Вы тут

Чаму мужчыны жывуць меней і менш клапоцяцца пра сябе?


На напісанне гэтых радкоў, можна сказаць, падштурхнула сухая банкаўская статыстыка. Аказваецца, беларускія жанчыны назапасілі ў банках амаль удвая больш сродкаў, чым мужчыны, што само па сабе нечакана. Як вядома, мужчыны ў нас зарабляюць больш... Проста яны радзей выступаюць у якасці ўкладчыкаў. А яшчэ банкаўскія аналітыкі адзначылі, што мужчын, паводле статыстыкі, меней, ды і жывуць яны менш. А то, несумненна, бралі б большы ўдзел у эканоміцы ў выглядзе банкаўскіх рахункаў.


У агні і чарцы

Аб працягласці жыцця абодвух полаў многа гаварылі ў нас у кантэксце павышэння пенсійнага ўзросту, ды і наогул гэтая тэма вечна на слыху. Нашы мужчыны паміраюць маладзейшымі за жанчын. Факт. Зноў праблема напомніла аб сабе крымінальнымі зводкамі першых дзён новага года.

Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея МАШНОВА, у вобласці за першую дэкаду студзеня ў агні загінулі чатыры чалавекі. Усе мужчыны, дарэчы. І найбольш паказальным у гэтым сэнсе, калі можна так сказаць аб трагедыі, стаў выпадак у вёсцы Махро Іванаўскага раёна.

Скупым радком афіцыйнай інфармацыі гэта выглядала так: ранкам 1 студзеня ў названай вёсцы падчас тушэння пажару супрацоўнікі МНС знайшлі целы трох мужчын: двое ва ўзросце 52 гадоў, аднаму было 44 гады. Яны разам адзначалі Новы год.

Пасядзелі, называецца, — і траіх жыхароў адной вёскі ў актыўным узросце як не было. У сельскім Савеце расказалі, што двое з той нешчаслівай тройцы працавалі, але ніводзін не меў сям'і. Двое раней былі жанатыя, ды не захавалі сямейных стасункаў, трэці наогул ніколі не браў шлюб. Ну што рабіць вясковым халасцякам у святочны дзень, калі іх трое? Прыдбаць гарэлкі і закускі ды наладзіць хлапечнік. Так і зрабілі, сабраліся ў непрацуючага сябрука. І хоць пакуль афіцыйныя органы не паведамілі прычыну пажару, які ўзнік у доме 52-гадовага гаспадара, няцяжка здагадацца, як развіваліся падзеі. Нехта з кампаніі закурыў, іншыя знаходзіліся ў стадыі глыбокага сну і не адрэагавалі своечасова на пах дыму. Калі суседзі заўважылі гарэнне і выклікалі падраздзяленне ратавальнікаў, агонь бушаваў на ўсю моц. Сведчаннем таму рэшткі жылой пабудовы. Ад хаты фактычна нічога не засталося.

Каб кожны з іх сустракаў Новы год ва ўласнай сям'і, верагоднасць блізкая да ста працэнтаў, што мужчыны былі б жывыя і здаровыя. Нават не кажу пра 44-гадовага, але і тыя, каму крыху за 50, пры іншым раскладзе маглі б стварыць новую сям'ю, наладзіць жыццё. Толькі вось прычына, па якой і з першай не склалася, нікуды не дзелася. П'янства разбурае сем'і і прыводзіць да заўчаснай смерці добрую частку прадстаўнікоў моцнага полу.

У пошуках адрэналіну

Нядаўна чытала развагі аднаго ветэрана ўзброеных сіл суседняй краіны. Ён напісаў так: «Міжнародная алкагольная мафія ставіць мэтай знішчыць наш народ без вайны». Ні больш, не менш. Некалькі разоў згадвала аб гэтым, разважала. Але ж тая самая мафія, калі яна ёсць наогул, нікому сілком у рот спіртное не залівала. Кожны п'е па сваёй волі і за свае грошы. Пры тым, што кожны хоць бы ў агульных рысах ведае аб наступствах гэтай заганнай прывычкі. Што ж тут наракаць на мафію, калі нават пры даволі строгіх законах як у нашай, так і іншых краінах, на дарогах па-ранейшаму выяўляюць нямала п'яных за рулём.

Людзі бяруцца кіраваць машынай часам на добрым падпітку, бывае, гінуць самі або, што яшчэ горш, забіваюць іншых. Да гэтай пары не забываецца дарожнае здарэнне ў Брэсцкім раёне, сведкай якога давялося быць паўтара года таму. У аўтобус, які вёз дэпутатаў аблсавета на выязную сесію, на ўсёй хуткасці ўляцеў легкавік. Машыну вынесла на ўзбочыну і перакуліла некалькі разоў. Старэнькая іншамарка круцілася, нібы цацка ў анімацыйным фільме, і ўпала на дах уверх коламі. Кіроўцу выратавала тое, што машына падала і пераварочвалася па свежай раллі, поле нядаўна ўзаралі пасля ўборкі збожжавых. Аказалася, за рулём сядзеў малады чалавек, пазбаўлены правоў за нецвярозае кіраванне. Машына была такая пакарабачаная, што аднаўленню наўрад ці падлягала, а ён выбраўся з яе самастойна. У кашулі нарадзіўся — гаварылі шматлікія сведкі здарэння. Але так бывае далёка не з усімі.

