Вы тут

«Студэнт года-2019» Дар'я Паўлоўская: Пісаць штодзень канспекты і нешта зубрыць — не для мяне


Добра вучыцца і паспяваць займайцца хобі лёгка! Так лічыць дваццацігадовая Дар'я ПАЎЛОЎСКАЯ, студэнтка-чацвёртакурсніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Зусім нядаўна яна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2019». Але гэта не адзінае дасягненне гераіні. Чым жа напоўнена яе жыццё?


Фота БЕЛТА

— У дзяцінстве я любіла глядзець замежныя праграмы, з лёгкасцю цытавала некаторыя фразы і запамінала песні на замежных мовах. Магчыма, гэта паўплывала на выбар ВНУ. Калі ўпершыню пераступіла парог свайго ўніверсітэта, зразумела: вось ён, наступны важны этап майго жыцця. Абрала факультэт славянскіх і германскіх моў, вывучаю англійскую, нямецкую, польскую, кітайскую, італьянскую мовы. Гэта дае мне шмат бонусаў, дапамагае ў розных жыццёвых сітуацыях. Пісаць штодзень канспекты і нешта зубрыць — не для мяне, аддаю вучобе прыкладна палову свайго часу, астатняя сыходзіць на цікавыя праекты і захапленні.

Наша суразмоўніца — старшыня студэнцкага навуковага таварыства ўніверсітэта, яна мае 27 навуковых публікацый і нават манаграфію! Разам з іншымі студэнтамі імкнецца папулярызаваць навуку, даказаць, што вывучаць яе зусім не сумна. Апроч таго, Дар'я — сакратар Маладзёжнага парламента пры Баранавіцкім гарадскім Савеце дэпутатаў. Да таго ж стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Маё жыццёвае крэда: калі бярэшся за штосьці, то рабі гэта добра. Да ўдзелу ў конкурсе «Студэнт года» я не ўмела маляваць. А для творчага нумара, дзе пад кавер уласнага выканання на «Зорку Венеру» Максіма Багдановіча трэба было «стварыць» выяву паэта, рызыкнула, і самой вельмі спадабалася! Для таго каб прыцягнуць увагу публікі, яшчэ падчас падрыхтоўкі да мерапрыемства мая каманда прыдумала розныя «фішкі», абапіраючыся на фільмы, кнігі, жыццёвы вопыт. Так, напрыклад, з'явілася задума з чамаданам. За аснову ўзялі вядомы фільм «Крымінальнае чытво»... Увогуле, было складана канкурыраваць з іншымі ўдзельнікамі, бо яны былі са сцэнай на «ты», а я ніколі не танцавала, не спявала, не іграла на музычных інструментах. Падчас абласнога этапу ўпершыню выступала перад вялікай аўдыторыяй, вельмі хвалявалася, але на рэспубліканскім з'явілася ўпэўненасць у сабе, таму што была вялікая падтрымка з боку гледачоў, родных і іншых фіналістаў.

Дар'я ўпэўнена, што браць удзел у падобных конкурсах — важна для самаразвіцця.

— І не трэба забываць пра выйгрыш. У многіх на ўзбраенні выраз «галоўнае не перамога, а ўдзел». Гэта не пра мяне. Усе мы да чагосьці імкнёмся, а калі не бачым жаданага выніку, не разумеем, куды рухацца далей і ці варта ўвогуле... Часта кажу: ва ўсіх у жыцці ёсць аднолькавыя магчымасці, і нам застаецца толькі імі скарыстацца!

Дарэчы, сама суразмоўніца робіць гэта напоўніцу: займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, шмат фатаграфуе і падарожнічае. Але пра ўсё па парадку.

— Была ў Вялікабрытаніі, Славакіі, Балгарыі, Румыніі, Літве... Польшчу аб'ездзіла амаль усю. Часта падарожнічаю адна, тады можна самастойна выбраць маршрут, рухацца ў вызначаным рытме. З мінусаў — няма з кім падзяліцца атрыманымі эмоцыямі. Таму як блогер запісваю відэа для сяброў, якія чакаюць у Беларусі. Удзельнічаць у арганізацыі фестываляў пачала некалькі гадоў таму. Аднойчы ляжала на канапе і зразумела, што больш не хачу так праводзіць лета. І закруцілася: міжнародны рыцарскі фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі «Наш Грунвальд», міжнародны купальскі фолк-фэст «Свята сонца», фестываль гісторыі і культуры «Мінск старажытны» і іншыя. Што датычыцца фатаграфавання, любоў да гэтай справы ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, у час плёначных апаратаў. Больш за ўсё мне падабаецца «лавіць» шчырыя эмоцыі людзей.

Некалькі гадоў таму гераіні пашчасціла апынуцца на навагоднім прэзідэнцкім балі. «Якія ўражанні?» — пытаюся ў яе.

— Падрыхтоўка аказалася складаная, але вельмі цікавая. Я з тых дзяўчат, якія амаль увесь час ходзяць у кедах, а тут трэба было стаць на абцасы, адзецца ў пышную сукенку. Але гэта было варта таго: на мерапрыемстве адчувала сябе асаблівай, вакол панавала атмасфера чараўніцтва...

Хоць Даша актыўна наведвае розныя гарады і краіны, заўсёды імкнецца дадому, у родныя Баранавічы:

— Мне тут падабаецца. Калі ахоплівае самота або хочацца спакою, іду ў мясцовую кавярню па любімы круасан з апельсінам, вяршкамі і арахісавай пастай — зарад энергіі мне забяспечаны!
А яшчэ недалёка ад майго дома ёсць возера з невялікім пагоркам. Летам люблю сустракаць там світанак або чакаць заход сонца.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?