Вы тут

Паміж бізнесам і ўладай павінна быць спрыяльнае асяроддзе


Поспехі і праблемы развіцця малога і сярэдняга бізнесу прааналізавалі ўдзельнікі пасяджэння Мінскага абласнога Савета па развіцці прадпрымальніцтва.


Мінская вобласць трэці год запар прызнаецца самым спрыяльным рэгіёнам Беларусі для вядзення малога і сярэдняга бізнесу. Удзельная вага валавога дабаўленага кошту, што фарміруецца суб'ектамі гэтага сектара эканомікі, складае больш за 33 %. У 2020-м яна плануецца на ўзроўні каля 34,2 %.

— Апошнім часам актывізаваліся саветы па развіцці прадпрымальніцтва ў Мінскай вобласці. Такія структуры створаны ў кожным раёне. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача дасягнуць 100 мільярдаў долараў унутранага валавога прадукту ў 2025 годзе. Малы і сярэдні бізнес — адзін з лакаматываў выканання гэтага паказчыка, — упэўнены намеснік старшыні Мінскага абласнога Савета па развіцці прадпрымальніцтва, генеральны дырэктар ЗАТ «МАП» ЗАТ» Сяргей Найдовіч. — Наша вялікае жаданне, каб развіваліся аддаленыя ад сталіцы раёны — Крупскі, Старадарожскі, Бярэзінскі, каб там з'яўляліся новыя прадпрыемствы, у першую чаргу прамысловыя. У раёнах сфарміраваны зямельныя ўчасткі пад інвестыцыйныя дагаворы, якія можна заключаць у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта № 10 з пэўным наборам ільгот. Актыўна развіваецца свабодная эканамічная зона «Мінск», з'явяцца інвестыцыйныя пляцоўкі ў Чаркасах Дзяржынскага раёна, запланаваны грашовыя сродкі для падрыхтоўкі інфраструктуры ў Жодзіне. Мы гатовыя разглядаць усе прапановы бізнесу па любых пытаннях.

Больш за 70 % малога і сярэдняга бізнесу на Міншчыне занята ў сферы паслуг, у тым ліку каля 30 % — у гандлі. Сёлета найбуйнейшыя гандлёвыя сеткі пабудуюць аб'екты ў Смалявіцкім, Барысаўскім раёнах, Крупках, Чэрвені. Што датычыцца прамысловай вытворчасці, то тут сканцэнтравана 9,3 %, у будаўніцтве — крыху больш за 8 %, у сельскай і лясной гаспадарцы — 3,3 %.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук падкрэсліў, што ў Мінскай вобласці за студзень—кастрычнік 2019 года зарэгістравана 1468 юрыдычных асоб і 5438 індывідуальных прадпрымальнікаў. На Міншчыне працуюць сем інкубатараў малога бізнесу, сямнаццаць цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва. У перспектыве такія з'явяцца ў Барысаўскім, Уздзенскім, Маладзечанскім раёнах.

Разам з тым на пасяджэнні агучылі і праблемы, з якімі сутыкаюцца бізнесмены. Напрыклад, складана змяніць мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка. Часам для гэтага патрабуецца рашэнне Прэзідэнта. «Прадаём, напрыклад, недабудаваную бальніцу, неабходна адразу ж папярэджваць пакупніка аб яе мэтавым выкарыстанні», — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

Яшчэ адна праблема — патрабаванне распрацаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі будынка. Часта бывае, што гэта старыя аб'екты, якія не адпавядаюць сучасным нормам. Пакупніку нявыгадна вырабляць дакументацыю, якая абыходзіцца дорага. Прасцей знесці памяшканне і пабудаваць новае.

— У мяне асноўнае патрабаванне да райвыканкамаў — абапірацца на літару закону. Але бываюць выпадкі, калі трэба прымаць нестандартныя рашэнні. Галоўнае — пазбавіцца ад суб'ектывізму ў рабоце, нельга кіравацца прынцыпам «не хачу — значыць, працягваць дагавор не буду». На такія факты пры іх наяўнасці буду вельмі жорстка рэагаваць. Паміж бізнесам і ўладамі павінны быць прыязныя адносіны, спрыяльнае асяроддзе. З гэтага пасылу мы будзем будаваць работу і падтрымліваць ініцыятывы ў любым кірунку, — падкрэсліў губернатар. — Многія праблемы неабходна вырашаць на мясцовым узроўні. Яны не павінны даходзіць да ўрада, нават падымацца да ўзроўню аблвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: scientificrussia.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».