Вы тут

Чаму баліць спіна і ці можна яе вылечыць?


Словам «радыкуліт» у народзе называюць практычна любы боль у спіне і, пакуль не «прыхопіць», сур'ёзна да яго не ставяцца, лічачы ледзь не прафесійнай хваробай дачнікаў і ўвогуле людзей працы. Што ж такое радыкуліт? У перакладзе з латыні назва захворвання азначае «запаленне карэньчыкаў спіннамазгавых нерваў». Абумоўлена яно паталагічнымі зменамі ў пазваночніку, перш за ўсё астэахандрозам. Пры гэтым захворванні міжпазванковы дыск, які забяспечвае гнуткасць і эластычнасць нашага пазваночніка, недаатрымлівае сілкаванне. З часам ён робіцца ўсё больш тонкім, пакуль канчаткова не траціць вадкасць, і тады адбываецца акасцяненне.

Адлегласць паміж пазванкамі змяншаецца, таксама звужаецца міжпазванковая адтуліна, дзе і знаходзяцца нервовыя карэньчыкі — пучкі нервовых валокнаў. У выніку ўсіх гэтых змен нервовыя карэньчыкі сціскаюцца і запаляюцца — гэта і ёсць радыкуліт. Як сябе праяўляе каварная хвароба і ці можна яе перамагчы, расказала ўрач-рэфлексатэрапеўт-неўролаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Алена ГАРБУНОВА.


— Алена Віктараўна, боль у спіне, які мы называем радыкулітам, вельмі распаўсюджаны. У якім узросце ён звычайна з'яўляецца? Ад яго больш пакутуюць мужчыны ці жанчыны?

— Сапраўды, болевыя сіндромы, звязаныя з дэгенератыўна-дыстрафічнымі зменамі пазваночніка, з'яўляюцца адной з найбольш частых прычын звароту пацыентаў. І пік звароту прыпадае на працаздольны ўзрост. Мужчыны і жанчыны хварэюць аднолькава часта, аднак у мужчын захворванне дэбютуе, як правіла, у ранейшым узросце — каля 40 гадоў.

— Раскажыце, што выклікае гэты боль.

— Дыскагенная радыкулапатыя паяснічнага аддзела пазваночніка — гэта паражэнне карэньчыкаў спіннамазгавых нерваў. Найчасцей яно абумоўлена наяўнасцю грыж міжпазванковага дыска, дэгенератыўнымі зменамі ў міжпазванковых суставах, вузкім пазваночным каналам. Паражэнне карэньчыкаў таксама можа быць звязана з новаўтварэннямі, прыроджанымі анамаліямі, інфекцыямі, запаленчымі хваробамі і эндакрыннымі расстройствамі.

— Захворванне, здаецца, часта праяўляе сябе не толькі болем у паясніцы...

— Самай характэрнай прыкметай паяснічна-крыжавай радыкулапатыі з'яўляецца боль у спіне і назе па ходзе сядалішчнага нерва. Менавіта з яго лакалізацыяй і звязаны скаргі пацыентаў: у паясніцы, па задняй паверхні сцягна, у падкаленнай ямцы, у галёнцы — пераважна па яе вонкавай паверхні, у ступні і пальцах. Абавязкова прысутнічаюць у розных камбінацыях сімптомы выпадзення ў зоне інервацыі пашкоджанага карэньчыка, напрыклад зніжэнне або выпадзенне сухажыльных рэфлексаў. Найчасцей сціскаюцца карэньчыкі L5 і S1. Тлумачыцца гэта найперш больш раннім зношваннем дыскаў L4—L5 і L5—S1.

У вострым перыядзе боль носіць пастаянны характар, перыядычна абвастраючыся. Ён не праходзіць у стане спакою, але асабліва ўзмацняецца пры рухах. Нярэдка пацыенты адзначаюць узмацненне болю пры кашлі, чханні, у вертыкальным становішчы.

— Як адрозніць боль пры радыкуліце ад болю ў спіне, не звязанага з гэтым расстройствам?

— Адна з самых пастаянных прыкмет паяснічна-крыжавай радыкулапатыі — сімптом Лагеса: боль пры нацягванні нерва. Пацыент ляжыць на спіне з разагнутымі нагамі. Урач адначасова згінае хворую нагу ў каленным і тазасцегнавым суставах. Гэта не выклікае болю, бо пры такім становішчы нагі хворы нерв расслаблены. Затым, пакідаючы нагу ў сагнутым тазасцегнавым суставе, урач пачынае разгінаць яе ў каленным, выклікаючы нацягванне сядалішчнага нерва, што дае інтэнсіўны боль.

