Вы тут

Чым цікавы этнаграфічны музей у Мастоўскім раёне?


Музей у вёсцы Гудзевічы, што ў Мастоўскім раёне, мне ўпершыню давялося наведаць каля дзесяці гадоў таму. Тады экскурсію правёў сам заснавальнік музея, апантаны сваёй справай чалавек, былы настаўнік Алесь Белакоз. Гэта яго намаганнямі невялікая вёска ўдалечыні ад трасы атрымала паўстагоддзя таму вельмі цікавы этнаграфічны аб'ект. Асабліва ўразіла беларуская хатка з саламяным дахам і інтэр'ерам сялянскага дома ХІХ стагоддзя.

Чарговае наведванне парадавала новым выглядам — музей нібы атрымаў другое нараджэнне. Зроблены рамонт, пашырылася экспазіцыя, распрацаваны анімацыйныя праграмы. Разам з тым выклікаў неразуменне выгляд этнаграфічнай хаткі — яе саламяны дах чамусьці замянілі на сучасны шыфер..


Калі час бярэ сваё

Музей у Гудзевічах можна назваць міні-комплексам. Ён складаецца з асноўнага будынка, дзе раней была школа, і старой хаткі — яе перавезлі з суседняй вёскі. Справа пачыналася са школьнага музея, які 50 гадоў таму стварыў мясцовы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Белакоз. Новы комплекс быў дабудаваны пазней. Тады ж на тэрыторыі музея з'явілася і драўляная хатка, а з 1990 года ён набыў статус дзяржаўнага і пастаянна папаўняўся.

Тут шмат унікальных экспанатаў. Напрыклад, выданне Францішка Багушэвіча 1896 года «Дудка беларуская» і яго арыгінальны здымак ХІХ стагоддзя. Захоўваецца тут аўтаручка Уладзіміра Караткевіча. Кажуць, што менавіта ёй пісаўся раман «Каласы пад сярпом тваім». Можна ўбачыць буквар 1918 года пад рэдакцыяй Алесі Смоліч, беларускамоўны глобус з віленскай гімназіі, сапраўдны маніфест ад адмене прыгоннага права... У асобным пакоі — рэчы, якімі славіліся беларускія майстрыхі. Ёсць залы народнай медыцыны, льну і нават каштоўных выкапняў.

Памятаю, што ўразіў вялікі драўляны човен, які стаяў у калідоры музея. Нехта яшчэ казаў, што ён вельмі старажытны, амаль што з паганскіх часоў. Можа і так, але не толькі экспанаты здзівілі, а і сам стан музея. Па ўсім было відаць, што памяшканні патрабуюць рамонту: столь працякала, вапна абсыпалася, фарба на падлозе сцёрлася. Пакідала я музей з супярэчлівым пачуццём. З аднаго боку — багатая скарбніца ўнікальных здабыткаў беларускай гісторыі і мясцовага краю, з другога — запусценне будынка.

Акцэнт на этнічным каларыце

Нядаўні прыезд у музей прыемна ўразіў. Многае аднавілася. Як расказала дырэктар музея Вікторыя ПАЛОЙКА, тут праведзены вельмі якасны рамонт, з'явіліся зона гардэроба, санвузлы, сувенірная крама. Залы набылі дызайнерскае афармленне, распрацаваны анімацыйныя праграмы, створаны праграмы для інфармавання музеяў Беларусі і Польшчы. Закуплены новыя экспанаты, у тым ліку стылізаваныя жаночыя касцюмы, якія насілі даўней сялянкі. На ўсё разам было выдаткавана 200 тысяч еўра: менавіта столькі сродкаў атрымаў музей у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Польшча — Беларусь — Украіна. Мэта якога — павялічыць прывабнасць рэгіёна памежжа праз этнічную культуру, як мага паўней выкарыстаць мясцовыя асаблівасці. А па тыя не трэба далёка хадзіць.

Унікальная тутэйшая асаблівасць — падвойнае ткацтва. Дырэктар музея звяртае ўвагу на калекцыю падвойных дываноў — гэта самая вялікая экспазіцыя такога кшталту экспанатаў. Па яе словах, старажытны дыван 1898 года — амаль што адзіны ў краіне. Сама тэхналогія такога ткацтва нават стала нацыянальным здабыткам і ўнесена ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. У Гудзевічах гэтае майстэрства можна ўбачыць не толькі ў музеі, але і звычайным жыцці. Менавіта жыхарка вёскі Вера Белакоз (жонка стваральніка музея) захавала гэта майстэрства.

Народная майстрыха і цяпер, хоць і мае даволі сталы ўзрост, часта наведвае музей, праводзіць майстар-класы. Пераймаць вопыт захавальніцы ўнікальнага рамяства прыязджаюць умельцы з усёй Беларусі.

Дзе саламяны дах?

І ўсё ж захоўваць аўтэнтычны фармат не ўдаецца. У вочы кінуўся даволі рэзкі дысананс мінулага і сучаснага. Калі раней драўляная хатка была накрыта саломай, дык цяпер на ёй нехарактэрны для такога будынка шыфер. Ад гэтага вобраз этнаказкі неяк губляецца. У чым тут рэч?

