Вы тут

У музеі гісторыі Брэста выстаўлены арыгінальны экзэмпляр Берасцейскай Бібліі


Дзень старога Новага года стаў для Брэста асаблівым. У музеі выставілі для наведвальнікаў паасобнік радзівілаўскай Бібліі, надрукаваны тут амаль пяць стагоддзяў таму. Кніга, нагадаю, была перададзена ў дар гораду кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам падчас святкавання 1000-годдзя. На прэзентацыю сабралася столькі людзей, што невялікія пакоі музея не змаглі іх умясціць, наведвальнікі стаялі нават на лесвічнай пляцоўцы другога паверха, дзе і зладзілі мерапрыемства.


Фота Валерыя КАРАЛЯ

Яшчэ да пачатку дырэктар музея Святлана ТАМЧУК паведаміла журналістам, што дзякуючы падтрымцы гарвыканкама ўдалося набыць абсталяванне, якое дапаможа захоўваць унікальны фаліянт. Такой камеры-вітрыны няма нават у сталіцы. Яно і вядома: калі папярэднікі 500 гадоў беражліва захоўвалі кнігу, то і наша справа гонару — не нашкодзіць Бібліі.

Старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК падкрэсліў, што тысячагоддзе горада, якое мы нядаўна адзначылі, стала ідэйным падмуркам далейшага развіцця Брэста, немагчымага без уліку культурнага складніка, без гістарычнага кантэксту наогул. Дарэчы, ідэя вяртання знакавай кнігі на радзіму лунала ў паветры некалькі дзесяцігоддзяў, але нават на пачатку падрыхтоўкі да святкавання юбілею яна здавалася амаль фантастычнай. І толькі дзякуючы нераўнадушным людзям, сапраўдным патрыётам горада стала магчыма набыццё рарытэта.

Самы вядомы ў нашай краіне даследчык Берасцейскай Бібліі намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь СУША сказаў, што наша Біблія — самы лепшы экзэмпляр з тых, што ёсць у Беларусі, і адзін з найлепшых у свеце. Цяперашнія спецыялісты ведаюць каля 120 паасобнікаў кнігі з тысячы тых, што былі аддрукаваныя ў Берасці. Але ж пераважная іх большасць уяўляюць сабой фрагменты: поўных фаліянтаў амаль не засталося. «Гэтая кніга — не проста паўтары тысячы старонак з літарамі альбо старажытны тэкст Святога пісання, гэтая кніга — сімвал. Сімвал велічы былога Берасця, багатай кніжнай культуры і мастацкай культуры нашых продкаў, верацярпімасці і наогул высокага ўзроўню развіцця грамадства. Важна, што паасобнік захаваў сляды шматлікіх карыстальнікаў: тут ёсць падкрэсліванні, каментарыі, пазнакі. І разам з тым відаць ашчаднае да яго стаўленне. Важна таксама, што гісторыя горада вяртаецца ў грамадскую свядомасць брастаўчан», — адзначыў Алесь Суша.

Гісторык, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй БОДАК зрабіў кароткі экскурс у 1563 год — той час, калі Мікалай Радзівіл Чорны друкаваў славутую кнігу. Паводле яго слоў, з аднаго боку ад нас, у Еўропе, працягваліся крывавыя войны. У Францыі кальвіністы ваявалі з католікамі, наспявалі канфлікты ў Германіі, якія пазней абярнуліся вялікімі кровапраліццямі. Неспакойна было з боку другога суседа: у тым самым 1563-м годзе Іван Грозны захапіў Полацк. ВКЛ разумела, што без саюзнікаў абараняцца далей будзе цяжка альбо нават немагчыма. Але браць у саюзнікі Польшчу таксама азначала адмаўляцца ад улады альбо тэрыторыі. І вось канцлер ВКЛ пратэстант Мікалай Радзівіл друкуе Біблію не на латыні, як было раней, і тым самым дэманструе вызваленне ад ранейшых догмаў. Пасыл яго ўсім суседзям заключаўся ў тым, каб паказаць: «Мы асаблівыя, мы ёсць, мы свае тут». Так што старая Біблія, як бачым, сімвалічная і сёння.

Былы намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі Ала Мяснянкіна, якую на імпрэзе светла ўспаміналі за яе шматгадовыя клопаты па вяртанні кнігі, гаварыла некалі: «Прыйдзе час, калі Біблія вернецца, і гэта будзе азначаць росквіт горада, новую ступень яго развіцця». Верым і спадзяёмся.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.