Пры пашкоджанні карэньчыка L5 (дыск L4—L5) характэрная лакалізацыя болю і парэстэзіі (спантанна ўзнікаючых адчуванняў пякоты, паколвання, поўзання мурашак) ад паясніцы ў ягадзіцу па вонкавым краі сцягна, латэральнай паверхні галёнкі ў тыл ступні і вялікі палец. Гіперэстэзіі (месцы павышанай адчувальнасці да раздражняльнікаў) размяшчаюцца па пярэдняй паверхні галёнкі, тыле ступні, першым, другім і трэцім пальцах. Парэз (зніжэнне мышачнай сілы з абмежаваннем адвольных рухаў) у асноўным выяўляецца ў доўгім разгінальніку першага пальца ступні. Назіраюцца гіпатанія і гіпатрафія пярэдняй вялікагалёначнай мышцы. Парушана тыльнае згінанне і разгінанне першага пальца. Пацыенту складана стаяць на пятцы з разагнутай ступнёй. Выпадзення рэфлексаў звычайна няма. Часцей фарміруецца гомалатэральны скаліёз — нахіленне тулава ў здаровы бок. Пры такім становішчы павялічваецца міжпазванковая адтуліна і тым самым памяншаецца кампрэсія карэньчыка.

Пры пашкоджанні карэньчыка S1 (дыск L5—S1) клінічная карціна крыху іншая. Зона болю размяшчаецца на ягадзіцы, задняй паверхні сцягна і галёнкі, латэральнай шчыкалатцы і латэральным краі ступні. Гіперэстэзіі выяўляюцца ў вобласці вонкавай паверхні галёнкі, латэральнай шчыкалаткі, чацвёртым і пятым пальцах. Гіпа- ці атрафія з фарміраваннем перыферычнага парэзу назіраецца ў ікраножных мышцах, радзей ў пранаторах ступні. Парушаецца падэшвеннае згінанне ступні і пальцаў, пранацыя ступні. Пацыент адчувае цяжкасці пры стаянні на дыбачках. Выпадае ахілаў рэфлекс. Часцей фарміруецца гетэралатэральны скаліёз — нахіленне тулава ў хворы бок, пры якім зніжаецца нацягванне карэньчыка.

Фота Таццяны Ткачовай.

— Пры болі ў спіне якое даследаванне лепш прайсці?

— Камп'ютарная (КТ) і магнітна-рэзанансная (МРТ) тамаграфія маюць падобную адчувальнасць і спецыфічнасць у выяўленні грыжы міжпазванковага дыска. Пры гэтым МРТ дае больш дэталёвую карціну стану неўральных структур і мяккіх тканак. У якасці інструментальных метадаў (звычайна для дыферэнцыяльнай дыягностыкі) пры радыкулапатыі прымяняюць электранейраміяграфію.

— Як пазбавіцца ад гэтага болю?

— Кансерватыўнае лячэнне радыкулапатыі грунтуецца на імабілізацыі пазваночніка. Гэта пасцельны рэжым, у некаторых выпадках пацыентам прапануюць насіць гарсэт. Тэрапія дапаўняецца прыёмам анальгетыкаў, міярэлаксантаў, вітамінаў групы В
і цеплавымі працэдурамі. Купіраваўшы востры боль, пераходзяць да выцяжэння, фізіятэрапіі, масажу, лячэбнай фізкультуры, іголкарэфлексатэрапіі. Вялікую ролю адыгрывае лячэбная фізкультура, бо з яе дапамогай ствараецца ўласны «мышачны гарсэт». У хранічнай стадыі шырока прымяняецца санаторна-курортнае лячэнне.

— Што рабіць, калі лячэнне не прыносіць жаданага выніку? Прызначаецца аперацыя?

— У пераважнай большасці пацыентаў кансерватыўнае лячэнне прыводзіць да купіравання абвастрэння. Паказаннямі да хірургічнага ўмяшання з'яўляюцца парушэнні функцыі тазавых органаў, парэз ступні, а таксама выражаны болевы сіндром, які не паддаецца кансерватыўнаму лячэнню. Варта памятаць, што часам боль праходзіць толькі пасля пяці-шасці месяцаў і нават года кансерватыўнага лячэння.

Толькі лічбы

Каля 95 % выпадкаў радыкуліту абумоўлены астэахандрозам, міжпазваночнымі грыжамі, зрушэннем пазванкоў, якія прывялі да парушэнняў анатамічных узаемасувязяў у пазваночніку. Гэта значыць, прычына зусім не ў мышцах і не ў тым, што «спіну прастудзілі», — справа ў пазваночніку, які такім чынам сігналізуе, што ў яго сур'ёзныя праблемы.

5 % боляў у пазваночніку (і гэта важна ведаць!) толькі імітуюць радыкуліт. На самай справе яны могуць быць выкліканы анкалагічнымі ці запаленчымі хваробамі спіннога мозга.

Кожны восьмы чалавек у свеце ва ўзросце старэйшы за 40 гадоў, згодна са статыстыкай, хварэе на радыкуліт. Зрэшты, апошнім часам гэтая хвароба маладзее: сярод пацыентаў, якія ўпершыню звярнуліся да ўрача, нямала трыццацігадовых.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Прастрэл» зноў паспеў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».