Вы тут

Як правільна скласці рэзюмэ?


Свае прапановы юнакам і дзяўчатам на чарговым «Кар'ерным форуме БДУ» падрыхтавалі больш за 20 айчынных і міжнародных кампаній, Дзяржаўны пагранічны і Следчы камітэты, банкі. На традыцыйным «Кірмашы вакансій» былі прадстаўлены ІТ-фірмы, транспартна-лагістычныя, аўдытарскія, кансалтынгавыя і іншыя кампаніі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў навучальны аддзел Цэнтра кар'еры галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці Белдзяржуніверсітэта.


Спецыяліст вядомай айчыннай кампаніі па вырабе мікрасхем «Інтэграл» зазначыў, што ім у калектыў патрэбныя як перакладчыкі, так і айцішнікі — месца знойдзецца ўсім. Адзін з экспертаў па распрацоўцы праграмнага забеспячэння Scand на пачатку сустрэчы нагадаў студэнтам, што калі яны хочуць прайсці практыку або стажыроўку ў гэтай сферы, патрабуецца добры ўзровень англійскай мовы. А вось у міжнароднай ІТ-кампаніі Qulіx Systems, якая заклікае юнакоў і дзяўчат паспрабаваць свае сілы ў якасці тэсціроўшчыкаў і распрацоўшчыкаў, упэўненыя: нават калі ў кандыдата ёсць прабелы ў валоданні замежнай мовай, гэта можна лёгка выправіць — у многіх офісах ёсць бясплатныя курсы для кожнага ахвотнага.

Эксперт па рабоце з персаналам адной з найбуйнейшых аўдытарскіх кампаній EY расказала, што для таго, каб студэнт дакладна вызначыўся з кірункам развіцця ў фірме, яны перыядычна прапануюць розныя стажыроўкі і курсы: пачынаючы з тыднёвых, заканчваючы тымі, што доўжацца некалькі месяцаў. Акрамя таго, спікер таксама, як і іншыя, адзначыла: уся работа з кліентамі вядзецца на англійскай мове, таму такі навык за плячыма абавязковы.

Яшчэ летась Дар'я БУРЫКА была студэнткай факультэта міжнародных адносін БДУ. Тады, упершыню беручы ўдзел у «Кар'ерным форуме», яна запоўніла заяўку ў буйную міжнародную кампанію грузаперавозак Prіmum. А сёлета дзяўчына была на мерапрыемстве яе прадстаўніком і дзялілася ўражаннямі з іншымі: «Вельмі часта бываю ў камандзіроўках, выкарыстоўваю замежныя мовы кожны дзень, нават тыя, якія амаль не ведаю (усміхаецца). Добра тое, што студэнты могуць прыйсці да нас як на першым курсе, так і на апошнім. Нават калі будучая прафесія не звязаная з лагістыкай, тут навучаць усяму з нуля. Галоўнае — штодзень удасканальваць сябе і свае навыкі».

Калі Wargamіng праводзіць курсы для таленавітых геймераў і праграмістаў, сярэдні конкурс складае 15 чалавек на месца. І гэта нават не працаўладкаванне! Якія навыкі патрэбныя зацікаўленым юнакам і дзяўчатам і што рабіць, каб не заваліць сумоўе ў ІT-кампаніі? Пра гэта расказаў студэнтам аналітык Wargamіng Кірыл САЎЧАНКА.

— Што ў вас павінна прысутнічаць, калі збіраецеся на гутарку з наймальнікам? Бляск у вачах і жаданне працаваць менавіта ў той кампаніі, куды адпраўляеце заяўку. Аднак гэта не ўсё. Здзівіць работадаўца вы можаце выдатнымі тэарэтычнымі ведамі. Бо часта бывае, што патэнцыйныя маладыя спецыялісты не маюць вялікага практычнага вопыту за плячыма, а значыць, ім няма чым «абцяжарыць» сваё рэзюмэ, — зазначыў спікер.

Маладыя кандыдаты перад сумоўем павінны рыхтавацца да таго, што падчас гутаркі прафесіяналы будуць задаваць ім шмат разнапланавых пытанняў:

— Калі не будзеце гатовы адказаць на іх або пакажаце няўпэўненасць у сабе, хутчэй за ўсё, вас не возьмуць. Парада ўсім — наведвайце профільныя курсы. Сістэма анлайн-адукацыі, якая цяпер прадстаўлена на рынку, дае добрыя магчымасці паглыбіцца ў любую тэму і нават папрактыкавацца. Адзін з самых надзейных спосабаў дасягнуць чагосьці ў сферы праграмавання — знайсці сабе ментара: чалавека, які мае вялікі вопыт у гэтым кірунку і можа падзяліцца сваімі ведамі з вамі.