Дарэчы, аварыі — таксама нярэдкая прычына страты нашых існых і патэнцыяльных бацькоў сямействаў. Пад Брэстам 31 студзеня загінуў 26-гадовы хлопец. На аўтамабілі «Аўдзі» ён уляцеў у паўпрычэп велікагруза, які стаяў на ўзбочыне. Ад машыны засталася груда металу і пластыку. А на выдзертым з мясам спідометры назаўсёды застыла стрэлка з адзнакай 140 кіламетраў. Куды спяшаўся? — рытарычнае пытанне. І гэта, на жаль, не максімальная мяжа хуткасці, якую перавышаюць нашы, асабліва маладыя, кіроўцы. Вучаць іх вучаць у аўташколах, камеры паўсюль стаяць на той жа трасе М1, дзе адбылася згаданая аварыя, а яны ўсё роўна шукаюць адрэналіну, ціснуць на газ ды адчуваюць асалоду ад хуткай язды... У выніку толькі адной аварыі грамадства пазбавілася маладога і перспектыўнага працаўніка і сямейніка, а родным назаўсёды дасталася гора ад страты.

Вораг-стрэс

Ну і яшчэ адна праблема, пра якую нельга не гаварыць. Перажыванні, стрэсы, незадаволенасць жыццём прыводзяць да розных захворванняў, а нярэдка да самагубства. Толькі адна параўнальная лічба: жанчыны ў Беларусі накладваюць на сябе рукі прыкладна ў пяць разоў радзей, чым мужчыны. Тут ужо час гвалт крычаць. Вось вам адна з карцінак жыцця, бяда напаткала далёкіх сваякоў маіх знаёмых. Хлопец жыў у адным з невялікіх райцэнтраў, тым з іх, якія цяпер часам называюць дэпрэсіўнымі з-за напружанай сітуацыі на рынку працы, адсутнасці перспектыўных прадпрыемстваў. Меў ён сярэднюю спецыяльную адукацыю. Працаваў то ў адным, то ў другім месцы, з-за некаторых праблем са здароўем цяжкую работу, напрыклад на будоўлі, не мог выконваць. Але ж аднаму хапала, жыў у кватэры бацькоў. Калі ажаніўся, паявілася дзіця, паўстала пытанне аб уласным жыллі. Жонка насядала браць крэдыт, ён не адважваўся, бо не меў упэўненасці ва ўласнай плацежаздольнасці. Жылі па-ранейшаму ў яго бацькоў. Паразуменне нявестка са свякроўкай не асабліва знаходзілі, але абедзве яго перыядычна пілавалі. Стаў выпіваць — найбольш каб зняць стрэс. А калі жонка заявіла, што яе цярпенне скончылася, яна з'язджае да сваіх бацькоў, яго знайшлі ў гаражы. У запісцы прасіў прабачэння, прасіў нікога не вінаваціць. Выпадак па цяперашнім часе дык ледзь не тыповы. «Але ж так быць не павінна!» — скажаце вы. І я пагаджуся, бо выйсця няма толькі з-пад вечка труны, у астатніх выпадках яно, як быццам, ёсць! Вось і тут можна было паспрабаваць нейкую ўласную справу, альбо пашукаць заробкаў не побач з домам. Але хіба з ім пра гэта гаварылі родныя жанчыны? А калі гаварылі, то чаму ён іх не пачуў? Выходзіць, кволы, уразлівы ўнутраны стрыжань у сучаснага пакалення галоў сямей, безабароннасць перад любымі жыццёвымі выпрабаваннямі... І нават у таго, хто не вырашае пытанне вось так радыкальна, як той жыхар райцэнтра, стрэс назапашваецца, нярэдка выбухае інфарктамі, інсультамі, іншымі немачамі. А да доктара нашы бацькі сямействаў часам прыходзяць, калі жонка ледзь не сілком прывалачэ. У каго няма жонкі, той яшчэ пазней трапіць у медустанову. Вось вам і няўмольная статыстыка.

Скажаце, нічога новага не сказала. Усё гэта мы даўно ведаем. Правільна, ведаем, але ж ці нагода — ведаць, сядзець і маўчаць ў анучку. Трэба хоць гаварыць, каб бацькі думалі над гэтым і размаўлялі ў сем'ях, асабліва з хлопчыкамі-падлеткамі, абмяркоўвалі гэту тэму, вучылі дзяцей берагчы здароўе. Не заўсёды, праўда, навука падае на жыватворчую глебу, але ж спрабаваць трэба. Сказана ж, стукайце, і вам адкрыецца. А што яшчэ застаецца? Хіба толькі вось... Як пісала гэтыя радкі, зайшоў калега, пацікавіўся над чым працую, калі адказала, вымавіў не без іроніі, але з пэўным выклікам: «Мала вы, жанчыны, любіце сваіх мужыкоў, вось мы і прападаем без пары». Спрачацца не стала, але гэта ўжо, як кажа вядучы адной тэлеперадачы, зусім іншая гісторыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Не прапасці без пары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.