Вы тут

Міністэрства адукацыі падвяло папярэднія вынікі акцыі «Нашы дзеці»


Адметнасцю сёлетняй акцыі стаў удзел ў мерапрыемствах вялікай колькасці валанцёраў і школьнікаў. Мноства неабыякавых беларусаў выконвала ў навагоднія дні мары хлопчыкаў і дзяўчынак, ім дарылі не толькі цацкі і прысмакі, але і веру ў будучыню, у тое, што дабро існуе. На працягу месяца чыноўнікі самага рознага рангу, банкіры, бізнесмены, прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных аб'яднанняў наведвалі бальніцы, прытулкі, дзіцячыя дамы, інтэрнаты, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем'і.


— Мерапрыемствы праведзены на ўсіх узроўнях: ад дзіцячых садкоў да вышэйшых навучальных устаноў, — паведаміў падчас прэс-канферэнцыі начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард ТАМІЛЬЧЫК. — Адпаведна, і ў рэгіёнах прайшлі «ёлкі» на раённых, абласных і гарадскіх узроўнях з удзелам кіраўніцтва раёнаў, абласцей і гарадоў, а падарункі атрымалі больш за 800 тысяч дзяцей.

Міністэрствам адукацыі былі падабраныя 122 сацыяльна значныя ўстановы: школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. А ў якасці падарункаў выступалі не толькі салодкія сюрпрызы, але і планшэты, і бытавая тэхніка, абсталяванне для спортпляцовак і спартыўныя трэнажоры.

Усяго сабрана і перададзена ў дзіцячыя ўстановы каля 1,3 млн рублёў.

— Па лініі Міністэрства адукацыі сумесна з шэрагам гандлёвых прадпрыемстваў і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі было сабрана яшчэ прыкладна 30 тысяч рублёў, — дадаў Эдуард Тамільчык. — Цяпер у кожным рэгіёне вызначаюцца сельскія школы, якім на гэтыя сродкі мы закупім спартыўны інвентар і абсталяванне.

Адной з асаблівасцяў акцыі сёлета стала правядзенне навагодніх баляў для студэнтаў, навучэнцаў і моладзі.

— Гэтыя балі атрымалі станоўчы водгук як ад дзяцей, так і ад іх бацькоў і педагогаў, — расказала кансультант Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК. — Аказалася, моладзі вельмі падабаецца танцаваць не толькі рок, але і паланэз, і вальс. Таму падобная практыка ў рэгіёнах захаваецца.

Акцыя «Нашы дзеці» таксама была адметная масавым удзелам валанцёраў і школьнікаў. Яны не толькі дапамагалі арганізоўваць мерапрыемствы, але і самі былі непасрэднымі іх удзельнікамі, наведваючы дзіцячыя дамы, дамы для састарэлых і людзей з асаблівымі патрэбамі. Школьнікі сваімі рукамі рыхтавалі падарункі і паштоўкі ветэранам.

Нягледзячы на тое, што рэспубліканскія «ёлкі» ў Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці сталі традыцыйнымі, яны таксама напоўніліся новым гучаннем. У іх узялі ўдзел не толькі дзеці — выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, розных спартыўных спаборніцтваў з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і навучэнцы школы імя Скарыны з Вільнюса, з Рыжскай беларускай школы, а таксама дзеці прадстаўнікоў беларускай дыяспары Польшчы, Украіны і Расіі.

Фармат дапамогі дзіцячым дамам і прытулкам — цяпер не штосьці разавае — гэта ўжо прыкмета пастаяннага ўзаемадзеяння і апекі. Галоўная мэта, якую вызначыў Прэзідэнт чвэрць стагоддзя таму, калі гэтая традыцыя толькі-толькі зараджалася, — не пакінуць без увагі ніводнае дзіця. І вось ужо многія гады хлопчыкам і дзяўчынкам, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе і клопаце дзяржавы, акцыя «Нашы дзеці» дапамагае паверыць у цуд і адчуць сябе героямі навагодняй казкі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».