Эксперт Wargamіng развеяў папулярны міф, што для таго, каб працаваць праграмістам, профільная адукацыя не патрабуецца. «Без ведання дыскрэтнай матэматыкі, статыстыкі і лінейнай алгебры практычна немагчыма дасягнуць высокай пазіцыі ў кампаніі. Любому спецыялісту таксама неабходны набор камунікатыўных навыкаў. Гэтыя асобасныя кампетэнцыі не маюць дачынення да распрацоўкі або тэсціравання, але неабходныя для паспяховай работы ў камандзе».

...«Каб ацаніць ваша рэзюмэ, рэкрутар або HR-менеджар траціць не больш за 45 секунд. Калі яно не зачапіла — першасны адбор не пройдзены, а значыць, можна забыць пра запрашэнне», — упэўнена спецыяліст па рабоце з персаналам міжнароднай аўдытарскай кампаніі EY Наталля КАМЕЙША. Заяўкі на працаўладкаванне, магчымасць стажыроўкі студэнтаў яна разглядае штодзень і таму ведае, як правільна скласці рэзюмэ і пазбегнуць тыповых памылак.

— Па-першае, шукайце стыльныя канструктары, крэатыўныя рэсурсы для стварэння вашага «шэдэўра». Перад тым як пачаць яго рыхтаваць, даведайцеся як мага больш пра кампанію, куды накіроўваецеся, вакансію і супрацоўнікаў фірмы, каб на сумоўі вы змаглі падтрымаць гутарку і паказаць свае веды, зацікаўленасць да пэўнай пазіцыі. Не трэба ўказваць, якія курсавыя вы абаранялі, якія адзнакі за гэта атрымлівалі, — толькі тое, што сапраўды паўплывала на вас як на асобу і дало прафесійныя навыкі: праекты, валанцёрства, цікавыя конкурсы. Аднойчы мне даслалі рэзюмэ на 27 старонках. Зразумела, што я паглядзела толькі першую і апошнюю... Дарэчы, у раздзеле «Хобі» можаце пазначыць штосьці кшталту «вышываю крыжыкам»: тады становіцца зразумела, што вы ўседлівы, а значыць, зможаце выконваць руцінную работу, і, хутчэй за ўсё, вас можна ўзяць на пэўную вакансію, — падзялілася вопытам Наталля Камейша.

Тыповыя памылкі студэнтаў пры складанні рэзюмэ — нечытабельны шрыфт, такі як, напрыклад, Tіmes New Roman (звярніце ўвагу на Kalіbrі, Arіal), выкарыстанне малазнаёмых тэрмінаў (аддайце перавагу простай мове), штампаў кшталту «працавіты», «камунікабельны», «стрэсаўстойлівы» (калі ўключылі такое апісанне — растлумачце, дзе былі праяўлены гэтыя якасці). А яшчэ — нявывераная арфаграфія, незразумелая назва файла (пазначце ў ім свае імя і прозвішча, можаце і пасаду, на якую прэтэндуеце), няправільнае ацэньванне ўзроўню ведання замежных моў (ніякіх «працую над гэтым» або «лепш не пытаць», толькі «В1» або «А2» і іншае). Маленькі сакрэт: калі дасылаеце рэзюмэ ў ІT-кампанію, майце на ўвазе, што амаль заўсёды супрацоўнікі такіх фірмаў карыстаюцца тэхнікай Apple, якая «счытвае» толькі фармат pdf.

— Недарэчная памылка — указваць тое, што вы ўпэўнены карыстальнік ПК, маеце навыкі работы з інтэрнэтам. Парада ўсім — сачыце за назвай сваёй электроннай скрыні: калі яна нагадвае штосьці кшталту «Аліна Коцік-2017» або «Павел Супермен 1996», лепш яе змяніць, — раіць эксперт.

Напрыканцы спікер нагадала, што немалаважнай часткай удалага рэзюмэ з'яўляецца фота. Яно павінна быць дабраякасным. «Здымак лічыцца прымальным без аголенага цела, хатніх жывёл, іншых выяў на фоне — толькі ваш партрэт. Коцікі — гэта міла, але вы маеце шанц запомніцца работадаўцу не перспектыўным спецыялістам, а тым, «хто з коцікам на фота»...

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: У работадаўцы для вас — 45 секунд, або Як правільна скласці рэзюмэ

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.