Вы тут

У пракаце паказваецца новы фільм 89-гадовага Клінта Іствуда


«У маёй краіне калі некага абвінавачваюць, гэта значыць, што ён невінаваты», — кажа персанаж Надзя, маючы на ўвазе, напэўна, адну з усходнееўрапейскіх дзяржаў, але апелюючы да выпадку ў ЗША. У кінатэатрах ідзе чарговы амерыканскі «лікбез» — заснаваны на рэальных падзеях фільм «Справа Рычарда Джуэла», што расказвае, якія бязглуздыя і крыважэрныя ў адносінах да асобнага безабароннага чалавека могуць быць афіцыйная сістэма і СМІ. Амаль дзевяностагадовы Клінт Іствуд, вядомы як сваімі акцёрскімі ролямі ў спагеці-вэстэрнах, так і рэжысёрскімі работамі, гэтым разам прадстаўляе олдскульна складную карціну пра супрацьстаянне маленькага і справядлівага маштабнай «аблаве».


Супрацоўніца кінатэатра, з якой я перакінулася парай слоў перад праглядам, анансавала, што фільм цяжкі: так магло здарыцца і ў нас. Сама па сабе гісторыя, але не фільм, сапраўды няпростая: па сюжэце старанны і прастадушны малады чалавек Рышард Джуэл марыць служыць закону, але ўсё не атрымлівае жаданы значок, таму пакуль працуе ахоўнікам на Алімпійскіх гульнях, што праходзілі ў Атланце ў 1996 годзе. Падчас дзяжурства на адным з канцэртаў ён заўважае падазроны заплечнік і заклікае недаверлівых калег дзейнічаць па інструкцыі, таму калі раздаецца выбух і ў натоўп ляцяць цвікі, пацярпелых аказваецца менш, чым магло быць.

Джуэл як герой трапляе ва ўсе СМІ, але хутка, паводле версіі з ФБР, становіцца галоўным падазраваным і замест праслаўлення з боку медыя атрымлівае сапраўднае цкаванне. Разбірацца з абвінавачваннем, пакуль газетныя артыкулы перамываюць учарашняму герою костачкі, даводзіцца яго адзінаму ледзь знаёмаму адвакату.

З пункту гледжання адносін грамадзянін—сістэма выпадак беспрэцэдэнтны — ён варты таго, каб быць расказаным вядомым рэжысёрам у прызначаным для шырокага пракату фільме. Але мне ў гэтым кантэксце больш цікава задацца пытаннем, як часта такога кшталту вартыя сюжэты з жыцця натхняюць кінааўтараў на бездапаможныя стужкі — старыя як свет жыццесцвярджальныя, з пафаснымі ўкрапінамі карціны, зробленыя па ўсіх стандартах Галівуда.

Іствуду, канешне, прывычныя лякалы добра вядомыя, і гарэзнічаць ён не стаў, таму «Справа Рычарда Джуэла» атрымалася паслядоўна і акуратна расказанай гісторыяй з дакладна раздзеленымі станоўчымі і адмоўнымі героямі, прычынна-выніковымі сувязямі і мараллю. Гэты фільм настолькі роўны і безаблічны, што нават сумна.

Прафесійная драматургія і майстэрства Іствуда ў рамесным значэнні слова са стужкі проста-такі вытыркаюцца. Мы бачым, як супрацоўніцу рэдакцыі Кэці Скрагз (у выкананні Алівіі Уайльд), якая першая напісала пра Джуэла ў якасці падазраванага, адразу выпісваюць як дзёрзкую і слізкую асобу: гэты персанаж не можа мець адценняў, калі мусіць увасобіць беспрынцыпную журналістыку. Працягваючы раздзяляць свет на белы і чорны, аўтары дэманструюць, на якой бязглуздай і рэдзенькай глебе ў сценах бюро расследаванняў узнікла падазрэнне на Джуэла (у той жа час гэта адна з нямногіх вартых увагі частак, бо прынамсі мяркуе пад сабой іронію).

Тыя, што на другім баку барыкад, вызначаюцца высакароднасцю (адвакат Уотсан Браянт у выкананні Сэма Рокуэла), дабрадушнасцю і наіўнасцю (уласна сам Рычард Джуэл, якога сыграў Пол Уотэр Хаўзер). Супрацьстаянне апошніх буйным інстытуцыям правакуе пафас, які выяўляецца ў фразачках кшталту «ты гатовы надраць ім зад?», хоць барацьба, пра якую гучна і неаднаразова выказваецца адвакат, абмяжоўваецца прэс-канферэнцыяй і ўрэшце тым фактам, што ФБР насамрэч не валодае ніякімі доказамі датычнасці Джуэла да тэракта.

Напрыклад, кантэйнеры, якія выкарыстоўвае маці Рычарда ў сваім першым эпізодзе, абавязкова сыграюць зноў і зноў і ў гэтых дэталях сцэнарый настолькі прадуманы, недзе «падмаляваны», недзе падроблены пад патрэбы драмы, што становіцца штучны, а галоўным чынам з-за гэтай характарыстыкі «Справа Рычарда Джуэла» будзе «няцяжкім» і ўвогуле бяспечным для ўспрымальных да несправядлівасці людзей фільмам.

Ва ўсіх патэрнах і трафарэтах сюжэта стварылася спрыяльнае асяроддзе для маралізатарства Іствуда. Тут і сексуальная сувязь Кэці Скрагз з супрацоўнікам ФБР, які вядзе расследаванне, падаецца як знак нечага гнілога, і канцоўка, у якой журналістка са слязьмі на твары ўсведамляе сваю неправату, нясе хрысціянскі пасыл, і неахопна пяшчотныя адносіны Джуэла з маці абавязкова сведчаць аб тым, хто станоўчы, а хто не.

Не справіліся драматургічныя шаблоны з лініяй адваката, які адыгрывае ў «перамозе» Джуэла незразумела якую ролю, толькі высакародна бярэцца «выцягнуць» знаёмца з непрыемнай гісторыі, і вобраз фільма як штучнай галівудскай карцінкі нарэшце завяршаецца. У абвешчаным 13 студзеня спісе намінантаў на прэмію «Оскар» стужка фігуруе адзін раз: Кэці Бэйтс, што сыграла маці галоўнага героя, прэтэндуе на статуэтку як найлепшая актрыса другога плана.

«Справа Рычарда Джуэла» ідзе ў пракаце ў кінатэатрах сеткі Sіlvеr Sсrееn да 19 студзеня, у Fаlсоn Сlub Буцік Кіно і кінатэатрах «Кінавідэапракату» — да 22 студзеня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Беспрэцэдэнтны выпадак — банальны аповед

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».