Дырэктар музея расказала, што сёлета дах стаў асыпацца, з'явіліся дзіркі, таму салому давялося зняць. Але ў будучым шыфер зноў накрыюць саломай.

— Калі музей быў пабудаваны, яшчэ былі майстры, якія ўмелі вязаць паркі — спецыяльныя снапы, бо гэта таксама цэлая навука. Прычым салома павінна быць вырашчана толькі на арганіцы. Мінеральныя ўгнаенні робяць яе ломкай, і калі вяжацца парка, салома ломіцца і доўга не ляжыць, — тлумачыць Вікторыя Палойка.

Калі хатку ў 80-х гадах мінулага стагоддзя перанеслі з суседняй вёскі, яе накрылі саломай. Але потым знізу паклалі шыфер, бо стала працякаць. Пры такой тэхналогіі яе трэба часта мяняць, бо яна не «дыхае», парыцца. Саламяны дах усё ж будзе, запэўнілі ў музеі, магчыма, налета. Але гэта няпросты працэс, які патрабуе даволі карпатлівай працы.

Пакуль этнаказцы больш адпавядае ўнутраны антураж хаткі. Тут сустракаецца самая сапраўдная аўтэнтыка — і драўляныя чаравікі, і розны рыштунак для печы, дзе раней гатавалася ежа. Збаны, саламяныя скрыні для захоўвання збожжа, мэбля — усім гэтым карысталася не адно пакаленне.

Захаваць здабыткі

Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей прапануе не толькі «застылую» гісторыю. Тут праводзяць розныя народныя святы і абрады, рыхтуюць анімацыйныя праграмы. Напрыклад, на Масленіцу частуюць блінамі, ёсць праграмы «У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі», на Каляды таксама ладзяць забавы. Але ці хапае намаганняў, каб цікавы этнаграфічны куток не абміналі турысты?

Як аказалася, вялікі мінус — геаграфічнае становішча вёскі. У гэтым сэнсе славутаму музею не пашанцавала. Гудзевічы знаходзяцца ўдалечыні ад ажыўленых магістраляў, і, каб трапіць сюды, трэба значна збочыць з іх. Праўда, падчас рэалізацыі праекта тут быў сапраўдны турыстычны бум, да таго ж і мясцовая адукацыя спрыяла развіццю ўнутраных экскурсій. Цяпер назіраецца экскурсійны спад, хоць у музеі з дапамогай мясцовых улад мяркуюць не зніжаць узнятую планку.

— Мы стараемся наладзіць стасункі з турыстычнымі фірмамі, але гэта складана, бо вёска, можна сказаць, нетранзітная. Ад нас да трасы Гродна — Ваўкавыск 12 кіламетраў, калі ехаць на Бераставіцу — таксама не па дарозе. Таму мы так арганізуем турыстычны маршрут, каб ахапіць і гэтыя населеныя пункты, — расказвае старшыня Гудзевіцкага сельскага Савета Кацярына БАСІНСКАЯ.

Праўда, маршрут не падыходзіць для бязвізавых турыстаў: калі Ваўкавыскі і Бераставіцкі раёны нядаўна ўвайшлі ў бязвізавую зону, дык Мастоўскі аказаўся па-за яе межамі. Такім чынам, у Гудзевічах больш разлічваюць на ўнутраны турызм. Ва ўсякім выпадку, тут абяцаюць добра сустрэць кожнага наведвальніка, а ў кавярні можна арганізаваць абед для турыстаў. Многія, хто прыязджае з іншых рэгіёнаў краіны, гэтым карыстаюцца. Летась тут пабывала 8,5 тысячы чалавек, у асноўным навучэнцы з розных гарадоў.

Плюс «зялёны» турызм

Гудзевічы з іх музеем уваходзяць у некалькі турыстычных маршрутаў Мастоўскага раёна. Па словах дырэктара турыстычнай фірмы Ларысы Ваўчок, музей з задавальненнем наведваюць замежнікі, схільныя да настальгіі, і гэты кірунак мае добрыя перспектывы:

— Цяпер запатрабаваны настальгічны яўрэйскі турызм. Сюды прыязджаюць людзі, якія ганарацца сваімі каранямі. Напрыклад, у Лунне ёсць цікавы музей з экспазіцыяй польскага мастака Эдварда Ромера, які апошнія гады жыў тут, а яго карціны захоўваюцца па ўсёй Еўропе. Таксама засталося нямала яўрэйскіх домікаў.

З перспектыўных кірункаў — экалагічны, ці «зялёны», турызм. Адна з галоўных асаблівасцяў гэтай мясцовасці — вельмі прыгожая прырода. Тут знаходзіцца заказнік «Ліпічанская пушча» з рэдкімі раслінамі і жывёламі. Апошнім часам «ціхае» паляванне таксама вельмі папулярнае, некаторыя турфірмы прапануюць актыўны адпачынак, сплавы, велатурызм.

Для тых, хто вандруе па наваколлі, вядома ж, не складзе асаблівай цяжкасці завярнуць і ў Гудзевічы. Тым больш работнікі мясцовага музея захоўваюць не толькі старажытныя экспанаты, але і сакавітую беларускую мову.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Этнаказка нетранзітнай вёскі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».