Вы тут

«Ні камп'ютараў, ні грымёраў, і ўсё даводзілася рабіць з нуля»


Сёння Агенцтва тэлевізійных навін — гэта без перабольшвання брэнд якаснага эфірнага прадукту. Цяпер тут працуе каля 300 чалавек (а першапачаткова штат складаўся ўсяго з 15 супрацоўнікаў), сіламі якіх рыхтуюцца штодня выпускі навін, здымаюцца маштабныя спецпраекты, інфармацыйна-аналітычныя і цыклавыя праграмы, робяцца дакументальныя фільмы. Якія ж успаміны і адметныя эпізоды пакідае работа ў АТН у памяці тых, хто меў і мае дачыненне да стварэння разнастайных праектаў за 25 гадоў існавання гэтага падраздзялення Белтэлерадыёкампаніі.

Аляксандр Мартыненка, галоўны дырэктар тэлеканала «Беларусь 24»:

— Калі я прыйшоў у Агенцтва тэленавін намеснікам галоўнага рэдактара, то ў нас было 3-4 аператары, некалькі журналістаў і пішучыя машынкі. Ні камп'ютараў, ні грымёраў, і ўсё, можна сказаць, даводзілася рабіць з нуля. То быў час, калі ў нас існаваў адзін беларускі канал, які глядзелі ўсе. І перад намі паставілі задачу зрабіць цікавыя, сучасныя праграмы навін, у той час як мяняліся тэлевізійныя пакаленні, школы і з'яўляліся новыя правілы гульні на інфармацыйным рынку. Такі быў пачатак... Я да прыходу на тэлебачанне працаваў на радыё, таму ўсё ж даводзілася перастройвацца, у многіх рэчах разбірацца і многаму вучыцца. Тады таксама мы не мелі і мабільных тэлефонаў, і як патрэбна было тэрмінова знайсці журналіста, то шукалі яго па стацыянарных тэлефонах, праз знаёмых. Асабліва складана было ў выхадныя дні. Памятаю, неяк склалася так, што на працягу тыдня, а то і болей я быў адзіным вядучым усіх выпускаў навін ад ранішніх да выніковага начнога і нават сам сябе грыміраваў. Безумоўна, пераглядаючы тыя выпускі, разумею, які быў няпросты час. Цяпер мы знаходзімся ў зусім іншых умовах. Успамінаецца і перыяд, калі ўсё пачало больш дынамічна змяняцца. Мяне тады прызначылі кіраўніком АТН, і мы з камандай стварылі і выбудавалі паўнавартасны замкнёны цыкл тэлевытворчасці, якой яна сёння і ёсць — ад здымак сюжэта, мантажу, графічнага афармлення і выдачы яго ў эфір. Зараз каманда Агенцтва тэлевізійных навін працуе ў самай сучаснай студыі і мае сучасную тэхніку, але галоўнае, што касцяк людзей, якія ствараюць тэлевізійны прадукт, захаваўся. Радуе, што захоўваецца цяперашнімі прафесіяналамі ўсё тое, над чым працавалі да іх, але разам з тым удасканальваецца і адпавядае сённяшняму дню.

Вольга Мядзведзь, карэспандэнт АТН, вядучая праграм «Навіны рэгіёна», «НЕ:ИТОГИ»:

— Быць у камандзе АТН — вельмі цікава і заўсёды непрадказальна. Прачынаешся раніцай з аднымі планамі, а потым усё змяняецца ў адно імгненне. Са мной асабіста ўсякае здараецца на праграме «Навіны рэгіёна». Літаральна 31 снежня прыйшла ў студыю са спадзяваннем на лёгкі эфір, а ён аказаўся самым складаным за ўвесь час маёй работы на тэлебачанні. Перад выпускам мы вырашылі памяняць камеры, зрабіць святочны план з ёлкай. Але ж падчас эфіру я неяк разгубілася, не адразу сарыентавалася і не змагла прачытаць слова «пухнатыя», узнікла паўза ў эфіры, хоць я сама рэдагавала тэкст карэспандэнта напярэдадні. І ў тым жа выпуску мая калега не паспела даслаць сюжэт на эфір... Я агучваю падводку, а мне ў навушнік кажуць, што сюжэт то ляціць, то не ляціць. Я ў паніцы, але чую, што трэба прачытаць іншую відэаінфармацыю, а потым зноў падводзіць да навіны па-новай, імправізаваць. Неяк выкруцілася, але калі са студыі выйшла ў мяне яшчэ доўга дрыжалі рукі. Кожная з такіх сітуацый загартоўвае нас. Дзякуючы сваёй рабоце, я магу апынуцца там, дзе можа ніколі б і не пабывала. Дзеля кадра як журналісты, так і аператары часам ідуць на нечаканыя нават для сябе ўчынкі. Год назад я, напрыклад, апынулася ў ліку тых, хто на здымках роліка зімою ў плюс адзін гуляў у валейбол у адным купальніку, а холадна было так, што мы па мячы трапіць не маглі. Здараецца шмат самых розных сітуацый, якія не запланаваныя, але затое ёсць што ўспомніць і будзе што ўнукам распавесці.

