых продкаў, такі шлюб прыводзіў да хуткай смерці жаніха або нявесты — памерлыя жонка ці муж «не трывалі» канкурэнцыі і хутка «забіралі» саперніка да сябе. Вядома нямала выпадкаў, калі ўдава ці ўдавец неаднаразова стваралі новыя шлюбы, але так і заставаліся жыць у адзіноце.

Аднак гэтая адмоўная аўра не спыняла жыццё і дзейнасць чалавека. Людзі знаходзілі выйсце з розных сітуацый, стваралі разнастайныя абярэгі, здольныя, на іх думку, паўплываць на характар далейшага развіцця падзей, напрыклад, малітвы, замовы і да т. п.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: tili-testo.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».