Вы тут

У Вялікім тэатры адбыўся штогадовы навагодні Баль


Заўсёднікі і навічкі ў адмысловых строях адбалявалі Стары Новы год.

З полькі і контрданса пачаўся Вялікі навагодні Баль, які ў ноч з 13 на 14 студзеня прайшоў у Тэатры оперы і балета ўжо адзінаццаты раз. Гэтым разам на мерапрыемства было прададзена амаль 650 квіткоў, якія традыцыйна ўключаюць у сябе урокі танцаў, што для будучых наведвальнікаў Вялікі пачынае за некалькі месяцаў.


Тэмай адзінаццатага балю стала кіно, таму ў якасці адмысловых «гасцей» на ўрачыстым адкрыцці з’явіліся Чарльз Чаплін, Ніколь Кідман, Мэрылін Манро, Ума Турман з Джонам Траволтай, Лайза Мінэллі і іншыя героі кінематографа. Падчас танцавальных частак аркестр разам са Штраусам і Чайкоўскім выконваў кампазіцыі з фільмаў «Пан Тадэвуш», «Вестсайдская гісторыя», «Пасля тонкага чалавека», «Ахоўнік», а таксама музыку Чапліна, які, як вядома, выступаў у тым ліку кампазітарам.

Госці балю і самі ішлі за тэмай: у жаночых строях можна было пазнаць матывы знакамітай сукенкі Одры Хэпбёрн у карціне «Мая цудоўная ледзі» альбо Віўен Лі ў ролі Скарлет О’Хары. Магчымасць апрануць адмысловае ўбранне — напэўна, адна з найбольш прыцягальных якасцяў Вялікага балю, такую стракатасць сустрэнеш мала дзе, таму раз-пораз на паверхах тэатра сустракаюцца «бальныя» заўсёднікі.

Паверхі Вялікага разбіліся на зоны адпачынку, і, апроч уласна старадаўніх танцаў і назірання за імі, на балі можна было паслухаць выступленні артыстаў, паспяваць у караоке, паўдзельнічаць у конкурсных праграмах, згуляць у «Мафію», паслухаць прадказанні астролага ці сфатаграфавацца ў адмыслова створаных фотазонах. Гэтая папулярная частка праграмы мяжуе з канцэртамі высокай музыкі, якія праходзяць у Камернай зале і — што да традыцыйнага канцэрта-сюрпрыза — на асноўнай сцэне Тэатра оперы і балета.

«Вялікі баль праходзіць ужо адзінаццаць гадоў, і ён абсалютна не мае пад сабой камерцыйнай асновы, я б сказаў, у яго, наадварот, больш дабрачынны характар і скіраванасць на духоўнасць, — кажа генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Пятровіч. — Яго арганізацыя — вялікая справа, бо фармат балю дае магчымасць не толькі адпачыць і патанцаваць, але і адчуць унутры нейкую ўзвышанасць. Гэта не рэстаранна-танцавальнае мерапрыемства, а сапраўдны баль, я б сказаў, з высокай літары з яго высакародным значэннем».

Спадар Аляксандр паабяцаў у будучыні крыху змяніць фармат падзеі і яшчэ большую ўвагу надаць танцавальнай праграме. Дванаццаты Вялікі навагодні Баль у наступным годзе па традыцыі адбудзецца ў ноч з 13 на 14 студзеня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».