Аляксандр Харавец, кіраўнік адзела рэпарцёраў:

— Усё АТН — гэта як сэрца, дзе кожны з аддзелаў працуе на тое, каб яно білася. І наш аддзел таксама з такіх. Я год назад стаў кіраўніком гэтага падраздзялення, і па першым часе такія перамены былі, нібыта ўзнікла новая сям'я, але ніхто не ведае, што іх чакае за паваротам. Для мяне мая каманда таксама сям'я, дзе кожны з'яўляецца асобай са сваім характарам, настроем, што патрабуе індывідуальнага падыходу. Калі ж яго ўдаецца знайсці, то пачынае працаваць вялікі механізм, і класна, што ты ў кожным чалавеку можаш быць упэўнены, як у самім сабе, якое б заданне яму не даў. Да прыходу на пасаду кіраўніка я быў спецыяльным карэспандэнтам у аддзеле рэгіёнаў. Там аб'ездзіў усю Мінскую вобласць і змог пазнаёміцца з работай самых розных сфер дзейнасці. Што дазваляе і да сённяшняга дня трымаць руку на пульсе падзей. Зразумела, у нашай працы хапае ўсяго. Бывае, перад эфірам журналіст забыў флэшку і ты прыдумваеш выйсце з сітуацыі. Ці вечарам у 11 гадзін табе трэба знайсці чалавека, які паедзе рабіць эксклюзіўны сюжэт, бо нельга, каб нехта паспеў расказаць пра навіну раней за нас. Але галоўнае, каб ніякія казусы і форс-мажоры не сарвалі выпуск. Аднак для мяне работа ў АТН — гэта тое, чым я жыву і дзякуючы чаму разумею, дзеля чаго прачынаюся штодня. І вельмі важна, што мая сям'я мяне падтрымлівае. Ведаеце, я, мабыць, часам раздражняю сваіх калег, калі кажу, што мы адна каманда. Безумоўна, нават калі ўявіць, што кожны з нас толькі вінцік, але як усе разам мы працуем зладжана, то заводзім вялізны механізм. І мне хочацца пажадаць усім нам заставацца адзінай камандай, дзе ты ўпэўнены ў кожным, хто стаіць перад ці за табой, ці то аператар, ці кіроўца, з якім едзеш на здымкі. Тады ўсё ў нас будзе!

Вікторыя Сянкевіч, намеснік дырэктара АТН:

— Для мяне Агенцтва тэлевізійных навін — большая частка майго жыцця, дзе ёсць драйв, ночы без сну, але ўсё гэта робіць мяне шчаслівай. Як і кожны супрацоўнік агенцтва, я ўніверсальны салдат, бо была і вядучай «Панарамы», «Галоўнага эфіру», рабіла фільмы і спецыяльныя праекты, здымала сюжэты, выступала ў ролі прадзюсара, каментатара на прамых эфірах. Аднак тое, чым я і кожны з нас займаецца, — для нас любімая справа. Мы можам недасыпаць, рэдка бачыцца з блізкімі людзьмі, забываць паесці, але пачуццё, што ты займаешся штодня любімай работай, ні з чым не параўнаць.

АТН рабілі і ствараюць энтузіясты. Для нас галоўнае не прэстыж, узнагароды ці матэрыяльнае ўзнагароджанне, бо мы «хварэем» сваёй справай. Калі казаць пра каманду, з якой зараз працуем, то варта адзначыць, што ўсё наша кіраўніцтва выйшла з нізоў, з рэпарцёраў. І вялікая ўдача працаваць сярод людзей, што разумеюць цябе з паўслова, для якіх галоўнай каштоўнасцю з'яўляюцца эфір і якасны кантэнт.

Акрамя выпускаў навін, мы робім шмат іншых праектаў. Лічу, у гэтым наша вялікая перавага на беларускім рынку перад іншымі інфармацыйнымі агенцтвамі. Мне складана выдзеліць нешта з нашых спецыяльных праектаў, вялікіх фільмаў, таму што кожны год мы прыдумваем штосьці новае і ўсё маштабней рэалізоўваем свае ідэі. Калі казаць пра 2020-ы, то не буду прыадкрываць таямніцы, бо гэты год, хоць і юбілейны для нас, але такі ж напружаны, як і мінулыя. Прыйдзе час, і мы пра ўсё раскажам і пакажам!

Алена ДРАПКО

Фота з асабістага архіва герояў

Загаловак у газеце: АТН: першыя ў тэлеэфіры

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».